Найбуйнейшыя беларускія прадпрыемствы за год звольнілі больш за 17 тысяч чалавек

Па дадзеных Міністэрства фінансаў Беларусі, за год 30 буйных беларускіх наймальнікаў звольнілі звыш 17 тысяч работнікаў. Гэта вынікае са справаздачы аб дзейнасці адкрытых акцыянерных таварыстваў за II квартал 2015 года, які апублікавала фінансавае ведамства.



bezrab1.jpg

Як піша БелаПАН, самыя масавыя скарачэнні работнікаў адбыліся ў машынабудаўнічай галіне. Так, «МАЗ» звольніў 2.300 чалавек, «МТЗ» — 1.756, «БелАЗ» — 1.195, «Гомсельмаш» — 1.073.

Вялікія скарачэння адбыліся таксама на найбуйнейшых прадпрыемствах калійнай, нафтахімічнай і будаўнічай галін: «Беларуськалій» скараціў 1.187 чалавек, «Нафтан» — 1.141, «Белшына» — 1.434, «МАПІД» — 847.

Прадпрыемствы вымушаныя скарачаць персанал з-за неспрыяльнай сітуацыі на знешніх рынках, тлумачаць эксперты. Як правіла, беларуская прадукцыя не знаходзіць збыту ў Расіі, таму заводы скарачаюць аб’ёмы вытворчасці. Гэта, у сваю чаргу, штурхае кіраўніцтва прадпрыемстваў да перакладу супрацоўнікаў на няпоўны працоўны тыдзень альбо да скарачэнняў.

«Калі раней, пры больш-менш добрай кан’юнктуры на знешніх рынках, калі збыт быў больш-менш забяспечаны, прадпрыемствы з сацыяльных падахвочванняў маглі трымаць лішнюю частку рабочай сілы, то цяпер сітуацыя настолькі пагоршылася, што прадпрыемствы ўжо не могуць цягнуць гэты баласт, таму прыступілі да яго расчыстцы», — адзначаў раней у каментары БелаПАН старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец.