«У Беларусі замест падаткаў — дзірка ад абаранка. А ёю пенсіянераў не накорміш»

Лукашэнка выціскае з краіны кампаніі, якія потым плацяць велізарныя падаткі ў іншых краінах. Пенсіянеры Літвы і Польшчы задаволеныя. А беларускія пенсіянеры выжываюць на 8 долараў на дзень.

_hroszy___deficyt___infljacyja___fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1_2.jpg


Амерыканская IT-кампанія «Softeq Development», якая распрацоўвае праграмнае забеспячэнне для Microsoft, Coca-Cola і Samsung, пакідае Беларусь. Паводле інфармацыі выдання @devby, кампанія ліквідуе Мінскі цэнтр распрацоўкі — пастанову аб гэтым прыняў уласнік фірмы яшчэ ў пачатку вайны РФ супраць Украіны.

У мінскім офісе працавала каля 280 супрацоўнікаў, большасць з іх, верагодна, рэлакаваліся ў Літву.

— Паводле літоўскай статыстыкі, Wargaming і беларускі Epam, зарэгістраваныя ў Літве (і фармальна з'яўляюцца літоўскімі кампаніямі), разам заплацілі ў першым квартале амаль 10 мільёнаў еўра падаткаў, — адзначае эканаміст Яраслаў Раманчук у выпуску на канале «Эканоміка здаровага сэнсу».

У гадавым выражэнні толькі гэтыя дзве кампаніі плацяць дзясяткі мільёнаў долараў падаткаў, каб гэтыя грошы ішлі на патрэбы літоўскай дзяржавы. Адной з такіх патрэб з'яўляецца выплата пенсій і сацыяльных дапамог.

Эксперт адзначае: па даных Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой, больш за дзве тысячы кампаній пакінулі Беларусь пасля 2020 года.

— Але нязменна адно — гэтыя кампаніі працуюць на рынку і плацяць не толькі добрыя заработныя платы сваім работнікам, але і падаткі. У адной краіне, якая клапоціцца пра кожнага падаткаплацельшчыка, думае, як пашырыць базу, каб было як мага больш крыніц для падатковых паступленняў.

А іншая краіна выганяе гэтыя кампаніі — ну, пляваць: што такое дзясяткі мільёнаў долараў ад двух вядучых кампаній, што такое тысяча працоўных месцаў для моладзі з інжынернай, фізіка-матэматычнай адукацыяй? Хай у нас лепш будуць спецыялісты па гароху, гнаі і азімым ячмені. Гэта таксама варыянт, але давайце параўнаем: ці змогуць аграрнікі, прадстаўнікі традыцыйнага для Беларусі сектара прамысловасці, плаціць такую ж заработную плату і столькі ж падаткаў, як IT-сектар?

Падкрэсліваю: дзве тысячы кампаній, якія сышлі з Беларусі — гэта дзясяткі тысяч працоўных месцаў. Ці ёсць ім замена? Не. Па апошняй статыстыцы рынку працы рабочая сіла складае ўжо менш за 4 млн 180 тысяч. Гэта колькасць пастаянна скарачаецца — дзясяткаў тысяч людзей не далічваецца рынак працы, а гэта, зноў-такі, падаткі, попыт.

Краіна, у якой 2,7 мільёна пенсіянераў (улічваючы вайскоўцаў і супрацоўнікаў спецслужбаў), дадае эксперт, пачынае гібець. Пакуль яшчэ рэсурсы на выплату мізэрных пенсій ёсць. Сярэдняя пенсія ў Беларусі сёння забяспечвае штодзённы даход каля васьмі долараў на дзень.

— Ці можна пражыць на гэтыя грошы ні ў чым сабе не адмаўляючы? Гэта грошы, каб проста не пакласці зубы на паліцу. Павышаць пенсіі дзяржаве складана, таму што яна сваімі рукамі душыць і ліквідуе бізнес.

Спачатку трэба дадушыць вытворцаў тавараў і паслуг, стварыць умовы, у якіх яны палічаць немагчымым заставацца ў краіне. Потым яны перамяшчаюцца ў іншыя краіны, ствараюць працоўныя месцы, плацяць падаткі. А ў Беларусі замест падаткаў — дзірка ад абаранка. Ёй пенсіянераў не накорміш. Застаецца інфляцыйны падман.

Кажуць пра варожы Захад, NATO, чорныя віхуры, якія веюць над краінай, а напраўду крыніцай гэтага збяднення насельніцтва і паступовага скарачэння працоўных прадпрыемстваў з'яўляецца сам Лукашэнка са сваім ЗАТ «Сям'я».

І калі ў Беларусі саюзы прадпрымальнікаў становяцца неадрознымі ад партыйных структур, камсамола і выканкама ўлады, мы разумеем, што краіна ідзе да заняпаду. А беларускі дзяржсектар ніколі не быў драйверам, і не будзе.

Затое пенсіянерам Літвы і Польшчы вельмі добра, таму што 80% беларускіх кампаній, якія з'ехалі, з'ехалі менавіта ў гэтыя краіны, — заключае Яраслаў Раманчук.