«Калі для краіны дастаткова адной «Белавія»...». Улады думаюць аб дэманапалізацыі шасці рынкаў
На працягу года будзе разгледжана пытанне аб магчымай дэманапалізацыі шасці галін эканомікі. Пра гэта заявіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч падчас міжнароднай канферэнцыі «Антыманапольнае рэгуляванне ў краінах ЕАЭС: асноўныя трэнды і практыкі правапрымянення».
Зараз Міжнародная фінансавая карпарацыя (МФК) і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) сумесна распрацоўваюць праграму развіцця канкурэнцыі ў Беларусі. У яе рамках праводзіцца аналіз заканадаўства аб канкурэнцыі, паўнамоцтваў МАРГа, антыманапольных забаронаў, сітуацыі на рынках. Вызначаны шэсць пілотных сектараў эканомікі для прыярытэтнага і дэталізаванага аналізу на прадмет выяўлення нормаў, якія абмяжоўваюць канкурэнцыю. У пазначаную групу галін ўключаны электрасувязь, электраэнергетыка, газазабеспячэнне, авіяперавозкі пасажыраў, грузавыя чыгуначныя перавозкі, страхаванне (перастрахаванне).
Акрамя таго, праводзіцца падрыхтоўчая праца па разліку індэкса рэгулявання тавараў і паслуг (PMR). Для гэтага выкарыстоўваецца метадалогія АЭСР (Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця).
Справа ў тым, што Беларусь да гэтага часу не фігуруе ні ў адным з сусветных рэйтынгаў канкурэнтаздольнасці. Нядаўна на ўрадавым узроўні было прынята рашэнне правесці такую ацэнку. Стаўка зроблена на АЭСР, якая кожныя пяць гадоў для ўсіх краін-членаў арганізацыі і іншых зацікаўленых краін разлічвае індэкс PMR, які дае ацэнку стану канкурэнцыі як у пэўных галінах, так і ў эканоміцы ў цэлым.
— Значэнне гэтага індэкса для Беларусі будзе вядома альбо ў канцы бягучага года, альбо ў пачатку наступнага. Па ім мы зможам паглядзець, як узровень канкурэнцыі ў Беларусі адпавядае сярэднім значэнням АЭСР, як мы выглядаем на фоне суседніх краін, — удакладніла кіраўнік офіса МФК у Беларусі Вольга Шчарбіна.
Што гэта дасць беларускім уладам для прыняцця далейшых рашэнняў?
— Індэкс пакажа развіццё канкурэнцыі ў пэўнай галіне. Потым міжведамасная камісія пры першым віцэ-прэм'еры Васілі Мацюшэўскім прыме рашэнне, якія сферы будуць дэманапалізаваныя, — сказаў Уладзімір Калтовіч. — Канкурэнцыя дзеля канкурэнцыі не патрэбна. Напрыклад, калі мы ўбачым, што для нашай краіны дастаткова эфектыўна адной авіякампаніі «Белавія» і не трэба ніякіх зменаў, то абярэм гэты шлях. Там, дзе трэба захаваць манаполію, то яна будзе захавана. Разам з тым створым «дарожныя карты» па кожнай галіне, дзе па гадах будзе распісана, што і як трэба рабіць, каб дэманапалізаваць рынкі.
Кіраўнік МАРГа таксама сказаў, што прапануецца зрабіць больш жорсткім кантроль за тарыфамі натуральных манаполій. «Сёння ідзе праца над законапраектам аб натуральных манаполіях. Ён прадугледжвае ўзмацненне жорсткасці кантролю за фарміраваннем кошту паслуг суб'ектаў натуральных манаполій і павышэнне празрыстасці тарыфаўтварэння», — растлумачыў ён.
Уладзімір Калтовіч распавёў аб працы міністэрскай камісіі па разглядзе антыманапольных спраў. Калі ў 2016 годзе яна разгледзела толькі адну справу аб канкурэнцыі, то ў 2017 годзе — 91 справу, у першым квартале 2018 га — 24 справы. «Бізнэс паверыў, што ёсць дзяржорган, які стаіць на варце інтарэсаў дзяржавы з пункту гледжання развіцця канкурэнцыі», — рэзюмаваў міністр.
Паводле tut.by