Нацбанк і эканамісты каментуюць дэкрэт Лукашэнкі па ўкладах

З 12 лістапада ў Беларусі змяняецца класіфікацыя банкаўскіх укладаў



nb.jpg

newsbel.by

Гэта прадугледжана дэкрэтам № 7 "Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)", які 11 лістапада падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Адзначаецца, што дакумент пачаў дзейнічаць з дня яго афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне толькі на новыя дамовы, адзначае прэс-служба Нацбанка.

У адпаведнасці з дэкрэтам, дамовы тэрміновага і ўмоўнага банкаўскага ўклада будуць падраздзяляцца на безадзыўныя і адзыўныя. Іх галоўнай асаблівасцю стануць умовы датэрміновага вяртання ўклада.Так, пры заключэнні адзыўной дамовы прадугледжваецца магчымасць, калі ўкладчык па сваёй ініцыятыве датэрмінова вяртае ўклад (тэрміны і ўмовы будуць прапісвацца ў дамове паміж банкам і ўкладчыкам). А вось у безадзыўной дамове такога няма і вярнуць грошы датэрмінова можна толькі са згоды банка.

Падкрэсліваецца, што дамовы, заключаныя да 12 лістапада, будуць выконвацца на ранейшых умовах.

Нацбанк адзначае, што новыя падыходы да класіфікацыі банкаўскіх укладаў цалкам адпавядаюць міжнароднай практыцы.

Яшчэ адно новаўвядзенне з дэкрэта № 7 — змяненне падыходаў да льготнага падаткаабкладання даходаў, атрыманых фізічнымі асобамі ў выглядзе працэнтаў па банкаўскіх рахунках і ўкладах (дэпазітах). З 1 красавіка 2016 года ўжо не будуць падлягаць вызваленню ад падаходнага падатку з фізічных асобаў працэнтныя даходы, атрыманыя пры фактычным размяшчэнні грошай на бягучых банкаўскіх рахунках і ва ўкладах (дэпазітах) на тэрмін меншы за 1 год — у беларускіх рублях, і меншы за 2 гады — у замежнай валюце. Пры гэтым падаходны падатак будуць спаганяць толькі з працэнтных даходаў, а не з усёй сумы ўкладу. І толькі ў тым выпадку, калі працэнтная стаўка, па якой ён быў атрыманы, перавышае памер дзейнай у банку працэнтнай стаўкі па ўкладу да запатрабавання. Банк сам разлічвае суму падатку і пералічыць яе ў дзяржбюджэт.

Нацбанк адзначае, што дэкрэт № 7 мусіць паспрыяць фармаванню банкамі Беларусі "доўгатэрміновай рэсурснай базы" і больш спрыяльнаму яе выкарыстанню, у тым ліку "за кошт павышэння даступнасці крэдытаў для суб'ектаў гаспадарання і насельніцтва".

«Урад шукае любыя шляхі для папаўнення бюджэту. З іншага боку, гэта спроба стабілізацыі на дэпазітным рынку, на грашовым рынку. Каб людзі панеслі грошы на дэпазіты на большыя тэрміны і не маглі адразу іх зняць. Гэта спроба адміністратыўна, з дапамогай падатковага пакарання, стабілізаваць рэсурсы для банкаў. У некаторых краінах нешта падобнае ёсць. Гэта ў тых краінах, дзе дрэнныя справы з інфляцыяй, няўстойлівай валютай і так далей. Там прымаюць любыя меры, у тым ліку падобныя і да тых, якія прымае прэзідэнт Беларусі», — пракаментаваў «Свабодзе» новы дэкрэт былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч.

З калегам пагаджаецца і Леанід Злотнікаў:

"Трэба шукаць крыніцы для бюджэту. З прадпрыемстваў няма чаго браць, шмат стратных і нізкарэнтабельных прадпрыемстваў. Гэта буйныя прадпрыемствы, якія раней папаўнялі бюджет. Урад спрабуе знайсці грошы, з чаго магчыма".

"Для кароткіх укладаў працэнтная стаўка будзе на 13% ніжэй. Выгаду атрымлівае бюджет, банк усё адно будзе выплочваць грошы па ўкладу. Прасцей было б проста панізіць працэнтную стаўку і банкам было б лепш. А так банкам лепш не становіцца, толькі бюджету. Задача, каб кароткатэрміновых укладаў стала менш”, — выказаў меркаванне Еўрарадыё эканаміст Сяргей Чалы.