Як чыноўнік РФ з недахопу спрабуе рабіць перавагу: жоўтая папера карысная для зроку

Нябеленая офісная папера, якую пачалі выпускаць у РФ ва ўмовах дэфіцыту імпартных адбельвальнікаў, абвешчаная карыснай для вачэй чалавека.

Фота foodcity-pro.ru

Фота foodcity-pro.ru

Пра гэта заявіў намеснік міністра прамысловасці і гандлю Расійскай Федэрацыі Алег Бачароў. Жоўтая папера, у адрозненне ад беленай, прызнаная больш карыснай, заявіў ён, піша АФН.

"Мы даведаліся, што такая вось белая офісная папера адсвечвае і наносіць шкоду здароўю. Аказваецца, больш фактурная папера яна карысная для вачэй чалавека", — заявіў Бачароў падчас выступу на савеце па пытаннях развіцця ляснога комплексу.

Да таго ж, адзначыў ён, сабекошт такой паперы ніжэй, чым звыклай беленай. "Таму лічым, што гэта быў сур'ёзны манеўр цэлюлозна-папяровымі камбінатамі", — дадаў ён.

Цікава, чаму вынікі такіх даследаванняў дактароў пра шкодную для вачэй паперу — калі яны наогул існуюць — не агучваліся раней, пакуль Расію не напаткалі санкцыі.

Відаць, расіян чакае яшчэ шмат падобных даследаванняў.

Новая лінейка «пажоўклай» прадукцыі стала выпускацца расійскай прамысловасцю ва ўмовах дэфіцыту імпартных адбельвальнікаў.