З вялікімі здзіўленымі вачыма

Падаецца, мелі рацыю тыя (напрыклад, Сяргей Чалы), хто скептычна ўспрымаў беларускі Парк высокіх тэхналогій. Асноўная іх прэтэнзія да айцішнікаў палягала ў тым, што ПВТ ператворыцца ў «афшорчык» для праграмістаў і не дасць карысці народнай гаспадарцы. У прынцыпе, так яно і здарылася.

Фота з сайта photo.99px.ru

Фота з сайта photo.99px.ru


Вінаваціць у гэтым айцішнікаў нават нельга. Яны выбілі для сябе спрыяльныя ўмовы працы. Віна палягае ў нашым дзяржаўным ладзе, той самай «вертыкалі», якая без чыху зверху не зварухнецца.

На мінулым тыдні Аляксандр Рыгоравіч падпісаў дзіўны ўказ. Згодна дакументу, «дзяржаўным органам і арганізацыям дазволена выкарыстанне тэхналогій воблачных вылічэнняў». Па ім, згодна з паведамленнем, «удакладняецца канцэпцыя пераходу дзяржаўных органаў і арганізацый на выкарыстанне тэхналогій воблачных вылічэнняў». «Рэалізацыя... канцэпцыі дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць дзейнасці дзяржорганаў і арганізацый за кошт забеспячэння іх надзейнай інфармацыйна-тэлекамунікацыйнай інфраструктурай, узмоцніць узровень інфармацыйнай абароны ў дзяржаўных інфармацыйных сістэмах, забяспечыць абарону персанальных даных грамадзян Беларусі, а таксама павысіць эфектыўнасць выдаткаў бюджэтнай сістэмы на інфармацыйна-тэлекамунікацыйныя паслугі», — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы кіраўніка.

Вы сур’ёзна? Увесь свет ужо даўно карыстаецца гэтымі тэхналогіямі. Флэшкі засталіся толькі ў дзівакоў, і тое ў якасці дадатковага дыску альбо стыльнага аксесуару. Ужо ніхто не перасылае вялікія аб’ёмы інфармацыі інакш, як праз Гугл-дыск ці іншыя воблачныя сэрвісы. Амаль уся пошта і дзелавая перапіска ляжыць сабе недзе на серверах далёка за межамі краіны, а доступ да яе можна атрымаць праз мабільны тэлефон. І тут раптам — радуйцеся, людзі, Лукашэнка дазволіў! Цяпер вы перакідваеце файлы праз Dropbox не проста так, а з ухвалення Аляксандра Рыгоравіча!

Але нават з адпаведным дазволам беларускія ўлады не змаглі адладзіць да 1 студзеня 2020 года працэсы і працэдуры, звязаныя з выпускам і ўкараненнем біяметрычных пашпартоў і ідэнтыфікацыйных картаў, і вымушаныя перанесці запуск іх уводу ў дзеянне на год, паведаміў кіраўнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун. «З-за шэрагу прычын дзяржаўныя рэсурсы не былі гатовыя да счытвання ID-карты... Трэба яшчэ правесці вялікі комплекс арганізацыйных і практычных мерапрыемстваў... Ёсць папярэдняе рашэнне, яно будзе адпаведным чынам аформлена, што мы пачнём выдачу біяметрычных дакументаў праз год, з 1 студзеня 2021 года», — паведаміў чыноўнік.

Пытанне тое ж: вы сур’ёзна? Сканер адбітку пальца ёсць ці не на кожным смартфоне, тэхналогіі распазнавання твару ўжо таксама перасталі быць дзівам. А Сінявокая, маючы ў сваім арсенале не больш, не менш, а ПВТ, не здолела распрацаваць «счытванне ID-карты»?

Спадарства, калі гэтага не можа зрабіць дзяржава — аддайце тую працу энтузіястам! У 2017 годзе ў нас з падачы Міністэрства абароны з’явілася свая віртуальная дзяржава — «Вейшнорыя». Кожны грамадзянін Вейшнорыі мае пластыкавую ID-карту з ідэнтыфікацыйным нумарам і цалкам чытэльным персанальным QR-кодам. Гэты код не толькі пацвярджае асобу «вейшнорца», а нават дае доступ да віртуальнага гаманца з крыптавалютай «талер». І ўсё гэта — на чыстым энтузіязме, без капейкі з дзяржаўнага бюджэту (праўда, за «карту вейшнорца» давялося заплаціць, але ж і мы плацім за афармленне пашпарту).

Атрымліваецца, група людзей «проста так і прыколу дзеля» зрабіла тое, што не могуць зрабіць дзяржаўныя структуры за шалёныя грошы. Бюджэтныя, між іншым, грошы, то-бок нашыя.

Яшчэ адна нагода запытацца пра сур’ёзнасць намераў — нарада па пытаннях прымянення мераў адміністрацыйнай адказнасці ў Лукашэнкі. Кіраўнік краіны жахнуўся: за няпоўныя 5 гадоў зарэгістраваныя 16 мільёнаў парушэнняў, за здзяйсненне якіх да адказнасці прыцягнутыя каля 3,5 мільёна грамадзян — больш за 50% усяго працаздольнага насельніцтва. Правам складаць пратаколы аб правапарушэннях валодаюць супрацоўнікі больш за 70 ведамстваў.

«Нам трэба разабрацца, што стаіць за гэтымі дадзенымі, і, натуральна, прыняць меры… Як мне дакладваюць, да гэтага часу ў нас не выкаранена палачна-галачная сістэма. Гэтым грашаць практычна ўсё: міліцыя, мытныя органы, падатковая інспекцыя, пажарная служба, санстанцыя і іншыя. Даходзіць да таго, што кіраўніцтва ад супрацоўнікаў патрабуе прынесці не менш трох-пяці пратаколаў аб правапарушэннях за дзень, калі не — застануцца без прэміі. Недапушчальна», — заявіў Лукашэнка.

Шчыра скажам: ну як дзеці малыя, якія не могуць звязаць паміж сабою прычыну і следства! Спачатку палата зацвярджае бюджэт краіны, у якім штогод закладаецца такі пункт, як «прыбытак ад штрафных санкцый» (у 2020 годзе, дарэчы, дзяржава плануе сабраць штрафаў на 120 мільёнаў рублёў — амаль 60 мільёнаў долараў). А потым хочуць выкараніць «палачна-галачную сістэму» і кажуць, што штрафы «недапушчальныя». Калі яны сапраўды «недапушчальныя» — не закладайце гэтыя грошы ў бюджэт! А пакуль бюджэт такі, хочаш — не хочаш, а выконваць «зборнасць штрафаў» давядзецца. Інакш хтосьці зноў атрымае па шапцы — гэтым разам за невыкананне прагнозных паказчыкаў напаўняльнасці бюджэту.

І ёсць яшчэ адна навіна, да якой незразумела, як ставіцца. Кажуць, што Расія і Беларусь дамовіліся наконт адной з самых складаных праблем у рамках інтэграцыйнага працэсу — кампенсацыі за расійскі падатковы манеўр у нафтавай галіне. Расія пакрые Беларусі страты ад падатковага манеўру, увёўшы зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Сума субсідый можа скласці да 1,5 мільярда долараў у год, паведамляе РБК са спасылкай на ўласныя крыніцы.

У 2020 годзе «індыкатыўны баланс» прадугледжвае пастаўку ў Беларусь 24 мільёнаў тон нафты, але «ператаможка» 6 мільёнаў тон нафты ў яго не ўваходзіць. Для сярэдняга расійскага завода адмоўны акцыз з 2024 года складзе 4 тысячы расійскіх рублёў на тону, або 1,5 мільярда долараў пры перапрацоўцы 24 мільёнаў тон нафты.

Можа быць, гэта перамога Беларусі ў нафтавай спрэчцы? Але Расія за проста так ужо нічога не дае. Чым ахвяравала Сінявокая, каб атрымаць такі бонус?