Алесь Чахольскі дамогся адмены штрафу за мітынг у Курапатах
Алесю Чахольскаму з КХП–БНФ адмянілі штраф у 30 базавых велічынь, які Фрунзенскі раённы суд вынес актывісту за мітынг у Курапатах 3 сакавіка.
Рашэнне адмяніць штраф і перадаць справу на новы разгляд у той жа Фрунзенскі раённы суд 13 чэрвеня вынес суддзя Менскага гарсуду Алег Зямцоў.
«Падчас разгляду маёй справы ў Фрунзенскім раённым судзе было шмат працэсуальных парушэнняў, на іх я ўказаў падчас разгляду скаргі. Для мяне нечакана, што суддзя прыслухаўся да маіх довадаў, хоць не выключаю, што новы разгляд справы дасць іншы вынік, але і тое добра», — сказаў у каментары для “Радыё Свабода” Алесь Чахольскі.
3 сакавіка побач з Курапатамі адбыўся мітынг з нагоды рашэння фірмы- забудоўніка адмовіцца ад узвядзення тут офіснага будынку. Пазней шмат каго з удзельнікаў пратэставага лагера і тых, хто прыехаў на мітынг, пакаралі штрафамі, лідараў абароны Змітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага арыштавалі.
Актывіст КХП БНФ Алесь Чахольскі — адзін з тых, хто аспрэчыў пастанову раённага суда адносна акцыі ў Курапатах у мінскім гарадскім судзе.
У лютым Алесь Чахольскі быў першым, хто паведаміў “Радыё Свабода”, што побач з Курапатамі пачалася будоўля офіснага цэнтру. Неўзабаве да асвятленьня падзей вакол будоўлі каля Курапатаў падключыліся іншыя СМІ, пачаліся стыхійныя акцыі пратэсту грамадскіх актывістаў і простых грамадзянаў, побач з будоўляй узнік лагер абаронцаў Курапат.
2 сакавіка стала вядома, што будоўля офіснага цэнтру прыпыняецца, праз дзень забудоўнікі ўвогуле адмовіліся ад будоўлі.