У Беларусі прыведзены ў выкананне два смяротныя прысуды
Падчас разгляду ў Вярхоўным судзе апеляцыі Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухарко, якія атрымалі смяротны прысуд за забойства трох чалавек, стала вядома пра выкананне прысуду ў дачыненні да двух іншых смяротнікаў.
Падчас працэсу Вячаслаў Сухарко распавёў, што правёў у камеры смяротнікаў чатыры месяцы.
«Я сядзеў у камеры смяротнікаў, у якіх прысуд ужо ўступіў у сілу. З 15 на 16 траўня забралі з камеры Міхаленю і Летава», — распавёў Вячаслаў Сухарко.
Па традыцыі, улады Беларусі не паведамляюць аб выкананні смяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказанняў іншых смяротнікаў, альбо ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
33-гадовы Аляксей Міхаленя быў прыгавораны да пакарання смерцю за забойства двух суседзяў-пенсіянераў. Забойства адбылося ў сакавіку 2016 га ў Нароўлі: у двары прыватнага дома знайшлі 59-гадовага пенсіянера, а ў склепе — яго 61-гадовую сястру. Абвінавачаны раней судзімы за крадзеж і забойства ў падлеткавым узросце.
Пра прысуд 31-гадоваму Віктару Летаву, пра які стала вядома ад праваабаронцаў, расказаў першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Валерый Калінковіч. Паводле яго слоў, ён быў вынесены восенню 2017 года, злачынства адбылося ў ВК-13 Глыбокае.
«Ніхто гэтага смяротніка не хаваў. Справа разглядалася ў адкрытым рэжыме, інфармацыя пра гэта друкавалася ў адкрытым доступе. Нажаль, чалавек здзейсніў ўжо трэцяе забойства ў сваім жыцці, адбываючы пакаранне за забойства», — распавёў Калінковіч.
Па апошніх дадзеных, смяротнага пакарання ў Беларусі чакаюць чатыры чалавекі, у тым ліку Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарко, якія сёння абскардзяць прысуд.
Нагадаем, Беларусь з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне.
Смяротнае пакаранне могуць прызначаць за 12 відаў злачынстваў, у тым ліку — развязванне вайны ці змову з мэтай захопу ўлады, забойства міліцыянта ці акт тэрарызму ў дачыненні да дзярждзеячоў, здраду дзяржаве (спалучаную з забойствам) або генацыд. Такое пакаранне не можа быць прызначана жанчынам. А таксама тым, хто здзейсніў злачынства ва ўзросце да 18 гадоў або ўжо старэйшыя за 65 на момант вынясення прысуду.
Паводле news.tut.by