Нацбанк: да ліпеня цэны будуць расці хутчэй, а потым — павольней
Да канца першага паўгоддзя гадавая інфляцыя (з чэрвеня 2020 года да чэрвеня 2021 года) складзе 9%. Пра гэта паведаміў 19 красавіка намеснік начальніка ўпраўлення эканамічнага аналізу Нацбанка Пётр Мілеўскі на прэс-сняданку ІПМ, перадае «Еўрарадыё».
Такую выснову Нацыянальны банк зрабіў па выніках апытання 1400 кампаній. З іх 90% чакаюць, што павялічаць свае адпускныя цэны да канца паўгоддзя, яшчэ 36% лічаць, што цэны стануць расці хутчэй.
— У другім квартале тэмпы росту цэн могуць павялічыцца, але ў другім паўгоддзі гэтыя тэмпы будуць зніжацца, — кажуць «Еўрарадыё» ў прэс-службе Нацыянальнага банка.
Гадавая інфляцыя па выніках сакавіка 2021 года склала 8,5%. Мэтавы паказчык на 2021 год — не больш за 5%. Але ўжо цяпер у Нацбанку не разлічваюць, што ён будзе выкананы.
— І да канца года ў гадавым выражэнні інфляцыя будзе каля сямі адсоткаў, — рэзюмуюць у прэс-службе рэгулятара.