Як зблізіць рынак працы і сістэму адукацыі?
Наймальнікі ўсё часцей выказваюць незадаволенасць якасцю падрыхтоўкі выпускнікоў ВНУ і прафтэхвучылішчаў, а адукацыйныя ўстановы абвінавачваюць працадаўцаў ў адсутнасці належнай цікавасці і дапамогі ў падрыхтоўцы маладых спецыялістаў.
Вынік сумны: на рынку працы расце дэфіцыт кваліфікаваных кадраў, а сотні выпускнікоў пры гэтым не могуць знайсці працу.
Дзеючая Нацыянальная сістэма кваліфікацый (НСК) як механізм забеспячэння эканомікі кваліфікаванымі кадрамі прызнана састарэлай.
Сёння ў Беларусі рэалізуецца Праект «Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і які прадугледжвае распрацоўку 45 прафесійных стандартаў.
Эксперт праекта Йове Янкулоўскі (Македонія) ужо больш за дзесяць гадоў аказвае дапамогу ўрадам розных краін у арганізацыі працы сектаральных саветаў кваліфікацый і распрацоўцы прафстандартаў.
— Каб даць работнікам магчымасць атрымаць кампетэнцыі, запатрабаваныя на рынку працы, у НСК будуць укараняцца новыя элементы. Адзін з іх — прафесійны стандарт, — кажа спадар Янкулоўскі. — У іх будуць дакладна прапісаны патрабаванні рынку працы, каб сістэма адукацыі магла выпускаць кваліфікаваных, цалкам гатовых да працы спецыялістаў.
Сістэма прафесійных стандартаў дазволіць сфармуляваць актуальныя патрабаванні працадаўцаў да кампетэнцый работніка, да сістэмы адукацыі і самастойнага развіцця работнікаў.
Фактычна, прафесійны стандарт — гэта дакумент, у якім замацаваная характарыстыка кваліфікацыі, неабходнай работніку для выканання пэўнага віду прафесійнай дзейнасці.
Навошта патрэбныя прафесійныя стандарты
... наймальнікам
Распрацоўку прафесійных стандартаў праводзяць сектаральныя рады, у склад якіх уваходзяць і прадстаўнікі працадаўцаў.
Удзел наймальнікаў у гэтым працэсе дазволіць ўлічыць усе патрабаванні рынку працы да выпускнікоў навучальных устаноў. Гэта інструмент практычнага ўплыву працадаўцаў на якасць падрыхтоўкі спецыялістаў.
... установам адукацыі
Прафесійныя стандарты — гэта масток паміж працадаўцамі і сістэмай адукацыі. На падставе прафстандартаў будуць распрацаваны адукацыйныя стандарты, па якіх будзе весціся падрыхтоўка маладых спецыялістаў. Гэта дазволіць адукацыйнай сістэме лепш адпавядаць патрэбам рынку працы.
... абітурыентам і іх бацькам
Сёння выбар спецыяльнасці і навучальнай установы будучыя студэнты часта не звязваюць з наступным працаўладкаваннем. Прафесійныя стандарты дапамогуць абітурыентам і іх бацькам выразна зразумець, якія функцыі і абавязкі нясе тая ці іншая прафесійная дзейнасць, якіх ведаў і ўменняў яна запатрабуе.
Вопыт суседзяў — для нашай будучыні
Пакуль стварэнне сектаральных саветаў і ўкараненне прафесійных стандартаў вядзецца толькі ў трох найбольш значных у айчыннай эканоміцы галінах: будаўніцтве, машынабудаванні і сферы паслуг.
— Сёння ў распрацоўцы знаходзіцца дзесяць стандартаў, іх гатоўнасць складае больш за 50%, — кажа спадар Янкулоўскі. — Укараненне прафстандартаў — працяглы працэс, яны павінны быць прызнаныя ў грамадстве, прычым не толькі працадаўцамі, але і студэнтамі і іх бацькамі.
Беларусь — не першая краіна, якая ўводзіць у сябе прафесійныя стандарты. Яны ўжываюцца ў краінах ЕС і балтыйскіх краінах, пераход да новых стандартаў ажыццяўляецца і ў дзяржавах СНД: Расіі, Казахстане.
— Праект «Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі» прадастаўляе краіне магчымасць выкарыстоўваць вопыт, назапашаны іншымі дзяржавамі. Мы арганізуем для айчынных камерцыйных прадпрыемстваў і дзяржорганаў азнаямленчыя паездкі за мяжу, дзе яны самі могуць убачыць, як ўкараненне прафесійных стандартаў дапамагае работнікам лепш разумець патрабаванні працадаўцаў, а наймальнікам — лепш выказаць свае пажаданні да адукацыйнай сістэмы, — кажа спадар Янкулоўскі.
Начальнік упраўлення арганізацыі і матывацыі працы Міністэрства працы і занятасці Рэспублікі Беларусь Юрый Гарбацэвіч мяркуе, што прафстандарты палегчаць працэдуру найму супрацоўнікаў арганізацыямі, а адукацыйныя ўстановы дзякуючы ім атрымаюць цэласную карціну патрабаванняў рынку працы.
— Праца па ўдасканаленні Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый актыўна вядзецца з 2014 года. Праект «Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі» добра дапоўніў тыя мерапрыемствы, якія ўжо ажыццяўляліся Міністэрствам працы, — кажа Юрась Гарбацэвіч.
Прафесійныя стандарты — гэта мадэрнізаваная тарыфна-кваліфікацыйная характарыстыка, якая дзейнічае цяпер, але больш аб'ёмная і змястоўная.
— Напрыклад, прафесійны стандарт кіраўніка камерцыйнай арганізацыі, распрацаваны Міністэрствам эканомікі, складаецца з 168 старонак, — удакладняе эксперт.
Дыплом — не адразу, а па частках
— Цяпер асноўным дакументам, які пацвярджае кваліфікацыю спецыяліста, з'яўляецца дыплом ці пасведчанне ўстаноўленага ўзору. Але да 2025 г. мяркуецца стварыць Сістэму незалежнай ацэнкі і сертыфікацыі кваліфікацый, якая дасць магчымасць пацвярджаць нефармальную адукацыю. Гэта таксама дасць магчымасць работнікам часткова пацвярджаць кваліфікацыю, — кажа Юрась Гарбацэвіч.
Напрыклад, малады спецыяліст, навучыўшыся самастойна катаць роллы, можа пацвердзіць свае ўменні і веды перад спецыяльнай камісіяй, і яму будзе прысвоена кваліфікацыя «повар-сушыст». У далейшым, ён можа пашырыць свае кампетэнцыі, атрымаўшы кваліфікацыю, дапусцім, «повар-соусаў» або «агародніннага кухара». Прафесійныя стандарты даюць адмыслоўцу магчымасць паступова, па цаглінцы, сабраць частковыя кваліфікацыі да поўнай.
Калі з'явяцца першыя вынікі?
Зрэшты, эфект ад укаранення прафстандартаў мы адчуем яшчэ не хутка. У лепшым выпадку, гэта адбудзецца праз пяць-дзесяць гадоў.
— Пакуль яшчэ вядзецца распрацоўка саміх прафесійных стандартаў, затым на іх аснове будуць створаны адукацыйныя стандарты і яшчэ ад двух да пяці гадоў спатрэбіцца, каб вывучыць па іх студэнтаў ВНУ і прафтэхвучылішчаў, — канстатуе Юрый Гарбацэвіч.
Будзем спадзявацца, што гэтыя мерапрыемствы дазволяць у будучым забяспечыць адпаведнасць паміж патрэбай эканомікі ў кадрах і якаснымі паказчыкамі іх падрыхтоўкі.
Паводле zautra.by