За год колькасць нерэнтабельных дзяржпрадпрыемстваў вырасла больш чым на чвэрць
Як сведчаць звесткі аб фінансавых выніках працы беларускіх прадпрыемстваў у 2014 годзе, нерэнтабельнымі прызнаныя 1.436 арганізацый, падведамасных міністэрствам і ведамствам. У параўнанні з 2013 годам колькасць такіх прадпрыемстваў павялічылася на 26,2%.
У агульнай колькасці прадпрыемстваў доля нерэнтабельных склала 17,8% (у 2013 годзе — 14%).
У Міністэрстве прамысловасці доля нерэнтабельных прадпрыемстваў склала 29% (у 2013 годзе — 10,7%), у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання — 21,5%
(19,7%), у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва — 18,1% (12,4%).
Павялічылася за год доля нерэнтабельных арганізацый і ў канцэрнах "Беллегпрам" (з 17% да 29%), "Беллеспаперапрам" (з 26,4% да 38,2%),
"Белдзяржхарчпрам" (з 13,6% да 15,6%).
Пагаршэнне фінансавага становішча арганізацый у 2014 годзе было абумоўленае недастатковым попытам на іх прадукцыю, неплацяжамі спажыўцоў і, як вынік, недахопам грашовых паступленняў для фінансавання
бягучай дзейнасці. Пра гэта сведчылі апытанні прадпрыемстваў, якія летась праводзілі Нацбанк і Навукова-даследчы эканамічны інстытут Мінэканомікі.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН