Фантазёры. Улады Беларусі разлічваюць перакрыць еўрапейскія крэдыты грашыма з Кітая і Азіі

Беларускія ўлады разлічваюць, што змогуць прыцягнуць грошы ў эканоміку краіны, у тым ліку і на рэфінансаванне знешняга дзярждоўгу, з дапамогай азіяцкіх фінансавых інстытутаў і, у першую чаргу, уладаў Кітая.

mi_ch870_yuanju_m_20150217173148.jpg


Пра гэта гаворыцца ў падпісанай 3 снежня 2021 года дырэктыве №9 аб развіцці адносін з Кітаем, паведамляе АФН.

«Пашырэнне крэдытна-фінансавага супрацоўніцтва на міжбанкаўскім узроўні і развіццё ўзаемавыгадных адносін з інвестыцыйнымі фондамі (Фонд Шаўковага шляху, Кітайска-Еўразійскі фонд эканамічнага супрацоўніцтва) і Азіяцкім банкам інфраструктурных інвестыцый у мэтах фінансавання інвестыцыйных праектаў у Беларусі. Забеспячэнне штогадовага прыцягнення рэсурсаў у памеры не менш як $500 млн. у эквіваленце. Тэрміны рэалізацыі — 2022-2025 гады», — сказана ў дакуменце.

«Забеспячэнне штогадовага прыцягнення пазыковых рэсурсаў КНР для рэфінансавання дзяржаўнага доўгу ў аб'ёме не меней за $300 млн. у эквіваленце. Тэрміны рэалізацыі — 2022-2024 гады», — таксама гаворыцца ў дырэктыве.

Дадзена ўказанне забяспечыць уваходжанне кітайскага капіталу ў банкаўскую сістэму Беларусі шляхам куплі або ўдзелу ў акцыянерам капітале беларускага банка, а таксама пашырэнне прадстаўніцтва і функцый Дзяржбанка развіцця Кітая ў Беларусі і ўваходжанне кітайскіх інвестараў у беларуска-кітайскі інвестыцыйны фонд.

Згодна з дырэктывай, даручана забяспечыць выкарыстанне нацыянальных валют ва ўзаемным гандлі, Кітайскіх юаняў у дыверсіфікацыі структуры золатавалютных рэзерваў, а таксама размяшчэнне беларускіх карпаратыўных каштоўных папер у Кітаі.

Дадзена ўказанне забяспечыць прыцягненне бязвыплатнай тэхніка-эканамічнай дапамогі ўрада Кітая ў аб'ёме не менш за 500 млн. юаняў у год на развіццё парку «Вялікі камень».

Акрамя таго, даручана да 2025 года прапрацаваць пытанне аб далучэнні «Вялікага каменю» да еўрапейскай чыгуначнай каляіны 1435 мм.

У дакуменце дадзена даручэнне стварыць некалькі сумесных кампаній і нарасціць экспарт беларускай прадукцыі ў Кітай да $2 млрд.

Цікава, ці ведаюць пра гэтую дырэктыву ў Кітаі, і калі ведаюць, то як да яе ставяцца? Агульнавядома, што Кітай прапануе, у асноўным «звязаныя крэдыты», — гэта значыць крэдыты, умовай якіх з'яўляецца іх засваенне з дапамогай кітайскіх жа кампаній. І Кітай, як правіла, не дае крэдытаў у незвязаным выглядзе, як таго патрабуецца «для рэфінансавання дзяржаўнага доўгу».

Праўда, у апошні час Кітай наогул не прапануе Беларусі новых праектаў або крэдытаў. Па дадзеных Мінфіна, за дзевяць месяцаў 2021 года Беларусь атрымала $14,9 млн ад Экспартна-імпартнага банка Кітая, а выплаціла кітайскім банкам даўгі ў памеры $403,1 млн.