Франак Вячорка: Санкцыйныя спісы павінны ўключаць у сябе не дзясяткі, а сотні прозвішчаў

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў інтэрв'ю DW заклікаў увесці жорсткія санкцыі, якія ўдараць «па тых, хто дапамагае ўтрымлівацца рэжыму Лукашэнкі».

franak_vyachorka.jpg


DW: У Еўрасаюзе (пасля перахопу Мінскам самалёта Ryanair. — Рэд.) з рэкорднай хуткасцю прынялі санкцыі, якія тычацца паветранай прасторы Беларусі. Абмяркоўваюцца меры ў адказ у эканоміцы. Якія санкцыі могуць спыніць рэпрэсіі ў Беларусі?
Франак Вячорка: Самае галоўнае — каб санкцыі былі прынятыя ўсімі бакамі, каб там была пазіцыя і Еўрапейскага Саюза, і Канады, і ЗША, і Вялікабрытаніі, каб гэтыя санкцыі прынялі хутка, каб не трэба было іх чакаць тры-шэсць месяцаў. Яны павінны ўдарыць па тых, хто дапамагае ўтрымлівацца рэжыму Лукашэнкі. Гэта нафтахімічнай комплекс, гэта «калійка», транзіт газу, а таксама ўсе тыя алігархі, якія фінансуюць наўпрост ці ўскосна рэжым Лукашэнкі. Гэта чыноўнікі, міністры, супрацоўнікі Упраўлення справамі прэзідэнта і Рэзервовага фонду прэзідэнта. Гэта сілавікі, суддзі, пракуроры, якія бяруць удзел у рэпрэсіях супраць мірнага насельніцтва, начальнікі калоній, дзе знаходзяцца палітычныя зняволеныя. Спісы павінны ўключаць не 80 прозвішчаў, а сотні прозвішчаў.
— Вы як дарадца Святланы Ціханоўскай ужо некалькі месяцаў дамагаліся больш жорсткіх санкцый. Але толькі цяпер, пасля затрымання Рамана Пратасевіча, пасля інцыдэнту з самалётам такія санкцыі здаюцца рэальнымі. Спатрэбілася такая падзея, каб Еўрасаюз апамятаўся?
— Так, раней беларускі крызіс быў унутранай праблемай. Рэжым гвалціў і забіваў сваіх людзей. Калі спынілі самалёт са 120 пасажырамі з 17 краін, у тым ліку Еўрасаюза, які ляцеў паміж дзвюма сталіцамі Еўрасаюза, гэта стала міжнароднай праблемай. Гэта стала праблемай бяспекі ўсёй Еўропы. Гэта быў такі трывожны званочак, і пасля дзевяці месяцаў з пачатку ўсяго гэтага кашмару свет апамятаўся.
І дзякуй Богу! Лепш позна, чым ніколі. Цяпер мы дакладна ведаем, што рэжым Лукашэнкі — тэрарыстычны. Цяпер на Захадзе дакладна разумеюць, што на Лукашэнку трэба накладаць санкцыі, яго немагчыма перавучыць. Гэта дыктатар, тыран, і з ім трэба паводзіць сябе максімальна жорстка.
— Цяпер Беларусь вярнулася на парадак дня ва ўсім свеце. Вы спрабуеце гэтую сітуацыю выкарыстоўваць?
— Вядома. Самае важнае — што ёсць палітычная воля прымаць моцныя рашэнні. Святлана Ціханоўская мае зносіны з сусветнымі медыя, тэлеканаламі, СМІ, прэм'ерамі і міністрамі. Кожны дзень гэта дзясяткі сустрэч, званкоў, інтэрв'ю. Гэта дае шанец беларусам выйсці з зацяжнога крызісу. Мы павінны выкарыстоўваць гэтую ўвагу да Беларусі, каб спыніць гвалт і вызваліць палітвязняў.
— Як гэта зрабіць?
— Праз ціск на рэжым. Самае галоўнае — мы не павінны дапусціць гандлю палітвязнямі, таго, што было пасля 2006 года і пасля 2010 года. Тады Лукашэнка абменьваў частку палітвязняў на адмену санкцый, а потым падманваў ўсіх, зноў руляваў да наступных прэзідэнцкіх выбараў. Цяпер трэба вызваляць усіх і адразу. Усе павінны мець магчымасць бяспечна вярнуцца дадому — і тыя, хто ў турмах, і тыя, хто вымушана за мяжой. Лукашэнка ўжо не падмане ні свет, ні нас. Цяпер усе ведаюць, што з Лукашэнкам немагчыма мець справу. Той, хто сустрэўся з Ціханоўскай, ніколі ўжо не паціскае руку Лукашэнку.
— Але ж проста цяпер Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца на сустрэчы ў Сочы з Уладзімірам Пуціным...
— Крэмль пакуль падтрымлівае Лукашэнку — і матэрыяльна, і маральна. Гэта дапамагае Лукашэнку застацца ва ўладзе. Крамлю выгадна з ім працаваць, ён прадказальны. Напэўна, у Беларусі цяпер няма больш прарасійскага палітыка, чым Лукашэнка.
Але я думаю, што чым далей Крэмль падтрымлівае Лукашэнку, тым менш у яго прыхільнікаў у Беларусі. Калі будуць накладзеныя санкцыі на транзіт газу, то Лукашэнка нават як месца для размяшчэння трубы таксама становіцца нявыгадным. Я думаю, што Расія будзе таксама шукаць выхады з крызісу. Не ведаю, ці зможа Масква згуляць нейкую канструктыўную ролю. Пакуль што яны падтрымліваюць Лукашэнку ў самых дзіўных сітуацыях. Але мы ўсё ж спадзяёмся, што здаровы сэнс возьме верх і яны зразумеюць, што трэба шукаць шляхі выхаду. А шлях выхаду з крызісу ляжыць толькі праз новыя выбары.