Праблема не ў тым, як пракарміць пенсіянераў, а ў празмернасці працоўнага насельніцтва
Ці патрэбны Беларусі магутны дэмаграфічны выбух?
Памяншэнне працаздольнага насельніцтва стала галоўным аргументам уладаў пры прыняцці рашэння аб павышэнні пенсійнага ўзросту ў Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што «самая галоўная наша задача, якую не мы, так нашы дзеці павінны вырашыць — 15 мільёнаў насельніцтва».
Наогул, па словах кіраўніка дзяржавы, Беларусь можа пракарміць 20 мільёнаў чалавек. А эканамічная бяспека і моц дзяржавы, упэўнены кіраўнік краіны, заўсёды ў людзях.
Ці так гэта на самай справе? Адказ на гэтае і іншыя пытанні шукалі ўдзельнікі дыскусіі ў Клубе інтэлектуальных зносін.
Нікалюк: Куды падзець тых, чыя праца будзе не патрэбна?
— Нараджальнасць падае ва ўсім свеце. Спецыялісты падлічылі, што у 2050-м годзе на планеце колькасць людзей за 60 гадоў перавысіць 2 мільярды, — адзначае магістр эканомікі, прадпрымальнік Віктар Яўмененка. — У Расіі ўжо больш за 46 мільёнаў тых, хто атрымлівае рознага роду пенсii: па інваліднасці, па ўзросце, вайскоўцы. У Беларусі, я думаю, падобная тэндэнцыя.
Паводле дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, сёння ў Беларусі розныя віды пенсій атрымлівае 2,6 мільёна чалавек.
— Як карміць гэтую ўсю масу людзей? — задаецца пытаннем прадпрымальнік.
Праблема не ў тым, як пракарміць пенсіянераў, а ў празмернасці працоўнага насельніцтва, лічыць эксперт НІСЭПД, сацыёлаг Сяргей Нікалюк.
Паводле яго слоў, у выніку тэхналагічнага прагрэсу і развіцця інавацыйных тэхналогій будуць вызваляцца працоўныя рэсурсы.
— Галоўным будзе пытанне: куды падзець тых, чыя праца будзе не патрэбна? — мяркуе сацыёлаг.
Дарэчы, з праблемай празмернасці працоўнага насельніцтва ўжо сутыкнулася і Расія. Аднак, на думку ўдзельнікаў дыскусіі, там ёсць істотнае адрозненне ад Беларусі.
— Справа ў тым, што асноўнай свой даход рускія атрымліваюць ад прыроднай рэнты, — тлумачыць Сяргей Нікалюк. — Прычым гэтую прыродную рэнту здабываюць 1,5 мільёна чалавек. Гэта яны кормяць ўсіх астатніх, якія ў гэтым сучасным свеце пры гэтых тэхналогіях ужо амаль не зарабляюць.
Як можа вырашыць гэтую праблему Беларусь?
— Выходзіць, ці мы пераходзім да сучасных тэхналогій — а я не бачу, хто б мог гэта зрабіць — ці становімся адным з суб'ектаў Расійскай Федэрацыі, каб таксама мець нешта ад гэтага пірага? — разважае гісторык Анатоль Тарас.
Аднак Віктар Яўмененка упэўнены, што атрымаць свой кавалак ад расійскага нафтавага пірага беларусам наўрад ці ўдасца.
— Кошт нафты і іншых прыродных рэсурсаў будзе няўхільна падаць. Прыродная рэнта ў перспектыве не зможа пракарміць той лішак людзей, пра якія мы гаворым, — лічыць Віктар Яўмененка.
Яўмененка: Праз 20 гадоў мы будзем абапірацца на свае сілы
Як адзначаюць эксперты, сітуацыю ў Беларусі пагаршае і сур'ёзная тэхналагічная адсталасць ад развітых краін.
— У нас эканоміка далёка не перадавая, пенсійны цяжар вельмі высокі, краіна старэе вельмі імкліва. Пры гэтым структура вытворчасці і кіравання ў нас архаічная, — пералічвае праблемы гісторык Анатоль Тарас.
Удзельнікі дыскусіі адзначаюць, што цывілізаваныя краіны сыходзяць імкліва наперад. Нашы тавары становяцца неканкурэнтаздольныя. Праз 10-15 гадоў прадаць іх на знешніх рынках будзе вельмі складана. Унутры краіны нарастае ціск на эканоміку непрадукцыйнай часткі грамадства.
— Мы аб'ектыўна пачнем жыць горш, і працэс ужо пайшоў, — адзначае Анатоль Тарас. — Пры гэтым суседзі будуць жыць лепш і лепш. Беларусы, вядома, захочуць таго ж. Няўжо без рэвалюцыі нам не абысціся?
Сяргей Нікалюк мяркуе, што рэвалюцыя Беларусі не пагражае.
— Навошта рэвалюцыя? Узяў і паехаў туды, дзе лепш. Хто можа, мае сілы і дастатковы ўзровень прафесіяналізму, ужо паступае менавіта так. А той, хто застанецца, рэвалюцыю дакладна не зробіць, — лічыць сацыёлаг.
Віктар Яўмененка бачыць больш аптымістычны сцэнар развіцця падзей. На яго думку, сёння ў Беларусі людзі ўсё больш пачынаюць сыходзіць ад дзяржаўнай апекі, аддаючы перавагу прыватнай сферы.
Ён нагадвае, што ў апошні час у Беларусі былі прынятыя дакументы па спрашчэнні прадпрымальніцкай дзейнасці, пашырана паняцце рамесніцтва. Не выключана, што гэтыя «вызваленыя» ад вытворчасці людзі будуць сыходзіць у сферу паслуг.
— Хутка, магчыма, іх будзе ўжо не 30 тысяч, а 300 тысяч. Фактычна гэта і будзе той клас людзей, якія будуць рухаць перамены ў Беларусі. І ўжо праз 20 гадоў мы будзем абапірацца на свае сілы, — прагназуе Віктар Яўмененка.
Паводле Заўтра тваёй краіны