Для Беларусі прызнанне краінай — спонсарам тэрарызму азначае жалезную заслону
Прызнаць Расію і Беларусь дзяржавамі — спонсарамі тэрарызму — адзін з кірункаў санкцыйнай палітыкі, які цяпер распрацоўваюць украінска-амерыканскія эксперты. А ў першай частцы дакумента, ужо падрыхтаванага групай Ермака — Макфола, прапануецца ўвесці поўнае эканамічнае эмбарга для Расіі і Беларусі, у тым ліку і на гандаль нафтапрадуктамі з Еўрасаюзам.
Карацей, меры вельмі сур'ёзныя. Але ці не застануцца яны планам на паперы, улічваючы тое, што Захад асцярожна і ўзважана разглядае санкцыйныя пакеты?
— Цікавай падаецца асоба Майкла Макфола. Гэта не толькі вельмі вядомы амерыканскі палітолаг і прафесар у Гарвардзе. У яго асаблівыя сувязі з Дэмакратычнай партыяй і адміністрацыяй Байдэна, — расказвае Еўрарадыё гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. — Ён фактычна быў кансультантам у Абамы і вельмі ўплываў на яго палітыку ў дачыненні да Расіі. Калі ўжо Макфол уключыўся ў гэты працэс, то гэта вельмі сур'ёзна.
Прысутнасць Макфола сведчыць, што тое, чым займаецца гэтая экспертная група, — гэта не проста тэарэтычныя напрацоўкі. Для Беларусі эканамічнае пытанне галоўнае. У эканамічным плане для Беларусі гэта можа быць вельмі балюча, калі хаця б часткова гэты праект будзе рэалізаваны. І яшчэ больш балюча будзе тады, калі да гэтых санкцый далучацца краіны ЕС. Эканамічныя сувязі Беларусі з Еўрасаюзам былі вельмі моцныя. Напрыклад, такія галіны, як дрэваапрацоўка, у большай ступені былі скіраваныя на Захад.
На адным узроўні з Паўночнай Карэяй
У спісе дзяржаў — спонсараў тэрарызму лічацца Куба, Іран, Сірыя, Паўночная Карэя. У планах групы Ермака — Макфола дадаць Беларусь і Расію ў гэты спіс. Чым гэта адгукнецца для беларусаў і рэжыму Лукашэнкі?
— Ёсць міжнародныя канвенцыі, нацэленыя на перашкоду фінансаванню тэрарыстычных рэжымаў, — расказвае Еўрарадыё адказны па пытаннях знешняй палітыкі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Уладзімір Астапенка. — Калі рэжым Лукашэнкі будзе ўключаны ў спіс такіх арганізацый, то ўсе міжнародныя партнёры, якія захочуць мець з ім справу, павінны будуць зыходзіць з таго, што гэтая арганізацыя знаходзіцца пад пільным кантролем з боку праваахоўных органаў, у дадзеным выпадку ЗША. І любыя дзеянні, перш за ўсё фінансава-эканамічныя, могуць пацягнуць за сабой санкцыі за падтрыманне тэрарыстычнай актыўнасці.
Зразумела, што на паліцах беларускіх крамаў тавараў, напэўна, не дадасца. Эканамічных магчымасцяў у краіне таксама наўрад ці стане больш. Гэта будзе ўплываць на агульную эканамічную сітуацыю ў краіне, але не будзе закранаць нейкіх асобна ўзятых грамадзян.
— НАУ практычна год таму вылучала прапанову аб кваліфікацыі дзеянняў рэжыму Лукашэнкі як тэрарыстычных, — працягвае Уладзімір Астапенка. — Яшчэ да вайны ва Украіне хапала матэрыялаў для таго, каб прасоўваць такую ініцыятыву на міжнароднай арэне. Гаворка ішла пра масавыя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, пра злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа. Катаванні, пазасудовыя забойствы, прымусовыя знікненні і гэтак далей. Сюды ж актыўна кладзецца тэматыка, звязаная з актам паветранага пірацтва ў дачыненні да самалёта Ryanair.
— Гэта будзе паўнавартасная жалезная заслона, — лічыць Аляксандр Фрыдман. — Гэта будзе азначаць спыненне эканамічных, культурных, навуковых адносін. Напэўна, знікненне магчымасці для насельніцтва Беларусі наведваць дэмакратычныя краіны. А калі сітуацыя ў вайне пагоршыцца, калі рэжым Лукашэнкі сапраўды калі-небудзь увядзе беларускія войскі на тэрыторыю Украіны, то гэтыя меры могуць быць прынятыя і без напрацовак экспертнай групы. Калі Беларусь будзе пастаўлена на ўзровень Сірыі, Кубы, Паўночнай Карэі, то наступствы для беларускага насельніцтва, безумоўна, дрэнныя.
На Захадзе свет клінам не сышоўся?
Лукашэнка заяўляе, што санкцыі — гэта час магчымасцяў. Маўляў, ёсць жа яшчэ Кітай, Расія і іншыя краіны.
— Кітаю Беларусь перш за ўсё была цікавая як плацдарм для выхаду на еўрапейскую гандлёвую прастору. Таму з Кітаем тут усё вельмі супярэчліва, — кажа Аляксандр Фрыдман. — Паміж Расіяй і Беларуссю вялікае адрозненне ў тым, што ў РФ яшчэ ёсць нейкія ўласныя рэсурсы і запасы, каб вытрываць у перыяд санкцый і нейкі час праводзіць уласную палітыку. У Беларусі такіх магчымасцяў няма.
Таму трэба ўлічваць, што любыя эканамічныя, палітычныя, культурныя і іншыя абмежаванні ў дачыненні да Беларусі яшчэ больш прывязваюць Беларусь да Расіі. Гэтая залежнасць ужо фатальная і ўжо напэўна куды большая, чым хацеў бы той жа Лукашэнка. Ва ўкраінска-амерыканскім праекце Беларусь і Расія праходзяць вельмі шчыльна. Гэта, на жаль, сведчыць пра тое, што ўкраінскае і амерыканскае кіраўніцтва, напэўна, больш не ўспрымае Беларусь як нешта незалежнае ад Расіі.