«Імпарт Беларусі арыентаваны на долары і еўра. А дзе іх браць?»

Эканаміст Леў Марголін разважае пра парадокс поспехаў айчыннай эканомікі: экспарт з Беларусі ідзе ў асноўным у Расію за расійскія рублі, а імпартныя тавары закупляюцца за долары і еўра. Пытанне «дзе браць валюту» паўстане ў хуткім часе даволі востра.

hroszy_novy_czas_logo.jpg

Урад Беларусі плануе павялічыць у 2024 годзе ВУП краіны на 3,8%, а экспарт на 7,6% — да гістарычнага рэкорду ў памеры 53 мільярды долараў. Пра маштабныя планы паведаміў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка падчас пасяджэння Савета міністраў, на якім разглядаліся праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, мэтавых паказчыкаў грашова-крэдытнай палітыкі і рэспубліканскага бюджэту РБ на 2024 год.

Павелічэнне экспарту на 7,6% азначае, што пастаўкі тавараў і паслуг за мяжу павінны вырасці на 3,8 мільярда долараў, чым чакаецца па выніках 2023 года. Сальда знешняга гандлю павінна дасягнуць 1,2 працэнта ад ВУП.

Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў заявіў, што ключавым напрамкам экспарту Беларусі ў наступным годзе стане Расія, экспарт у якую павялічыцца на 7%: ён павінен дасягнуць 26 мільярдаў долараў, ці амаль палову ўсяго беларускага экспарту.

Пра жыццяздольнасць планаў беларускага ўрада пагаварылі з эканамістам Львом Марголіным.

— ВУП у наступным годзе можа вырасці, і гэта магчыма за кошт росту экспарту. А для росту экспарту існуюць два магістральныя шляхі, па якіх можна пайсці. Першы шлях — расійскія заказы, перш за ўсё заказы абароннага экспарту. Арыентаванасць расійскай эканомікі на абарону дае рост ВУП, але гэта пустыя грошы: танкі, гарматы, снарады не з'ясі, а для нас гэта экспарт, за які нам плацяць. Праўда, не ведаю, чым плацяць: ці то расійскімі рублямі, ці то спісваюць нейкія даўгі. Але факт застаецца фактам: нам усё роўна, што экспартаваць — зброю, запчасткі да гэтай зброі, сельскагаспадарчую прадукцыю — за любы экспарт мы атрымліваем грошы. У гэтым плане мы знаходзімся ў больш выгадным становішчы, чым сама Расія.

Мяркуючы па тым, што рост экспарту адбываецца ў гэтым годзе, напэўна, ёсць заданне для беларускіх прадпрыемстваў па асваенні нейкіх вырабаў, камплектуючых, запасных частак для Расіі, для расійскага машынабудавання, якое, адпаведна, дасць прыбаўку да экспарту.

Другі шлях — мы паступова, рознымі спосабамі, аднаўляем экспарт, на які накладзеныя санкцыі: гэта і калійныя ўгнаенні, і нафтапрадукты, і гэтак далей. Экспарт ідзе ў асноўным праз Расію, што ўскладняе пастаўкі, але тым не менш нейкім чынам паступова яны нарошчваюцца.

Плюс да ўсяго нізкая база: у параўнанні з мінулым годам у бягучым маем невялікі рост, і ў будучыні будзе рост, хутчэй за ўсё. Так што планы ўрада цалкам здзяйсняльныя.

З іншага боку, пакуль мы бачым адмоўнае сальда не толькі па знешнім гандлі, як гэта ў нас было заўсёды, але і па гандлі паслугамі. І тут дадатковых магчымасцей росту не відаць.

Нарошчванне экспарту ў Расію не прынясе нам свабодна канвертаванай валюты.

Такім чынам, можна меркаваць, што на рынку будзе працягвацца рост курса валют, падзенне беларускага рубля. А гэта зноў-такі спрыяльная сітуацыя для экспарцёраў: за кожны долар экспарту атрымліваецца большая колькасць рублёў. А паколькі ўсе галоўныя паказчыкі (ВУП і гэтак далей) лічацца ў рублях, то гэта яшчэ адзін спосаб намінальна павялічыць ВУП.

Сальда хутчэй за ўсё так і застанецца адмоўным. Нарошчванне вытворчасці беларускага машынабудавання выліваецца ў павышэнне заробку: заробкі растуць даволі хуткімі тэмпамі. Іх рост выкліканы рознымі прычынамі, і перш за ўсё недахопам спецыялістаў на рынку, прадпрыемствы вымушаны плаціць ім высокія заробкі, каб прыцягнуць да працы. А гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да росту імпарту.

ВУП хутчэй за ўсё вырасце, экспарт хутчэй за ўсё вырасце, але сальда гандлёвага балансу хутчэй за ўсё застанецца адмоўным.

— Што гэта значыць?

— Гэта значыць, што будзе падаць курс рубля, гэта значыць, што будуць захоўвацца дастаткова высокія тэмпы інфляцыі. І ў сярэднім па краіне, за выключэннем асобных высокааплачваемых катэгорый работнікаў, сярэдні ўзровень жыцця будзе зніжацца. Не бяруся прагназаваць, наколькі крутым будзе піке, але ўзровень жыцця адназначна будзе паступова зніжацца.

— Экспарт у Расію, паводле планаў ураду, у 2024 годзе павінен павялічыцца на 7% і дасягнуць 26 мільярдаў долараў — гэта значыць крыху менш за палову ўсяго беларускага экспарту. Чым рызыкуе эканоміка, якая складвае ўсе яйкі ў адзін кошык?

— Па вялікім рахунку, з кім бы ні гандляваць, абы гандляваць, абы не гандляваць сабе ў страту. Складана сказаць, якія канкрэтна складаюцца ўмовы гандлю калійнымі ўгнаеннямі ці нафтапрадуктамі, якіх зараз на расійскім рынку не хапае. Само па сабе гэта нічым не пагражае, гэта лепш, чым калі б экспарт, які выпаў з-за еўрапейскіх санкцый, увогуле згубіўся, добра, што яго ўдалося пераарыентаваць. Не ведаю ўжо з якой прыбытковасцю, магчыма, і наогул без прыбытковасці (у нас такія перыяды таксама бывалі, калі мы пастаўлялі ў Расію тавары танней, чым прадавалі на ўнутраным рынку – абы не спыняць вытворчасць, не звальняць людзей). Нельга сказаць, што гэта добра, але хоць нейкае выйсце з сітуацыі. 

Іншая справа, што праблема ўпіраецца ў свабодна канвертаваную валюту. Як ні круці, калі экспарт у асноўным арыентаваны на Расію, то імпарт — хоць мыццём, хоць катаннем — стараемся завозіць з іншых краін, якія ад нас не адмаўляюцца.

Прачытаў, што быццам бы ў Беларусь завозіцца партыя аўтамабіляў (сёлета, акрамя «Джылі», у Беларусі нічога не засталося), а тут, гляджу, дылеры завозяць партыі імпартных аўтамабіляў, прычым дастаткова свежых. Нейкія шляхі знаходзяцца, але гэтыя шляхі арыентаваны на долары і еўра. А дзе іх браць?