Рэкорд па мінусе

Наш урад і кіраўніцтва Нацбанка трэба ці здаць у музей, ці з лекцыямі вазіць па буйных краінах і паказваць вядучым эканамістам света. Хай патлумачаць, як пры павелічэнні агульнага «пірага» на 1,5%, яны на 60% павялічылі колькасць «лыжак» да яго.



dienjhi.jpg

Цэны за студзень пабілі ўсе рэкорды. Пры вельмі аптымістычным намеры нашага ўрада стрымаць планку росту цэнаў на ўзроўні 10–12% за 2013 год, толькі за першы месяц кошты, па дадзеных Белстата, ўзраслі на 2,4%. Улічваючы, што наперадзе яшчэ 11 месяцаў, падаецца, што прагнозныя паказчыкі наўрад ці будуць выкананыя.

Найбольшы прырост цэн з пачатку месяца, як паведамілі ў Белстаце, адзначаны на тытунёвыя вырабы (26,1%) і гарэлку (4,6%). Падаражэў бензін (5,2%) і паслугі сувязі (20%), чыгуначны транспарт рэгіянальнага ўзроўню эканом-класа (16,7%) і міжнародных зносін (7,2%), санаторна-аздараўленчыя паслугі (8,4%).

Але асабліва непакоіць рост цэнаў на тавары сельскай гаспадаркі. Здаецца, садавіна-гародніна збіралася восенню, і даражэць не павінна. Але гэта склалася не так. Бурак падаражэў на 15,8%, капуста белакачанная свежая — на 12,6%, морква — на 11,7%, памідоры свежыя — на 11,6%, агуркі свежыя — на 10,4%, цыбуля — на 7, 4%. Ну і гэтак далей.

Для даведкі: інфляцыя за студзень 2012 года складала 1,9%, а за студзень 2011-га — 1,4%. Прычым, гэтыя месяцы былі «перадкрызісным» (2011) і «посткрызісным» (2012). Зараз упэўнена было заяўлена, што з крызісу мы вышлі, і тут — на табе…

Эканамісты, дарэчы, не бачаць у гэтым нічога дзіўнага. Па меркаванні Антона Болтачкі, мы расплачваемся за тое, што выканалі прагнозныя паказчыкі інфляцыі за 2012 год. Па ягоных словах, калі паглядзець на тавары, цэны на якія раслі хутчэй за ўсё, то выявіцца, што гэта тавары і паслугі, цэны на якія рэгулююцца дзяржавай. Таму збольшага можна сцвярджаць, што чыноўнікі адмыслова «перанеслі» інфляцыю на пачатак года: каб абавязкова выйсці на прагнозныя паказчыкі інфляцыі ў 2012 годзе. Гэта трэба было зрабіць з «псіхалагічнага пункту гледжання», бо ва ўлады і так быў правалены асноўны паказчык — паказчык па росту валавога ўнутранага прадукту. Праваліць яшчэ адзін з найважнейшых паказчыкаў было б зусім глупствам. Такім чынам, студзень чакала «адкладзеная» інфляцыя з лістапада-снежня 2012 года.

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія», эканаміст Леанід Заіка называе гэтую інфляцыю яшчэ і «інфляцыяй попыту». З ягоных словаў, беларусы вельмі аптымістычна ўспрынялі рост заробкаў у лістападзе-снежні 2012 года. І кінуліся пад Новы год набываць ежу, рэчы, падарункі родным. Таму, зразумела, што «навагодняе застолле» у немалой ступені выклікала падаражанне прадуктаў. «Павялічыўся попыт — папаўзлі ўверх кошты, — пайшла ўгару інфляцыя», — кажа Заіка. Хаця ён і не робіць з лічбы 2,4% вялікай трагедыі. На яго думку, такую інфляцыю «у межах двух працэнтаў невядома як падлічылі».

Але што рабіць далей ураду? Як Болтачка, так і заіка сумняваюцца ў тым, што ў 2013 годзе можна будзе ўтрымаць інфляцыю на ўзроўні запланаваных паказчыкаў. Па-першае, ужо зараз запланавана павышэнне коштаў на некаторыя тавары і паслугі ЖКГ. Па-другое, калі прадоўжыцца палітыка паскарэння эканамічнага росту, інфляцыі нам не пазбегнуць.

Леанід Заіка ўпэўнена кажа: утрымаць інфляцыю на ўзроўні 12% за год можна будзе, але «не з гэтым урадам». І пытанне тут не ў кантролі за коштамі, а ў кантролі за грашыма, якія ўрад дае насельніцтву. Па словах спецыяліста, у той час, як ВУП краіны вырас на 1,5%, на 60% вырасла агульная грашовая маса. «Наш урад і кіраўніцтва Нацбанка ўвогуле трэба альбо здаць у музей, альбо ў якасці экспанату з лекцыямі вазіць па буйных краінах і паказваць вядучым эканамістам света. Хай там яны патлумачаць, як пры павелічэнні агульнага «пірага» на 1,5%, яны на 60% павялічылі колькасць «лыжак» да гэтага пірага, і маюць намер утрымаць інфляцыю на 10%». — вобразна кажа Заіка.

Таму, па ягоных словах, Нацбанку і ўраду трэба «звязаць рукі», альбо замяніць іх на больш рэалістычных людзей.

Зрэшты, Антон Болтачка не выключае, што «на паперы» ўсё можа выглядаць вельмі паспяхова: «Улічваючы, што Белстат можа ўплываць на лічбы, то статыстычна інфляцыя можа заставацца на ўзроўні ніжэй фактычнага, і нават мы зможам выканаць прагнозныя паказчыкі», — кажа ён. Але каму ад гэтага будзе добра?

Пакуль што эканамісты не бачаць, як урад будзе выконваць прагнозныя паказчыкі па інфляцыі. Справа з тым, што, па меркаванні Заікі, гэтыя прагнозы і рэальная дзейнасць — проста прафесійныя памылкі. І здараецца гэта таму, што ў Беларусі няма прафесійнага макраэканамічнага кіравання: няма каму вытрымліваць прапорцыі грашовай масы, ВУП і інфляцыі. «Зрэшты, усё павінна быць, як у Галівудзе: там прапорцыі 90 х 60 х 90, і ніхто ад іх не адыходзіць. У нас жа прапорцыі 110 х 120 х 130, мы робім, што хочам. Без прапарцыйнасці ніякія прагнозы па інфляцыі не вытрымаюцца», — кажа Заіка.

Так што беларусам трэба ізноў шукаць варыянты, каб захаваць свае грошы ў надзейным ад інфляцыі месцы. Тое, што яна будзе прырастаць — ні для каго, здаецца, не сакрэт. Інфляцыю можна якую заўгодна «намаляваць на паперы», але ў гаманцах людзей, безумоўна, будуць іншыя лічбы.

А ўладзе трэба паберагчыся з аптымістычнымі прагнозамі. На носе, ўжо ў гэтым годзе — пачатак новай выбарчай кампаніі, на гэты раз у мясцовыя саветы. Самі выбары — увесну 2014 года. І ад таго, як беларусы пражывуць 2013 год, залежыць і тое, якія «лічбы даверу» атрымае сённяшняя ўлада ў наступным. А пакуль што такія лічбы з’ядае тая самая інфляцыя.