Эксперт: Сумесныя праекты з Расіяй — гэта адрэналінавы ўкол на год-паўтара. І для ўсялякіх карупцыянераў

Эканаміст Уладзімір Кавалкін — пра тое, хто выйграе ад закрыцця мяжы для беларускіх транспартнікаў, ці ўратуе Расія эканоміку Беларусі і што будзе з ІП.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

— Мы ведаем, што польскія лагісты пратэставалі супраць таго, што беларусы ездзяць у Еўрасаюз, а яны ў сваю чаргу ездзіць не могуць, бо Лукашэнка ім забараняе. Польскія ўлады пачулі сваіх выбаршчыкаў і зрабілі так, каб яны былі задаволеныя, — каментуе эксперт закрыццё Польшчай граніцы для беларускіх грузавікоў у эфіры «Еўрарадыё» (яго словы перадае «Салідарнасць»). 

З аднаго боку, яны наклалі санкцыі на рэжым Лукашэнкі, з іншага, яшчэ і сваіх выбаршчыкаў перад выбарамі задаволілі. Гэта абсалютна зразумелая ідэя з пункту гледжання польскіх улад. Для беларусаў гэта, відавочна, вельмі дрэнныя навіны, бо, па-першае, ужо не атрымаецца так зарабляць, як гэта было раней, па-другое, не атрымаецца муціць схему са структураваннем бізнесу праз Польшчу.

Зразумела, яны могуць знайсці нейкіх палякаў, якія перапішуць гэты бізнес на сябе, але ж гэта дадатковыя рызыкі. Таксама яны могуць паспрабаваць структураваць свой бізнес праз іншыя краіны, напрыклад, Венгрыю ці Кіпр. Але гэты схематоз заўсёды дадае коштаў і зніжае прыбытак.

Ад закрыцця мяжы для беларускіх транспартнікаў, лічыцьКавалкін, выйграюць палякі, бо будуць задаволены выбаршчыкі, лагісты, якія заробяць больш. А страцяць беларускія лагісты, бо яны альбо будуць вымушаны сысці з рынку, альбо неяк структураваць бізнес, што падыме іх кошты.

— Я думаю, што 80% кіроўцаў тракаў не будуць думаць пра палітыку, а проста звольняцца з беларускіх кампаній і пойдуць працаваць на літоўскія, польскія ці яшчэ якія кампаніі. Дальнабойшчыкам даволі проста ўладкавацца ў Еўропе, бо ёсць попыт. То-бок атрымаюць працоўную візу і ўсё.

Эканаміст таксама разважае наконт 16 сумесных праектаў, якія зацвердзілі Беларусь і Расія. Гэтыя праекты тычацца машына- і станкабудаўніцтва, мікраэлектронікі і разлічаны на тры мільярды. Кавалкін лічыць, што такі «саюз» Беларусі і Расіі ўвогуле ніяк не ратуе сітуацыю ў беларускай эканоміцы.

— Гэта адрэналінавы ўкол на год-паўтара. І для ўсялякіх карупцыянераў, якія будуць гэтыя грошы траціць, каб набыць новыя машыны, але не ведаю, дзе яны змогуць іх купіць. Узвесці новыя будынкі — такая звычайная мадэрнізацыя па-савецку: давайце пабудуем новы завод, завязём туды нейкія станкі і абсталяванне. Але сучасны бізнес і сучасная эканоміка ўжо не пра станкі і не пра гэтыя будынкі — гэта пра навуку, ноу-хау і даследаванні. Вось гэта яны купіць не змогуць, гэта абсалютна дакладна, бо да іх ніхто не паедзе працаваць.

Купіць нейкае абсталяванне, напрыклад, у Кітаі, якое з’яўляецца копіяй не самага апошняга абсталявання амерыканскага ці еўрапейскага. Бо ёсць патэнты, якія трэба абыходзіць: то-бок, каб амерыканскія ці еўрапейскія партнёры не падалі ў суд, трэба пачакаць адно, два, тры пакаленні і зрабіць нешта такое, пасля гэтага зрабіць нейкую копію і пасля прадаць гэтае абсталяванне. Гэта будзе такі тэхнічны ўклад як у пачатку 90-х — не сучаснае абсталяванне.

І што яны з гэтым будуць рабіць, куды яны гэту мікраэлектроніку будуць ставіць? Хіба што ў ракеты, але іх на экспарт прадаваць немагчыма, асабліва зараз. Яны не змогуць канкурыраваць ні па якасці з ЕС, ні па цане з Кітаем. Пабудуюць завод, і будзе ён стаяць.

Гэта стары савецкі спосаб мадэрнізацыі эканомікі — давайце купім станкоў і на іх будзем нешта рабіць. Але такі ўклад у эканоміку памёр дзесьці у 1970-х.

Нядаўна чыноўнікі раскрытыкавалі новы законапраект для прадпрымальнікаў, самазанятых і фізічных асоб, які дэпутаты прынялі ў першым чытанні. Кавалкін паразважаў, чаму так.

— Мо, іх нехта папрасіў раскрытыкаваць. Яны гэтаму вучацца ў расійскіх партнёраў. Расійская прапаганда прыязджае ў Беларусь, нечаму вучыць беларускіх прапагандыстаў і дэпутатаў. Яны там працуюць так: раздзяляюць нейкую тэму на некалькі кірункаў і закідваюць мэсэджы ў розныя бакі, а потым глядзяць, які лепей заходзіць публіцы. У нас таксама можна будзе пайграць у такую гульню: вось ты сёння апазіцыянер, а ты — кансерватар-лукашэнкавец. Заўтра памяняецеся.

Па-другое, на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны. У сітуацыі, калі краіна пад санкцыямі, іпэшнікі і малы бізнес — адзінае, што дазваляе абыходзіць гэтыя санкцыі. То-бок, каб прывезці ў Беларусь нейкія станкі, трэба гэта рабіць рукамі пранырлівых людзей. З аднаго боку, рэжым давіць на іпэшнікаў, бо гэта спекулянты, з іншага боку, вось, не працуе станок без нейкай дэталі, трэба, каб яе прывезлі. То-бок няхай будуць, але няшмат і падкантрольныя, — кажа Уладзімір Кавалкін.