«А можа, ваш муж не хоча з вамі сустракацца? Я ж не ведаю, якія ў вас адносіны»
Жонка журналіста-палітвязня Алега Груздзіловіча распавяла: яна баялася, што муж ад такіх умоваў зняволення захварэе, але неяк вытрымаў. «Я яшчэ здзіўляюся, як яго арганізм перанёс 20 сутак у такіх умовах — на жалезных нарах, без падушкі і коўдры», — сказала яна.
Жонка журналіста Алега Груздзіловіча распавяла
«Народнай Волі», як некалькі дзён таму яна сустракалася з начальнікам
Магілёўскай калоніі, а таксама пра жыццё мужа за кратамі.
Нагадаем: журналіста затрымалі 23 снежня 2021 года. Пазней яму было выстаўлена абвінавачанне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
3 сакавіка гэтага года Алега Груздзіловіча асудзілі на 1,5 года калоніі. Яго абвінавацілі па трох эпізодах удзелу ў масавых беспарадках падчас паслявыбарных пратэстаў. Таксама «Мінсктранс» яму выставіў іск на 56 тысяч рублёў.
Неўзабаве журналіст быў пераведзены са следчага ізалятара ў Магілёўскую калонію, дзе зараз і адбывае пакаранне.
— За гэты месяц Алег два разы пабываў у штрафным ізалятары, — распавядае Мар’яна, жонка палітвязня. — Раней наконт гэтага ў мяне былі толькі здагадкі, але ў лісце, які атрымала 27 чэрвеня, муж пацвердзіў, што быў у ШІЗА два разы па 10 сутак. Перапынак паміж першым і другім карцарамі склаў усяго два дні. Першы раз яго пакаралі з 1 па 10 чэрвеня, а праз два дні зноў трапіў у карцар.
— За што?
— Няма з гэтай нагоды ніякай інфармацыі. Алег паведаміў толькі, што пасля другога «тэхнічнага перапынку» ён ужо трапіў у атрад, бо да гэтага знаходзіўся на каранціне. А ў першым лісце праінфармаваў, што яго пазбавілі спатканняў з роднымі, забаранілі перадачы, пасылкі і тэлефанаванні.
Я, натуральна, адразу патэлефанавала ў калонію, спрабавала атрымаць адказы на многія пытанні. За якія парушэнні Алег знаходзіўся ў штрафным ізалятары? Чаму пазбавілі спатканняў і перадач? Што наогул там адбываецца?
Мне сказалі, што па тэлефоне ніхто не адкажа. Трэба або пісаць ліст начальніку калоніі, або запісацца да яго на прыём.
Я так і зрабіла: і ліст адправіла ў мінулую пятніцу, а 28 чэрвеня з’ездзіла на прыём да начальніка калоніі. Пры гэтым ліст — гэта такая своеасаблівая характарыстыка на Алега. Я распавяла, які ён добры журналіст, сем’янін, чалавек.
— Які вынік паездкі ў Магілёўскую калонію?
— Сустрэлася з начальнікам папраўчай установы, але зноў-такі абсалютна ніякай інфармацыі пра Алега не атрымала.
Мяркую, калі начальнік даведаўся, што мой муж — журналіст, які лічыцца «палітычным», то размова адразу зайшла ў тупік. Ён проста сказаў: «Усё зразумела». Паклікаў яшчэ аднаго супрацоўніка, запытаўся ў яго, ці падаваў зняволены Груздзіловіч заяву, каб яго інтарэсы хтосьці прадстаўляў. Той чалавек адказаў: «Не падаваў».
У выніку мяне паставілі перад фактам: ніякай інфармацыі я не атрымаю, бо, маўляў, не магу прадстаўляць інтарэсы мужа. Начальнік калоніі яшчэ заявіў: «А можа, ваш муж не хоча з вамі сустракацца? Я ж не ведаю, якія ў вас адносіны».
Таксама нічога не паведамілі і пра забарону на перадачы, бандэролі і тэлефанаванні. У адказ пачула: «Няхай вам муж сам пра гэта напіша».
Я наогул не зразумела: навошта нейкая заява, калі жонка запісалася на прыём да начальніка калоніі і прыехала за сотні кіламетраў, каб пагутарыць з ім і атрымаць інфармацыю пра мужа? Гэта нейкі бюракратычны абсурд! Тым больш што папярэдне мне па тэлефоне ніхто ў калоніі і не казаў, што трэба пісаць такую заяву.
— Што яшчэ вядома пра знаходжанне Алега ў калоніі?
— Хачу сказаць, што ён стараецца дасылаць больш пазітыву, бо, калі пісаць пра негатыў, то ліст наогул можа не дайсці. Дадае толькі: «Падрабязнасці пры сустрэчы».
Але ведаю, што ў атрадзе Алега сустрэлі досыць добра, іншыя вязні дапамагаюць мужу абжывацца на новым месцы. І ў СІЗА да яго ўсе паважліва ставіліся — і сакамернікі, і нават ахоўнікі.
А ў Магілёўскай калоніі вязні ўжо звадзілі мужа ў бібліятэку, ён узяў там некалькі кніг. У тым ліку самавучыцелі па чэшскай мове, маляванні, а таксама падручнік па гісторыі Беларусі. Кажа, што зоймецца самаадукацыяй, калі не будзе працаваць.
— Яго не будуць прыцягваць да работ?
— Алег — пенсіянер, а ў Дэпартаменце выканання пакаранняў мне яшчэ ў сакавіку паведамілі, што ў калоніі пенсіянеры на вытворчасці не працуюць. Гэта ў нашай краіне такая пенсійная льгота.
Праўда, дадалі ў дэпартаменце, у папраўчых установах шмат іншай грамадскай працы, таму ўжо начальства будзе вырашаць, куды і на які фронт могуць кінуць вязня-пенсіянера.
Дарэчы, калі я чакала прыёму да начальніка Магілёўскай калоніі, пазнаёмілася з дзяўчынай, чый бацька адбывае пакаранне па эканамічным артыкуле, і ён таксама ўжо пенсіянер. Дык вось той працуе на вытворчасці. Сам папрасіўся, каб хутчэй ішоў час. Там, здаецца, швейная вытворчасць і як быццам нейкія пакеты робяць.
— Як здароўе Алега?
— У апошнюю ноч перад адпраўкай у калонію мужа і іншых вязняў трымалі ў нейкай адмысловай камеры, дзе было вельмі холадна. Я Алегу яшчэ ў снежні перадала цёплую шапку і вельмі цёплыя вязаныя шкарпэткі, яны амаль да калена. Дык вось муж затым мне напісаў, што ў тую ноч гэтыя шкарпэткі і шапка яго выратавалі.
Я баялася, што пасля такой ночы ён захварэе, але вытрымаў. Праўда, амаль адразу адправілі ў ШІЗА, праз два дні пасля выхаду адтуль — ізноў штрафны ізалятар. Таму я яшчэ здзіўляюся, як яго арганізм перанёс 20 сутак у такіх умовах — на жалезных нарах, без падушкі і коўдры. Праўда, у нечым спякотнае надвор’е на вуліцы дапамагло, не так замярзаў у камеры.
Муж напісаў, што зараз у атрадзе двух’ярусныя шконкі, сам ён спіць на першым паверсе. Усё-такі не хлочык, 62 гады. Іншыя вязні яго паважліва называюць «Дзедам» або «Старым». А Алег і не крыўдуе…
Алесь Святланіч, «Народная Воля»