Расія павялічыць пастаўку нафтапрадуктаў для перапрацоўшчыкаў Беларусі
Расія павялічыць аб'ём паставак нафтапрадуктаў для беларускіх перапрацоўчых прадпрыемстваў на 10% ужо ў наступным годзе, распавёў надзвычайны і паўнамоцны пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Міхаіл Бабіч.
Аб'ём паставак нафтапрадуктаў павялічыцца на 10% у параўнанні з 2018 годам, удакладніў Міхаіл Бабіч. Да гэтага прыйшлі пасля дыскусіі, якая працягвалася ў Сочы ў адносінах да так званых індыкатыўных балансаў па пастаўках нафтапрадуктаў з Расіі ў Беларусь.
— Справа нават не ў працэнтах, а ў тым, што мы бачым, як развіваюцца нафтахімічныя вытворчасці, і разумеем, што ім трэба сыравіна. Па вялікім рахунку, столькі, колькі трэба будзе яе ім для спажывання, столькі і будзе пастаўляцца па выніках сумесных перамоваў, — сказаў пасол.
Перамовы па гэтай частцы завяршаюцца — вызначаюць канчатковыя лічбы спажывання.
— Гэты аб'ём будзе пастаўляцца ў рамках індыкатыўных балансаў, якія будуць вызначацца кожны год. Мала таго, у пагадненні будзе прадугледжаны механізм: у выпадку абгрунтаванага павелічэння спажывання нафтапрадуктаў гэтыя балансы могуць пераглядацца на працягу года, — сказаў Міхаіл Бабіч.
Паводле яго слоў, індыкатыўныя балансы, якія ёсць цяпер, хай і вызначаюцца кожны год, але маюць «рамачна ўсталяваную форму», гэта значыць не абавязковую да выканання. Пасол мяркуе, што будзе падпісана пагадненне, якое вызначыць абавязковасць да выканання гэтых індыкатыўных балансаў.
Што да так званых цёмных нафтапрадуктаў, то перамовы па іх пастаўках працягваюцца. Іх вынікі абвесцяць кіраўнікі Расіі і Беларусі.
Паводле tut.by