Актывіст балгарскай неанацысцкай партыі просіць палітычнага прытулку ў Беларусі

Актывіст балгарскай нацыяналістычнай партыі «Атака» Марыё Пунчаў просіць даць яму палітычнае прытулку ў Беларусі. Ён звярнуўся да старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргея Гайдукевіча з просьбай аказаць яму ў гэтым садзейнічанне, паведамляе прэс-служба ЛДП. 



punczau.jpg

Зварот балгарскага актывіста на імя Аляксандра Лукашэнкі ЛДП накіравала ў Адміністрацыю прэзідэнта. 
У лісце Лукашэнку 52-гадовы Пунчаў піша, што з'яўляецца «адным з заснавальнікаў нацыяналістычнай і патрыятычнай партыі «Атака», цяпер у партыі фінансавыя праблемы і ён застаўся без працы. «Я ўжо дзесяць гадоў абараняю няўдзел Балгарыі ў Еўрасаюзе і НАТО. Я шмат разоў выступаў за прыняцце Балгарыі ў Еўразійскі саюз. Праўрадавы палітычны клас у Балгарыі поўнасцю падначалены Еўрасаюзу і Амерыцы, таму мне кажуць, што я з «Атакі», а таму мяне не могуць прымаць у дзяржаўныя і прыватныя структуры. Магу сказаць, гэта татальная дыскрымінацыя. У маёй жонкі закрылі дробны бізнес… Усіх, хто выступае ў абарону Еўразійскага саюза і дружбу з Расіяй і Беларуссю, у Балгарыі чакаюць непрыемнасці. Я не хачу жыць у краіне, у якой дыскрымінуюць іншадумцаў», — напісаў Пунчаў. 
Ён адзначыў, што сам і яго жонка сімпатызуюць Беларусі і Лукашэнку. «Мне надакучыла жыць у калоніі ЕС і ЗША. Я і мая сям'я жадаем жыць у нармальнай краіне, дзе будуць паважаць нашы погляды, палітычныя і на жыццё… Таму я прашу палітычнага прыстанішча, паважаны спадар прэзідэнт, для мяне і маёй жонкі ў Рэспубліцы Беларусь, рэспубліцы свабоды», — звярнуўся Пунчаў да Лукашэнкі. 
«Атака» — балгарская нацыяналістычная партыя, заснаваная ў 2005 годзе. Сярод патрабаванняў партыі — нацыяналізацыя ўсіх прыватных кампаній, выхад з НАТО і ЕС, прызнанне праваслаўя як афіцыйнай рэлігіі, аднаўленне добрых адносін з Расіяй.
БелаПАН