2900 рублёў за ««Пагоню» ў бел-чырвона-белай расфарбоўцы». Шматдзетную маці пакаралі буйным штрафам
18 сакавіка ўчастковы Першамайскага РУУСа прыйшоў дадому да Дар'і Пажытных і паведаміў, што на яе складзены пратакол па арт. 24.23 КаАП, згодна з якім, «16 сакавіка ў неўстаноўлены час, з мэтай выказвання сваіх палітычных інтарэсаў, правяла пікетаванне, шляхам размяшчэння на шкле выявы герба "Пагоня" ў бел-чырвона-белай расфарбоўцы».
22 сакавіка маці чатырох дзяцей выклікалі ў РУУС да ўчастковага, дзе яе затрымалі і адразу павезлі ў суд Першамайскага раёна. Справу жанчыны разгледзеў суддзя Максім Трусевіч, піша «Вясна назірае».
На судзе Дар'я, даючы
тлумачэнні, зачытала пастанову Савета Міністраў ад 14.05.2007, у якой
пазначана, што герб «Пагоня» занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных
каштоўнасцей Беларусі. Такім чынам Дар'я абараняе свае суверэнныя правы, што
з'яўляецца яе абавязкам як грамадзянкі краіны, што пацверджана артыкулам 57
Канстытуцыі.
Гэтак жа Дар'я нагадала, што КаАП не забараняе ўпрыгожваць
сваю кватэру, тым больш сімволікай, якая афіцыйна зарэгістравана ў краіне.
Але вось на думку суддзі Трусевіча, герб «Пагоня» — гэта і
ёсць БЧБ-сімволіка:
— Вершнік якога колеру на ім?
— Белы вершнік на чырвоным фоне.
— Якая гэта расфарбоўка атрымліваецца? Бел-чырвоная, правільна?
— Можна і так сказаць, але не бел-чырвона-белая.
У выніку, суддзя Максім Трусевіч
палічыў, што віна Дар'і Пажытных даказаная, і аштрафаваў яе на 2900 рублёў (100
базавых).