У РФ растуць цэны на паліва, але пакуль іх збіваюць за кошт паставак з Беларусі
Праз падаражанне паліва расійскім НПЗ хочуць вярнуць ранейшыя субсідыі, але пакуль не зразумела, ці вернуць на самай справе, бо няма чым кампенсаваць выдаткі ў бюджэце РФ. А пакуль кошты збіваюць за кошт паставак з Беларусі.
Расійскім НПЗ хочуць вярнуць субсідыі. Зрэшты, пакуль не зразумела, за кошт чаго будуць кампенсаваныя выдаткі расійскага бюджэту ў выпадку вяртання да поўных выплат.
У расійскіх СМІ сцвярджаюць, што Мінэнерга РФ прапануе вярнуць раней скарочаныя субсідыі мясцовым НПЗ з-за істотнага росту цэнаў на паліва. Пакуль ідуць абмеркаванні, сітуацыю спрабуюць урэгуляваць за кошт паставак з Беларусі – наўзамен беларускім прадпрыемствам абяцаюць зніжкі на сыравіну.
Як паведамляе «Коммерсантъ» са спасылкай на ўласныя крыніцы, вынікам скарачэння субсідый расійскім НПЗ па дэмпферным механізме (з верасня яны зменшыліся ўдвая), стаў сур'ёзны рост коштаў на паліва, якія ў некаторых рэгіёнах Расіі б'юць рэкорды: так, толькі за 4 верасня бензін АІ-92 падаражэў у РФ на 0,3%, а дызпаліва – на 0,4%.
«Мінфін РФ летам ва ўмовах недаатрымання нафтагазавых даходаў дамогся таго, каб з верасня памер выплаты па дэмпферы на бензін і дызпаліва быў скарочаны ўдвая на тэрмін да канца 2026 года. Яшчэ вясной планы Мінфіна скараціць дэмпфер справакавалі рост аптовых коштаў на бензін, якія ў жніўні ледзь не штодня абнаўлялі гістарычныя максімумы. Кошт дызпаліва таксама знаходзіцца на максімальных узроўнях. 4 верасня АІ-92 і дызпаліва падаражэлі на 0,3% і 0,4%, да 64,8 тыс. і 68,3 тыс. руб. за тону адпаведна. Паводле ацэнак Reuters, сумарныя выплаты нафтавікам па жнівеньскім дэмпферы могуць скласці каля 280 млрд рублёў», — піша выданне «Коммерсантъ».
На думку суразмоўцаў выдання, вяртанне дэмпфера з'яўляецца адной з нямногіх мераў, здольных знізіць аптовыя цэны на бензін і дызель, таму Міністэрства энергетыкі Расіі прапануе вярнуць ранейшую схему.
У той жа час крыніцы «Коммерсанта» сцвярджаюць, што расійскія ўлады спрабуюць урэгуляваць сітуацыю з дапамогай паставак большых аб'ёмаў паліва з Беларусі – нібыта дасягнутыя дамоўленасці ўключаюць прадастаўленне дысконту на расійскую нафту, якая ідзе на айчынныя нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы.
Тым не менш у Міністэрстве фінансаў Расіі газеце «Коммерсантъ» паведамілі, што аб вяртанні да старой схемы выплат па дэмпферы гаворкі пакуль не ідзе, а ў Мінэнерга краіны не адказалі на запыт.
Крыніцы паведамілі газеце, што Мінфін на самай справе не супраць вяртання механізму выплат, аднак хоча кампенсаваць дадатковыя бюджэтныя выдаткі. Раней у Расіі гэта было магчыма з дапамогай павелічэння падатку на здабычу карысных выкапняў, але ў наступным годзе ён і так вырасце з-за завяршэння падатковага манеўру. Пры гэтым адзначаецца, што любыя змены дэмпфера магчымыя ў краіне не раней за лістапад.
Нагадаем, раней «Коммерсантъ» паведамляў, што ў Беларусі разглядаюць варыянты істотнага скарачэння аб'ёмаў паставак паліва ў Расію ці нават іх поўнага спынення ў верасні праз перагляд дэмпфернай схемы, паводле якой айчынныя НПЗ фактычна атрымліваюць субсідыі з расійскага бюджэту.
Паводле myfin.by, www.kommersant.ru