Абое рабое. Махляры пад выглядам КДБ спрабавалі абрабаваць беларусаў
Алена ўжо больш за год жыве за мяжой, у Беларусі засталіся яе бацькі. У аўторак, 26 снежня, у іх кватэру ў адным з абласных цэнтраў прыйшлі некалькі чалавек і прадставіліся супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Аднак выявілася, што гэта не сілавікі, а махляры.
«Не пыталіся нічога пра сваякоў ці знаёмых. Іх цікавілі толькі грошы»
Пра цікавую гісторыю распавяло «Люстэрка».
Алена кажа, што яе маці да гэтага часу ў шоку ад таго, што адбылося, таму блытаецца ў аповедзе і некаторых падрабязнасцях.
— Мама нават не памятае, колькі дакладна чалавек прыйшло, яны паказалі нейкае пасведчанне і сказалі, што з КДБ, — з хваляваннем расказвае беларуска. — Ёй пад 70 гадоў, яны маглі паказаць хоць грамату за ўдзел у школьнай спартакіядзе, і мама б усё роўна ім паверыла — яна была дома адна, напалохана і разгубленая. «Сілавікі» сталі пагражаць узбуджэннем крымінальнай справы, пералічвалі нейкія артыкулы КК. Мама не запомніла нумары ці назвы, але памятае, што ёй казалі пра нейкія банкаўскія пераводы, нібыта зробленыя з яе рахунку. Пры гэтым размовы пра данаты ў фонды салідарнасці ці нейкія арганізацыі, прызнаныя экстрэмісцкімі, не было.
«Супрацоўнікі КДБ» працягнулі пагрозы. Па словах суразмоўніцы, яны заяўлялі, што пачнуць ператрус, калі тая не заплаціць.
— Дакладную суму, якую ад яе патрабавалі, мама не запомніла. Але пасля лагічнай адмовы «супрацоўнікі КДБ» пачалі ціснуць на грамадзянскую свядомасць, — тлумачыць беларуска. — Казалі, што за правапарушэнне ўсё роўна давядзецца адказаць і лепш дамовіцца па-добраму. Пры гэтым прапаноўвалі альбо заплаціць на месцы, альбо зрабіць банкаўскі перавод. Я не разумею, на што яны разьлічвалі. Мая мама — пенсіянерка, і такой сумы ў яе відавочна не было ні наяўнымі, ні на банкаўскім рахунку.
Незнаёмцы каля гадзіны вымагалі грошы ў жанчыны, пакуль на гучныя галасы і агрэсіўны тон не звярнулі ўвагу суседзі. Яны і патэлефанавалі Алене.
— Я папрасіла суседзяў даведацца, што адбываецца. Яны пазванілі ў дзверы кватэры бацькоў. Пасля гэтага «чэкісты», відаць, спалохаліся і сышлі, — адзначае беларуска.
Алена ўпэўнена, што людзі, якія прыходзілі, не былі супрацоўнікамі КДБ ці нейкага іншага сілавога ведамства Беларусі. Жанчына лічыць, што яе маці сутыкнулася з новым відам махлярства, калі злачынцы выдаюць сябе за супрацоўнікаў сілавых структур:
— Яны не пыталіся нічога пра сваякоў ці знаёмых. Іх цікавілі толькі грошы і магчымасць неадкладнага атрымання патрабаванай сумы.
У міліцыю ні Алена, ні яе маці звяртацца не сталі. "Думаю, прычыны зразумелыя", – разважае суразмоўніца.
— Куды важней распавесці людзям аб тым, што цяпер ёсць вось такія ашуканцы, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі Камітэта дзяржбяспекі і прыходзяць да людзей дадому, — упэўненая беларуска. — Гэта не палітычная гісторыя, гэта натуральная спроба рабавання сярод белага дня. Калі гэта будзе паўтарацца, то, магчыма, трэба распрацаваць для людзей нейкую інструкцыю аб тым, як адрозніць супрацоўнікаў КДБ ад махляроў. Бо ў беларускіх рэаліях гэта няпростая справа. Праўда, я зусім не разумею, хто гэтую інструкцыю павінен зрабіць.
BYSOL: адрозніць дзяржаўнага злачынцу ад звычайнага зараз вельмі складана
Сузаснавальнік фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак, каментуючы для «Люстэрка» гісторыю маці Алены, кажа, што гэта першы вядомы яму выпадак, калі ашуканцы прыходзяць да ахвяры дадому, выдаючы сябе за сілавікоў:
— Мы ніколі раней не чулі, каб ашуканцы фізічна кантактавалі з тымі, каго хочуць падмануць. BYSOL ведае толькі пра некалькі выпадкаў, калі ашуканцы, вымагаючы грошы, прадстаўляліся супрацоўнікамі сілавых структур, але пры гэтым яны тэлефанавалі праз Viber ці нейкі іншы інтэрнэт-мэсанджар. Відаць, махлярскі рынак яшчэ не зразумеў, што палітычная тэма – гэта болевая кропка для беларусаў, і пакуль не вельмі актыўна эксплуатуе гэтую тэму. Часцей яны выкарыстоўваюць хітрыкі, звязаныя з нібыта атрыманнем несанкцыянаваных крэдытаў, і прадстаўляюцца супрацоўнікамі службаў бяспекі банкаў.
— Абараніцца ў падобнай сітуацыі беларусам будзе складана. Гэта яшчэ адзін пабочны эфект ад таго, калі «часам не да законаў», — працягвае кіраўнік BYSOL. — У сучаснай Беларусі пры правядзенні ператрусаў сілавікі вельмі часта не прад'яўляюць дакументаў, проста ўрываюцца ў дом і з ужываннем сілы пачынаюць праводзіць патрэбныя ім дзеянні. Зразумела, што ёсць пэўныя патрабаванні да працэдуры і дакументаў, якія яны абавязаны паказаць, але сілавікі гэтага проста не робяць. Як пры гэтым адрозніць дзяржаўнага злачынцу ад звычайнага — зусім незразумела.