Украінскі Мікалаеў правядзе новы тэндар на пастаўку аўтобусаў: МАЗ пад санкцыямі
Гарадскія ўлады Мікалаева абвесцяць новы тэндар на закупку аўтобусаў на 4,5 мільёна еўра, выдаткаваных Еўрапейскім інвестыцыйным банкам у рамках рэалізацыі праграмы абнаўлення грамадскага транспарту.
Такое рашэнне мясцовыя ўлады вымушаныя былі ўхваліць па выніках нарады ў Міністэрстве інфраструктуры Украіны, на якой абмяркоўвалася пытанне аб рэалізацыі праектаў абнаўлення пасажырскага транспарту пры ўдзеле фінансавання Еўрапейскага інвестыцыйнага банку, перадае Радыё Свабода.
У тэндары на закупку аўтобусаў для Мікалаева ўдзельнічалі два прадпрыемствы — ТАА «Сучасні вантажівки» ды Чарнігаўскі аўтазавод. У чэрвені па выніках вывучэння прапаноў пераможцам павінны былі абвясціць першае прадпрыемства, якое з’яўляецца адным з дылераў тэхнікі Мінскага аўтамабільнага заводу. Але вынікаў тэндару не абвясцілі, чакаючы цэнтралізаванага рашэння ўладаў у сувязі з увядзеннем санкцый супраць беларускага прадпрыемства.
«Праз санкцыі, накладзеныя Еўрапейскім Саюзам на беларускія прадпрыемствы, ухвалена рашэнне абвясціць новы тэндар і запрасіць больш удзельнікаў», — паведамілі ў Мікалаеўскай гарадской радзе.
Сёлета ў красавіку мэр Львова Андрэй Садовы заявіў пра намер правесці новы тэндар для вызначэння іншага пастаўшчыка аўтобусаў, якія гарадскія ўлады купляюць за грошы Еўрапейскага інвестыцыйнага банку. У канцы 2020 году яго выйграў Мінскі аўтамабільны завод, які мусіў паставіць 100 аўтобусаў. Пасля выбараў у Беларусі ўлада Львова не захацела такім чынам «фінансаваць рэжым».
Украінскі рынак для беларускіх вытворцаў пасажырскай, грузавой і спецыяльнай тэхнікі быў ці не найбольшым сярод блізкіх суседзяў.
Дзякуючы дзяржаўнай праграме, зацверджанай украінскім урадам для замены грамадскага транспарту, у фінансаванні якой былі задзейнічаныя і крэдыты двух еўрапейскіх банкаў, геаграфія беларускіх аўтобусаў і тралейбусаў імкліва пашыралася з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень Украіны. Дылеры беларускай тэхнікі перамагалі на большасці тэндараў. З’явіліся ва Украіне і зборачныя вытворчасці беларускіх тралейбусаў, камунальнай і сельскагаспадарчай тэхнікі.
У грузавым транспарце Мінскі аўтамабільны завод увогуле трымае траціну ўкраінскага рынку, апярэджваючы сусветныя брэнды Mercedes-Benz, MAN, Scania, Ford Trucks, Volvo Trucks і ўкраінскі КрАЗ.