Скарацілася ў 15 разоў! Сумныя вынікі сальда знешняга гандлю Беларусі за студзень-чэрвень

Уцёкі ІТ і закрытыя межы і звязаныя з гэтым праблемы ў транспартнай сферы кепска кампенсуюць куплю тавараў за мяжой.

_belarus_ekanomika_czorny_kot_zyccjo_2023_fota_novy_czas__1_.jpg

Статыстыку знешняга гандлю пільна адсочвае Нацбанк, бо знешнеэканамічная дзейнасць вызначае попыт на валюту, а яе курс, у сваю чаргу, уплывае на інфляцыю ў Беларусі, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы». 

У тэме беларускага экспарту важна тое, што асноўны аб'ём знешняга гандлю фарміруецца ў таварах, але пры гэтым вызначальнай з'яўляецца роля паслуг.

Традыцыйна Беларусь пастаўляе на знешнія рынкі менш тавараў, чым сама купляе з-за мяжы. Таму па таварах звычайна складваецца адмоўнае сальда знешнегандлёвага балансу. Прычына простая — краіна закупляе вялікі аб'ём паліўна-энергетычных рэсурсаў.

А вось па паслугах сітуацыя адваротная — іх Беларусь пастаўляе на замежныя рынкі значна больш, чым купляе з-за мяжы. У апошні час заробленых на знешнім гандлі паслугамі сродкаў хапала, каб перакрыць адмоўнае сальда гандлю таварамі. Але сёлета сальда рэзка скарацілася.

За студзень-чэрвень 2023 года, паводле метадалогіі Нацбанка, адмоўнае сальда знешняга гандлявалі таварамі склала $1,2 млрд, а станоўчае па паслугах за той жа час $1,4 млн. 

Гэта дазваляе Беларусі ўсё яшчэ гандляваць са знешнім светам на сваю карысць (+$167 млн у студзені-чэрвені 2023 года). Аднак годам раней, у першым паўгоддзі 2022, сальда знешняга гандлю было ў плюсе на $2,4 млрд. 

Гэта значыць, цяпер яно скарацілася амаль у 15 разоў! Як бачым, у бягучым годзе гандлю паслугамі ўсё складаней пакрываць адмоўнае сальда па таварах.


photo_2023_08_18_15_16_55.jpg

Прычын гэтаму некалькі.

Па-першае, імпарт тавараў аднаўляецца хутчэй за экспарт. Так, за студзень-чэрвень 2023 года пастаўкі беларускіх тавараў на знешнія рынкі прыраслі на 12,2%, а вось імпарт пры гэтым павялічыўся на 21,3%. Рост імпарту можа быць звязаны са схемамі абыходу антырасійскіх санкцый, а недастатковы рост беларускага экспарту — са складанасцямі ў прасоўванні на новых рынках.

Па-другое, экспарт паслуг наогул падае, а іх імпарт, наадварот, расце. За шэсць месяцаў 2023 года да аналагічнага перыяду 2022 года пастаўкі на знешнія рынкі беларускіх паслуг упалі на 5,1%, а аб'ём імпарту замежных паслуг вырас на 26,8%. 

Падзенне экспарту паслуг звязана з праблемамі ў ІТ, а таксама ў транспартнай сферы. 

Рост імпарту тут можа быць следствам падаражання лагістыкі ва ўмовах санкцыйных абмежаванняў.