Упершыню сёлета адзначана зніжэнне тэрміновых рублёвых укладаў насельніцтва

У чэрвені ўпершыню сёлета адбылося зніжэнне тэрміновых дэпазітаў насельніцтва ў нацыянальнай валюце. Паводле звестак Нацбанка, на 1 ліпеня тэрміновыя рублёвыя ўклады фізасоб склалі 22,9 трлн. рублёў, скараціўшыся за чэрвень на 71,8 млрд. 



rubldollar_245.jpg

З пачатку 2013 года ў Беларусі назіраўся пастаянны рост тэрміновых рублёвых укладаў насельніцтва. Так, у студзені рост тэрміновых укладаў фізічных асоб склаў 1,6 трлн. рублёў, у лютым — амаль 2 трлн. рублёў, у сакавіку — таксама амаль 2 трлн. рублёў, у красавіку — 1,38 трлн. рублёў, у маі — 0,8 трлн. рублёў. 


Скарачэнне прытоку тэрміновых рублёвых укладаў насельніцтва ў банкаўскую сістэму адбывалася на фоне змяншэння даходнасці па рублёвых дэпазітах, што было абумоўлена зніжэннем стаўкі рэфінансавання. 


Нагадаем, Нацбанк на працягу сакавіка—чэрвеня знізіў стаўку рэфінансавання з 30 да 23,5%. У ліпені змяняць стаўку рэфінансавання рэгулятар адмовіўся. "Сезоннае павышэнне попыту на замежную валюту з боку насельніцтва вызначае мэтазгоднасць захавання жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі, уключаючы дзейны ўзровень працэнтных ставак у эканоміцы" — так Нацыянальны банк аргументаваў нязменнасць стаўкі рэфінансавання. 


Між тым апытаныя БелаПАН банкіры мяркуюць, што Нацбанк вырашыў не зніжаць стаўку рэфінансавання ў ліпені з-за асцярогі даларызацыі ўкладаў. Калі ў трэцім квартале года будзе адбывацца працэс даларызацыі ўкладаў, магчыма нават павышэнне стаўкі рэфінансавання, прагназуюць банкіры. 


Восенню мінулага года ў Беларусі на фоне зніжэння працэнтных ставак і росту дэвальвацыйных чаканняў укладчыкі сталі пераводзіць рублёвыя ўклады ў валютныя дэпазіты. У сувязі з гэтым Нацбанк у трэцім квартале 2012 года спыніў працэс зніжэння стаўкі рэфінансавання. 


Восенню 2012-га ў банкаўскай сістэме назіраўся дэфіцыт рублёвай ліквіднасці, з-за чаго банкі павялічвалі працэнтныя стаўкі па ўкладах, што спрыяла росту прывабнасці рублёвых дэпазітаў. 


У сакавіку гэтага года Нацбанк аднавіў працэс зніжэння стаўкі рэфінансавання, у выніку чаго даходнасць па рублёвых дэпазітах зноў стала змяншацца. 


Пачынаючы з другой паловы чэрвеня ў краіне адзначаецца рост курсу долара, што яшчэ больш зніжае прывабнасць рублёвых зберажэнняў. 

Дзмітрый Заяц, БелаПАН