Абраныя лаўрэаты прэміі імя Віктара Сырыцы
Праекты «Жывая мова» і ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863 года сталі ў гэтым годзе лаўрэатамі прэміі імя Віктара Сырыцы.
«Прэмія імя Віктара Сырыцы паўстала ў 2016 годзе. Віктар Сырыца — вядомы чалавек, думаю не толькі ў Баранавічах, дзе ён жыў, узначальваў гарадскую суполку Руху „За Свабоду“, ТБМ, аб’ядноўваў вялікую колькасць мясцовых актывістаў, аўтар, ініцыятар шматлікіх мерапрыемстваў, канферэнцый, Мілавідскага фэстывалю. Пасля ягонай смерці Рух прыняў рашэнне заснаваць прэмію ягонага імя», — нагадаў старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
Па ягоных словах, на сёння існуюць дзясяткі ініцыятываў, якія можна параўнаць па ступені значнасці з тым, што адбываецца на нацыянальным узроўні. «Сёння на слыху Мінск, але людзі ў малых мястэчках робяць важную справу, якая аб’ядноўвае дзясяткі людзей і гэта па маштабах тое ж, што і сотні ці тысячы ў Мінску», — падкрэсліў старшыня Руху.
«Задача прэміі — падтрымка добрых ініцыятываў, вартых увагі. У гэтым годзе ў выніку галасавання Рады Руху „За Свабоду“ лаўрэатамі сталі арганізатары дзвюх ініцыятываў — з Полацка Вольга Дамаскіна („Жывая мова“) і з Лідчыны Вітольд Ашурак, Валер Мінец і Сяргей Пантус (ушанаванне памяці паўстанцаў 1863 года)», — сказаў Губарэвіч.
Падзякаваў за ўзнагароду Вітольд Ашурак.
«Надалей мы плануем працягваць быць актыўнымі, настырнымі. Можа, і смешна прагучыць, але наспеў час дэкамунізацыі, і мы плануем у нашым асяродку рабіць усё, каб здзейсніць гэтую мэту. Можа, гэта грандыёзная ідэя, але трэба быць рэалістамі і ставіць немагчымыя задачы», — упэўнены Ашурак.
«Калі ствараўся праект „Жывая мова“, мы не думалі пра нейкія ўзнагароды, рабілі яе для грамадства. І ўвесь год я хвалявалася, што нам не дазволяць, быў скептычны настрой. Але ўсё добра, людзям цікава, яны прыходзяць, чакаюць наступных сустрэчаў. Будзем працягваць працаваць, „Жывая мова“ жыве і будзе жыць», — звярнулася да Рады Руху Вольга Дамаскіна.
Вольга Быкоўская, pyx.by