«У тым, што будучыня мала каго ўзрадуе, упэўненыя практычна ўсе». Што беларусы думаюць пра інфляцыю

Паводле афіцыйных даных, апублікаваных нядаўна, інфляцыя ў краіне знаходзіцца на анамальна нізкім узроўні — менш за 3%. Гучыць выдатна, але праблема ў тым, што большасць людзей ніяк не можа паставіць знак «роўна» паміж малюначкам з тэлевізара і тым, што яны адчуваюць у рэальным жыцці.

Малюнак з gas-kvas.com

Малюнак з gas-kvas.com

Праводзячы вывучэнне інфляцыйных чаканняў насельніцтва, Нацбанк стараўся адсочваць, наколькі вялікая розніца паміж гэтымі двума «паралельнымі светамі». Напэўна ён праводзіць апытанні і цяпер, але данымі не дзеліцца ўжо больш за год. Таму эканамісты праекту «Кошт урада» ў чарговы раз вырашылі правесці ўласнае апытанне.

Важна адзначыць, што вывучэнне інфляцыйных чаканняў вельмі важнае для разумення таго, што адбудзецца, напрыклад, з курсам нацыянальнай валюты ў будучыні. Таму што ў немалой ступені менавіта яны яго і фармуюць. Мы можам назіраць цікавы парадокс, пры якім думкі людзей пра сваю будучыню яе фактычна матэрыялізуюць.

Сфармаваныя інфляцыйныя чаканні прыводзяць да пэўнай стратэгіі кіравання асабістымі фінансамі, а гэта, у сваю чаргу, уплывае на спажывецкія паводзіны. У выніку чаканыя значэнні адбіваюцца на рэальнай інфляцыі. Такую сітуацыю называюць «самазбыўным прароцтвам».

І вось Нацбанк чамусьці не хоча, каб мы з вамі ведалі, што людзі думаюць пра будучыню нацыянальнай эканомікі. Але мы вырашылі, што маем права ведаць, і ўжо ў чацвёрты раз правялі апытанне, выкарыстоўваючы пытанні Нацбанка, каб даведацца, што ж ад нас хочуць схаваць.

Трэба ўдакладніць: мы разумеем, што наша выбарка досыць вузкая, нас чытаюць людзі з пэўнымі інтарэсамі, часцей больш адукаваныя і сацыяльна актыўныя. Акрамя гэтага, у нашых апытаннях удзельнічае 500-700 чалавек, а ў апытаннях Нацбанка — некалькі тысяч. Аднак, атрыманыя даныя могуць сказаць нямала цікавага, таму што адлюстроўваюць, у першую чаргу, тэндэнцыю.

Мы бачым, што насельніцтва сапраўды адчула зніжэнне інфляцыі. Але далёка не да тых межаў, пра якія нам кажа афіцыйная статыстыка. Доля людзей, якія ацэньвалі рост коштаў як «вельмі моцны» ў лістападзе мінулага года складала 70%, і знізілася да цяперашняга чэрвеня да 34%. А вось доля тых, хто бачыць, што цэны «выраслі ўмерана», стала значна больш, павялічыўшыся з 20% да 38%.

2023_420_7_62_1366x1365.webp

Аптымістаў, якія ўпэўненыя, што кошты «выраслі нязначна» (што адпавядае афіцыйнай інфляцыі) у лістападзе 2022 было 2%, а цяпер стала 12%.

Таксама варта адзначыць, што больш, чым у два разы павялічылася колькасць фрустрыраваных — варыянт «цяжка адказаць» у першым апытанні абрала 5%, а ў апошнім ужо 11%. А такая няўпэўненасць фармуе пэўны, вельмі насцярожаны від ашчадных і пакупніцкіх паводзінаў — людзі проста не разумеюць, што рабіць з вольнымі грашыма.

Наступнае апытанне тычылася інфляцыйных чаканняў на будучыню. І тут мы бачым, што дынаміка змянілася не так моцна.

Мяркуючы па ўсім, бачанне эканамічнай будучыні ў беларусаў па-ранейшаму застаецца песімістычным, нават нягледзячы на тое, што некаторыя з іх адчулі, што тут і цяпер сітуацыя з цэнамі крыху змянілася ў лепшы бок. Доля людзей, якія ўпэўненыя, што кошты будуць расці хутчэй, чым цяпер, павялічылася з 26% да 32%.

Упэўненых, што яны будуць прырастаць гэтак жа інтэнсіўна, вырасла з 44% да 49%. А вось доля тых, хто лічыць, што цэны будуць расці больш павольна, знізілася ўдвая — з 25% да 12%.

2023_421_7_63_1366x1366.webp

Важна адзначыць, што колькасць фрустрыраваных беларусаў у гэтым пытанні практычна не змянілася. Мы назіраем парадаксальную сітуацыю: звычайна людзі могуць з упэўненасцю сказаць, як прайшоў іх год, але сумняваюцца ў тым, што будзе ў будучыні. Апытанні паказалі карціну наадварот: беларусы не могуць зразумець, што з імі адбылося, але ў тым, што будучыня мала каго ўзрадуе, упэўненыя практычна ўсе.

Разгледзім таксама сітуацыі з ацэнкай сітуацыі цяпер і планамі больш дэталёва і падрабязней. Мы можам паглядзець на ацэнку бягучай сітуацыі па інфляцыі ад Нацбанка (рост коштаў на 2,9% за год) і параўнаць яе з адчуваннямі нашых чытачоў. Як мы бачым, 84% беларусаў мяркуюць, што інфляцыя была большая, 10% не могуць назваць канкрэтны паказчык, і толькі 5% згодныя, што кошты выраслі на 2-5%.

2023_422_7_64_1366x1366.webp

І апошні графік прагнозаў на будучыню. Мы ведаем, што Нацбанк плануе ўтрымаць інфляцыю ў рамках 7-8%. Пры гэтым МВФ лічыць, што яна складзе 11%, А ЕБР — 7,8%. А вось траціна беларусаў упэўненая, што кошты вырастуць больш чым на 17%, яшчэ траціна лічаць, што павелічэнне складзе 11-17%, і толькі 22% хоць бы збольшага гатовая пагадзіцца з чаканнямі Нацбанка.

2023_423_7_65_1366x1366.webp

Падводзячы вынік, можна сказаць, што насельніцтва дастаткова добра разумее рэальную цэнавую сітуацыю, афіцыйныя лічбы росту коштаў успрымае з ладнай доляй скепсісу, а ў прагнозах хутчэй абапіраецца на ўласныя адчуванні, чым на экспертныя меркаванні. Мінулыя тры дзясяткі гадоў жыцця ва ўмовах ужо не савецкай, але яшчэ не рынкавай эканомікі спрыялі выпрацоўцы ў беларусаў інфляцыйнага нюху, гена цэнавых чаканняў, які рэдка падводзіць.