Рэальны памер пенсій у Беларусі скарачаўся цягам пяці месяцаў запар
Фармальна ж сярэдняя пенсія вырасла ў маі на 80 капеек — да 483,4 рубля.
Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у снежні-красавіку сярэдні памер прызначаных пенсіяў быў нязменным: 482,6 рубля. У маі ён нават вырас на 80 капеек. Але штомесяц з пачатку 2021 года рэальны памер пенсій толькі змяншаўся: на 1,1% у студзені, на 1,9% у лютым, на 0,7% у сакавіку і красавіку, на 0,4% у маі, адзначае «Белсат».
Майскія 483,4 рубля — 191,08 долара паводле
сярэднемесячнага курсу Нацбанку. Годам раней беларускім пенсіянерам у сярэднім
прызначалі 433,3 рубля — тады гэта было роўным 178 з паловай долара (беларускі
рубель рэзка ўпаў да долара ў сакавіку).
Сярэдні налічаны заробак (да вынятку падаткаў і збораў)
склаў у маі-2021 1419,6 рубля (561,15 долара), вырас з пачатку году на 129,6
рубля. Найбольш зарабляюць у IT, там сярэдні налічаны заробак склаў 6368,7
рубля. Найменш — у сацыяльных паслугах, там 782,9 рубля. Настаўнікам налічылі
1129,2 рубля, лекарам — 2205,9 рубля.
Аднак заробак сярэднестатыстычнага беларуса ніжэйшы за
сярэдні. Так званы медыянны заробак — заробак чалавека «ў сярэдзіне спісу»,
адносна якога палова беларусаў зарабляе больш, а палова менш. Статыстыку аб
медыянным заробку раней публікавалі два разы на год, у маі і лістападзе. Але
сёлета ў маі не сталі публікаваць, а ў мінулым лістападзе сярэднестатыстычны
беларус меў налічаны заробак усяго 944,4 рубля, тады як сярэдні заробак быў
роўным 1300,5 рубля.
4,2% беларусаў жывуць за мяжой беднасці — з сярэднедушавымі
рэсурсамі, ніжэйшымі за бюджэт пражыткавага мінімуму. Той бюджэт роўны 273,27
рубля (каля 108 долараў) у сярэднім на душу насельніцтва.