30-гадовы праграміст выдаў кнігу пра народныя назвы зорак

Першае ў беларускай навуцы грунтоўнае даследаванне па этнаастраноміі выйшла з друку тыдзень таму. Аўтар кнігі — 30-гадовы праграміст Цімафей Авілін. Матэрыялы, якія ён збіраў у архівах і экспедыцыях 12 гадоў, за свой кошт ён выдаў у вялікай кнізе «Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія».



a8aaacea_4f1c_413f_9519_86215d68052d_w640_r1_s.jpg

Як фізік-ядзершчык па адукацыі стаў займацца лінгвістыкай і этнаграфіяй і нават прыйшоў як гуманітарый на працу ў Акадэмію навук, ён сам расказаў "Радыё Свабода".

Навукоўцы адгаворвалі: ніякіх зьвестак ужо не знайсьці

Кніга Цімафея Авіліна мела свой пачатак на гуртку па астраноміі, які ён наведваў школьнікам у Мінску пад кіраўніцтвам Канстанціна Цыркуна.

gdb.rferl.org__0f7b9282_2a98_4_806565db09b33a20a61fdd93f02b492d.jpeg

Цімафей Авілін пачаў займацца астраноміяй яшчэ са школы

У беларускіх энцыклапэдыях ды падручніках, і праўда, у канцы 1990-х — пачатку 2000-х пра гэта зьвестак было вобмаль. Адзінае, што знайшоў у навуковай літаратуры Авілін, — дробныя зьвесткі пра Беларусь у расейскіх працах па этнаастраноміі.

«Некаторыя навукоўцы, да каго я зьвяртаўся, казалі, што этнаастраноміяй у Беларусі ніхто не займаўся і што мне за гэта ня варта брацца: не запішу нічога ў вёсках», — сказаў Авілін Свабодзе.

Зьвесткі былі абрывачныя, і, па сутнасьці, ствараць цэлую сыстэму даводзілася самому. У сярэдзіне 2000-х яму трапіўся на вочы артыкул з часопіса «Крывіч». Артыкул быў напісаны ў 1920-х гадах, і ў ім мясцовы краязнаўца апісваў, як у мястэчку Вопса Браслаўскага раёну мясцовыя жыхары называюць розныя зоркі й сузор’і.

gdb.rferl.org__ad25a6ed_cdaa_4_13ff86f58908be9d800dbb72dfba230b.jpeg

На беларускіх вёсках дагэтуль можна запісаць традыцыйныя уяўленні пра зоркі. (Фота Віктара Малышчыца)

Авілін вырашыў паехаць у Вопсу, каб спраўдзіць, ці хто са старых жыхароў што памятае пра зоркі. І ў Вопсе, і ў суседніх вёсках ён знайшоў людзей, якія ня толькі распавялі тое самае, пра што было напісана ў артыкуле 80-гадовай даўніны, але й шмат чаго новага.

«Стала відавочна, што ўсё гэта брахня — усё ў нас ёсьць. Проста трэба езьдзіць і запісваць».

Захапляючыся гісторыяй і астраноміяй, Авілін паступіў на фізфак БДУ. Маючы дыплём фізіка-ядэршчыка, ён працуе праграмістам. А ў вольны час ужо 12 год зьбірае народныя назвы нябесных целаў.

Такога дасьледаваньня няма нідзе ў сьвеце?

У сваю кнігу Авілін сабраў народныя назвы зорак, сузор’яў, мэтэораў, камэт, месяца й плямаў на месяцы, а таксама народных уяўленьняў і паданьняў пра паходжаньне розных нябесных целаў.

Такой грунтоўнай кнігі, дзе былі б сабраныя і традыцыйныя назвы ўсіх нябесных целаў, і легенды пра іх, і палявыя запісы, і карты ўжываньня розных найменьняў, дагэтуль не існуе ня толькі ў нашых суседзяў, але, можа, і ў цэлым сьвеце.

«З навуковага пункту гледжаньня гэта вельмі вузкая анамастычная тэма — нейкія там народныя назвы зорак, — кажа Авілін. — Калі так падумаць, прагматыкі ад гэтага няма, бо ўжо ёсьць навуковыя назвы, узятыя з грэцкай мовы. Таму людзі ніколі ня думалі, што ў гэтым ёсьць нейкая вага для люду простага».

Напрыклад, у Расеі падобныя працы выходзілі яшчэ на пачатку 1970-х гадоў. Там нават выдадзеныя навукова-папулярныя кнігі па этнаастраноміі. Але ўсе публікацыі тычацца галоўным чынам уяўленьняў пра зоркі й сузорхі, але там няма згадак пра мэтэоры ці плямы на месяцы — толькі пра зорнае неба.

Няма такіх дасьледаваньняў і ва Ўкраіне. У Польшчы працы на падобную тэму сустракаюцца распрацоўвалася яшчэ ў 1930-х гадах, але сучасных дасьледаваньняў прысьвечаных выключна этнаастраноміі там не публікавалася. У Літве сёньня этнаастраноміяй займаецца Ёнас Вайшкунас. Нядаўна ён выдаў кнігу пра балцкія знакі Задыяку. Праца ягоная грунтуецца на драўляным каўшы з выявамі дванаццаці сымбаляў. А сам коўш захоўваецца ў музэі ў Раўбічах пад Менскам.

«У Беларусі такіх прац дакладна не было. Нешта падобнае складана знайсьці ня толькі ў нашых суседзяў, але, мяркую, і ў сьвеце, — кажа Авілін. — Таму навукоўцы змогуць тут знайсьці цікавыя архаічныя ўяўленьні. Мала хто мог чакаць, што такое можа быць запісана на тэрыторыі Беларусі».

Мяркуючы па зорках, Палесьсе і Балканы маюць агульныя карані

Складзеныя Цімафеем Авіліным карты найменьняў розных зорак і сузор’яў паказваюць генэтычныя паралелі паміж этнасамі. Напрыклад, Плеяды ў частцы Беларусі, як і ў балцкіх краінах, называюць «сітам».

gdb.rferl.org__70d0cd0e_7fab_4_e16cf041b5f60ce92fdc0b240bfe2dc7.jpeg

Мяркуючы па ўжываннях розных назваў зорак можна вызначыць генетычныя сувязі між этнасамі. Напрыклад Палессе — блізкае да Балканаў. Фота ракі Прыпяць Віктара Малышчыца

А вось на заходнім Палесьсі Плеяды больш вядомыя як «курачкі». Гэтая назва тыповая для заходнеэўрапейскіх краінаў, Балканаў і нават Паўночнай Афрыкі.

«Поўдзень Беларусі мае вельмі моцныя сувязі з Балканамі, — кажа Авілін. — Палескія ўяўленьні пра Млечны Шлях як пра рассыпаную салому — гэта адны з балканскіх ўяўленьняў. А ў нас ёсьць такія фіксацыі».

Або, да прыкладу, у Заходняй Беларусі прасочваецца польска-каталіцкі ўплыў у тлумачэньні плямаў на Сонцы. Так, згодна з адным паданьнем, плямы — гэта пан Твардоўскі, які сядзіць на месяцы й хавае чарцей. Гэты матыў характэрны пераважна для польскай традыцыі і для заходніх беларускіх раёнаў.

Кніга разьлічана на шырокае кола чытачоў. Частка яе — гэта энцыкляпэдычныя зьвесткі, а частка — папулярнае чытво.

«Калі нехта зьбіраецца пісаць казку для дзяцей, было б добра, каб чалавек не засяроджваўся на вядомых й зьбітых вобразах Калабка ці трох баб, якія сядзяць і прадуць нешта, — кажа Авілін. — Можна ж выкарыстоўваць новыя вобразы з уласнай этнаастраноміі. Ці калі хто захоча стварыць гульню, выкарыстаць у мастацтве — тут шмат ідэяў і матэрыялу для асэнсаваньня».

У Нямеччыне пра такое нават ня мараць

Час ад часу Цімафею Авіліну дасылаюць народныя назвы зорак выпадковыя слухачы ягоных лекцыяў ці наведнікі экскурсіяў па беларускім зорным небе, якія ён сам жа і ладзіць. Акрамя існуючых уяўленьняў пра зоркі, у Беларусі пакуль вядома мала археаастранамічных аб’ектаў і артэфактаў астранамічнага кантэксту.

Таму, пакуль ня створана інфраструктура, папулярызацыяй астраноміі ў нас займаюцца валянтэры кшталту Цімафея Авіліна й фатографа Віктара Малышчыца (ён, дарэчы, аднакурсьнік Авіліна).

gdb.rferl.org__31cdf8ed_5141_4_b53abc52cce3f6fc6c6e5cb5d0749284.jpeg

Зорнае неба над ракой Прыпяць, фота Віктара Малышчыца

Этнаастраноміяй Цімафей Авілін займаецца ў вольны час. Асноўная праца — у IT-сфэры, па сумяшчальніцтве ён яшчэ працуе навуковым супрацоўнікам у Цэнтры дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы й літаратуры НАН Беларусі, дзе ён робіць мапы для атлясаў па этнаграфіі. І толькі ў вольны час — паездкі па вёсках, артыкулы па этнаастраноміі.

«Я люблю езьдзіць на вёску й часта спрабую спалучыць падобную вандроўку з размовамі з тамтэйшымі людзьмі. Атрымліваецца гэткая мініэкспэдыцыя», — кажа Авілін.

Па яго словах, у Беларусі для дасьледчыка яшчэ вельмі шмат матэрыялу для працы, у адрозьненьне ад заходнеэўрапейскіх краінаў, дзе амаль немагчыма запісаць назвы астронімаў на вёсцы.

«Немцы нават ня могуць падумаць, каб нешта запісаць у вёсцы, хіба толькі ў глухіх славянскіх раёнах лужыцкіх сэрбаў, — кажа Авілін. — Але ўжо праз 25–30 год тое самае будзе і ў нас. Нікога ў традыцыйных вёсках не застанецца. Таму трэба выкарыстоўваць момант».

P.S.: Прэзентацыя кнігі адбудзецца 11 лістапада, а 19-й гадзіне ў музеі Максіма Багдановіча па адрасе вул. Бадановіча, 7а.