Нешта не так? Тэрміны запуску БелАЭС перасунулі на зіму
Першы энергаблок Беларускай АЭС запусцяць у снежні 2019 года, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Ляшэнка на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета рэспублікі.
Паводле яго, па ўсіх тэхналагічных сістэм першага энергаблока вядуцца пусканаладачныя работы: «Генпадрадчыкам плануецца ўключэнне энергаблока ў энергасістэму краіны ў снежні 2019 года. На другім энергаблоку паўнамаштабна вядуцца работы па мантажы тэхналагічнага абсталявання. Яго ўключэнне плануецца ў наступным годзе», — цытуе Ляшэнку sb.by.
З улікам уводу ў дзеянне Беларускай АЭС вядзецца праца па яе інтэграцыі ў энергасістэму і эканоміку краіны. Прынятыя на ўзроўні ўрада рашэнні па стымуляванні развіцця ў краіне электратранспарту, будаўніцтва жылля, сацыяльных аб’ектаў з выкарыстаннем электраэнергіі на ацяпленне і падагрэў вады.
«У прыватнасці, да 2030 года плануецца пабудаваць больш за 1300 зарадных станцый, для якіх будзе устаноўлены стымулюючы ўзровень тарыфаў з яго дыферэнцыяцыяй па часавых перыядах, — адзначыў Ляшэнка. — Прынятае рашэнне аб усталяванні з 1 кастрычніка 2019 года для бюджэтных арганізацый індывідуальнага тарыфу на электраэнергію для мэтаў ацяплення і гарачага водазабеспячэння».
Нагадаем, што ў красавіку на форуме «Атамэкспа» ў Сочы намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк заяўляў, што пуск першага энергаблока БелАЭС запланаваны на восень.