Алега Волчака зноў хочуць пакараць за Марш абураных беларусаў
Алега Волчака зноў хочуць пакараць за Марш абураных беларусаў. У Мінску трэці раз у судзе разглядаюць справу, звязаную з першым пратэстам недармаедаў.
Юрыста Алега Волчака ўжо трэці раз спрабуюць пакараць за ўдзел у Маршы абураных беларусаў, які адбыўся 17 лютага.
Напярэдадні акцыі Волчак заяўляў у эфіры “БЕЛСАТА”, што «дапамагчы адмяніць дэкрэт змогуць толькі вулічныя акцыі». Гэтак, у прынцыпе, і атрымалася: пасля серыі «Маршаў недармаедаў» улады прыпынілі спагнанне падатку да канца года.
21 сакавіка кіраўніка праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» асудзілі на 13 сутак арышту, але засадзіць Алега Волчака не ўдалося — праваабаронца быў у Кіеве, дзе і зарэгістраваная ягоная арганізацыя.
Алег Волчак называе гэтыя суды пераследам.
“Гэта помста за Дэкрэт №3, за тое, што наша арганізацыя паўтара года вядзе працу па гэтай праблеме”, — заяўляе Волчак.
Пасля скаргі Алега Волчака Гарадскі суд адправіў справу на паўторны разгляд. 2 мая адбылося чарговае пасяджэнне, на якое не запрасілі ні падсуднага, ні адваката, ні нават сведкаў-міліцыянтаў. Аднак гэта не перашкодзіла яшчэ раз прысудзіць Алегу Волчак 13 сутак арышту. Цяпер, пасля новай скаргі, справу разглядаюць трэці раз.