«Лізінгавая гавань закрываецца». Самалёты «Белавія» пакідаюць Беларусь. З-за санкцый?

Гендырэктар авіякампаніі распавёў пра тое, чаму «лізінгавая гавань» закрываецца і што цяпер збіраецца рабіць «Белавія», піша «Еженедельник».

belavia_1_1166x800.jpg

2 снежня з'явілася інфармацыя, што два самалёты «Boeing 737-800» авіякампаніі «Белавія» былі выведзеныя з флоту ў апошнія дні. А гендырэктар Ігар Чаргінец распавёў пра вяртанне часткі лізінгавых самалётаў.

Паводле звестак сайта «Skyliner», два борты з рэгістрацыяй EW-438PA і EW-543PA ў Стамбуле «страцілі» беларускую рэгістрацыю і здабылі яе ў Сан-Марына (T7-438) і Ірландыі (EI-GYP)

Пасля іх перагналі ў аэрапорты Вонсдрэхта (WOE) і Астравы (OSR). У гэтых гарадах знаходзяцца базы па абслугоўванні паветраных суднаў і туды часта прылятаюць самалёты для перадачы паміж уладальнікамі.

Таксама з’явілася інфармацыя, што перагон самалётаў «Белавія» ў розныя месцы для захоўвання пачаўся некалькі тыдняў таму: «Першымі былі новыя "Embraer E2", якія перагналі ў Казахстан. Адной з прычын называюць адмову ад пастаўкі абнаўлення ПЗ самалётаў авіябудаўнічымі канцэрнам. Следам пайшлі "Boeing 737-800", якія паляцелі ў Стамбул, і Embraer'ы мінулага пакалення, якія аказаліся ў Баку».

Што кажуць у «Белавія»?

Нядаўна генеральны дырэктар «Белавія» Ігар Чаргінец у інтэрв'ю ўкраінскаму блогеру Усеваладу Непагодзіну распавёў пра тое, што праз санкцыі, магчыма, давядзецца вярнуць лізінгавыя самалёты.

Самі санкцыі ён назваў «спробай адабраць у авіякампаніі ўсе лізінгавыя самалёты».

Паводле яго слоў, на пачатак 2021 года ў лізінгу было 18 самалётаў «Белавія». Частку з іх ужо вярнулі, «калі так захацелі» лізінгавыя кампаніі. Колькі менавіта, ён не ўдакладніў.

«Мы набылі некалькі самалётаў, плануем яшчэ набыць, каб быць незалежнымі ад лізінгу. Мы пераарыентуемся на лізінг з краін не Еўрапейскага саюза. На жаль, гэтая лізінгавая "гавань" закрываецца», — сказаў Чаргінец.

Цяпер, лічыць Чаргінец, усе еўрапейскія лізінгавыя кампаніі, у якіх «Белавія» толькі планавала браць самалёты, вырашаць, што гэта не так проста, як здавалася.

«Ёсць для гэтага Кітай, ёсць іншыя краіны ў Еўропе, якія не належаць да ЕС, у Расіі будзем браць. Мы знойдзем борты для нашага парку. Частку самалётаў мы ўжо набылі, частку яшчэ набудзем», — адзначыў ён.