Латвія сабралася канфіскоўваць аўтамабілі з беларускімі нумарамі, а не толькі з расійскімі

Мінюст Латвіі рыхтуе законапраект аб канфіскацыі аўтамабіляў з расійскімі і беларускімі нумарамі. Але на якой стадыі знаходзіцца падрыхтоўка законапраекта, пакуль невядома.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Пра гэта абвясціла кіраўніца ўстановы Інэсе Лібіня-Эгнэрэ. Яна напісала ў сацсетцы X (раней Twitter), што, мяркуецца, машыны будуць забіраць, калі на працягу трох месяцаў яны не пакінуць краіну альбо не будуць перарэгістраваны ў латвійскай юрысдыкцыі.

На якой стадыі знаходзіцца падрыхтоўка законапраекта і калі яго плануецца ўнесці на разгляд парламента, пакуль не ўдакладняецца.


Нагадаем, раней Латвія, Літва, Польшча, Фінляндыя і Эстонія забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю аўтамабілям з расійскімі нумарамі. Такое рашэнне было прынята на аснове тлумачэнняў Еўракамісіі. Пра аўтамабілі з нумарамі Беларусі гаворка тады не ішла.

Фінляндыя, калі абвяшчала аб увядзенні забароны, адразу ж паведаміла, што аўтамабілі, якія ўжо знаходзяцца ў краіне і зарэгістраваны ў Расіі, павінны будуць выехаць на працягу паўгода.

Падатковая служба Латвіі, калі каментавала 14 верасня забарону на ўезд машын з расійскімі нумарамі, казала, што адбіраць аўтамабілі, якія ўжо знаходзяцца на тэрыторыі краіны, не будуць. Прынамсі, пра гэта пісала ВВС са спасылкай на латвійскую падатковую службу. Тады ж падаткавікі заявілі, што ў расіян пры пераходзе мяжы не будуць канфіскоўваць рэчы, якія значацца ў рэкамендацыях Еўрапейскай камісіі.

«Дазваляецца ўвозіць тавары, неабходныя для асабістага карыстання падчас паездкі, напрыклад, сродкі гігіены, сродкі догляду цела, касметыку, адзенне, тэлефоны», — гаворыцца ў адказе падатковай.

У падатковай Латвіі тыдзень таму таксама растлумачылі, што ўвоз асабістых рэчаў можа быць забаронены ў тым выпадку, калі іх увозяць у вялікай колькасці — і ёсць падазрэнне, што гэта робіцца з камерцыйнай мэтай.

Паводле  meduza.io, ВВС