«Афіцэр на мне прадэманстраваў, як зэка ставіць у стойку». Медык выйшаў вынесці смецце — і трапіў у аўтазак
Лекар адной з баранавіцкіх медустаноў вечарам 10 жніўня выйшаў вынесці смецце і... аказаўся ў аўтазаку.
Мужчына распавёў Intex-press гісторыю свайго затрымання, як яго выкарыстоўвалі ў якасці «навучальнага дапаможніка» ў СІЗА і на якія пытанні ён дагэтуль так і не можа знайсці адказы.
Дзяніса сілавікі затрымалі на другі дзень вулічных пратэстаў — 10 жніўня. Жыве ён у цэнтры горада, і ўвечары, каля 20.00, пайшоў вынесці смецце.
— Я быў у майцы, шортах і кедах. Калі вяртаўся да дома, убачыў жанчыну, якая плакала. Прайсці міма я не мог: раптам у чалавека бяда якая. Падышоў да яе, спытаў, чаму яна плача. Жанчына распавяла, што плача з-за таго, што на вуліцах горада затрымліваюць людзей. Усвядоміўшы, што тут я нічым не змагу дапамагчы, развярнуўся і толькі накіраваўся да пад'езда, як ззаду на мяне наляцелі чалавек шэсць — дакладна не памятаю, ударылі па галаве і па назе, заламалі рукі і пацягнулі да аўтазака, — прыгадвае той вечар Дзяніс. — Яны былі ў вайсковай форме, без апазнавальных знакаў, у балаклавах. Па голасе гэта былі зусім маладыя хлопцы.
У аўтазаку, кажа Дзяніс, знаходзілася шмат людзей і было вельмі горача. Праз некаторы час іх кудысьці павезлі. Дзяніс успамінае, што па дарозе пастаянна званілі тэлефоны, якія забралі ў затрыманых.
— Я не разумеў, як такое магчыма, каб хлопцы, якія павінны абараняць людзей, хаваліся па пад'ездах і за сметніцамі ды хапалі гараджан цішком. Хіба гэта не ганебна? — здзіўляецца медработнік.
«Яны размаўлялі менавіта матам»
Дзяніса разам з усімі даставілі ў СІЗА №6 г. Баранавічы. Там, паводле яго слоў, іх правялі праз «жывы» калідор-сілавікі білі дубінкамі па шчытах, а потым ганялі ўсіх з камеры ў камеру.
— Мяне ўразіла тое, як размаўлялі з намі. Як з быдлам: агрэсіўна, з мацюкамі, з пагрозай расправы. Яны не размаўлялі на рускай мове, яны размаўлялі менавіта матам. І гэта было дзіка, — кажа Дзяніс.
Пасля прагону ўсіх затрыманых, у тым ліку і Дзяніса, пачалі разводзіць па камерах. І не вытрымаўшы, Дзяніс заявіў аднаму з канваіраў: «Ды як вы можаце так здзекавацца?! Я лекар!»
— Але чалавек у форме груба адказаў: «Мне ўсё роўна». Ён ударыў мяне пад калена і сказаў: «Яму дастаткова». Я спытаў, на колькі садзяць, у адказ пачуў «на трое сутак». Пасля гэтага здзекавацца з мяне перасталі. А суд, які адбыўся 12 жніўня, я амаль не запомніў. Памятаю толькі, што па паперах я знаходзіўся на Камсамольскай, 3, выказваў непавагу да супрацоўнікаў міліцыі, супраціўляўся. Я нічога не спрабаваў растлумачыць, мне проста хацелася выйсці адтуль як мага хутчэй, — успамінае лекар.
Выпусцілі Дзяніса адразу пасля суда са штрафам у 10 базавых.
Больш за ўсё ў памяць, па словах медыка, урэзалася тое, як у СІЗА яго выкарыстоўвалі ў якасці навучальнага дапаможніка:
— Адзін з афіцэраў на мне прадэманстраваў сваім маладым супрацоўнікам, як трэба правільна зэка ставіць у стойку. І пры гэтым сказаў мне: «Беражы акуляры».
Гэта было вельмі зневажальна. Бо я не злачынец!
«Адкуль такая агрэсія?»
Лекар кажа, што да гэтага часу не можа знайсці адказы на многія пытанні, якія не выходзяць у яго з галавы. Ён не разумее, для чаго трэба было хапаць усіх запар.
— Было абвешчана ваеннае становішча? Не. Дык чаму ў сваім горадзе людзі не могуць знаходзіцца там, дзе хочуць? Я не рабіў нічога і не выказваў нічога супрацьзаконнага! Я проста выйшаў вынесці смецце! Калі б было сказана, што пасля 20.00 уведзеная каменданцкая гадзіна і ўсіх, хто яе парушае, арыштуюць, я б нікуды не хадзіў. Але такога ж не было. Я свабодны чалавек — магу смецце выносіць, магу проста дзесьці стаяць. За што мяне затрымліваць?! Ды мне маглі проста сказаць: «Сыдзі адсюль!» — і я б сышоў!
Не разумее Дзяніс і чым абгрунтавана такая жорсткасць сілавікоў да звычайным людзей.
— У іх праблемы ўва ўзаемастасунках, што такая агрэсія да людзей? У іх сэксуальныя праблемы? Яны ж адукаваныя, напэўна, людзі. У нас, па-мойму, няма гарачых кропак, пасля якіх салдаты маглі б станавіцца такімі агрэсіўнымі. Што магло гэтых маладых людзей так скалечыць унутры? Я сам працую з рознымі людзьмі, трапляюцца і агрэсіўныя, многае бачыў па працы, у тым ліку і смерці, але гэта ж мяне не зламала, і агрэсіўнейшым і больш жорсткім ад гэтага я не стаў, — кажа ён. — Чаму яны так сябе паводзяць? Мы не адрозніваемся ад іх па расавай прыкмеце, фізічна або арыентацыяй. Нішто. Дый гэта не дае права так ставіцца да людзей. Нянавісць павінна быць абгрунтаваная, а ў іх яна проста ёсць. І ў чым яе прычына, я не магу адказаць сабе да гэтага часу… Проста загад? Тады я не ведаю, як і хто так працуе з сілавікамі, што ў іх спрэс адсутнічае здаровы сэнс і столькі нянавісці. Каб біць людзей, шмат розуму не трэба. Атрымліваецца, што гэтыя людзі больш нічога не ўмеюць рабіць, акрамя як біць іншых людзей?
Дзяніс адзначае, яму было вельмі прыемна, што ўсе, хто ведаў пра ягоную сітуацыю, падтрымлівалі. А яшчэ ён расчараваўся ва ўсёй праваахоўнай структуры.
— Я шмат чаго зрабіў, заўсёды імкнуся якасна выконваць сваю працу. Лічу, што я — добры чалавек, добры спецыяліст, і мне не важна, хто перада мной. Але, як аказалася, у нашай дзяржаве я нічога не значу, — кажа ён. — Нядаўна пачуў, што быццам я збіраюся помсціць сваім крыўдзіцелям. Я не збіраюся ладзіць нейкую вендэту, бо ведаю: дрэнным вернецца дрэннае, а добрым — добрае.
Паводле www.intex-press.by