Былы следчы: Раней давалі 10% «адкату», зараз — болей

У адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі рыхтуецца чарговы антыкарупцыйны даклад. Чым ён будзе адрознівацца ад антыкарупцыйнага даклада, з дапамогай якога 20 гадоў таму дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандар Лукашэнка стаў прэзідэнтам краіны? Якой была карупцыя тады і якой стала цяпер, за гады прэзыдэнцтва Лукашэнкі? Адказы на гэтыя пытанні шукаў карэспандэнт Радыё "Свабода".  



karupcyja.jpg

«Яму трэба мець ня вельмі моцнага ўнутранага ворага, якога б зь ім разам ненавідзела большасьць насельніцтва. Калі ён сёньня гаворыць пра карупцыянэраў, ніхто ж ня памятае, што ён раней хлусіў, прыдумляў усё дзеля сваёй карысьці, прыдумляў карупцыянэраў. Сорам згадаць, што ён рабіў. Іншых ворагаў ён не знайшоў, бо ўжо паразганяў больш-менш нармальных сябраў ураду, дырэктараў паздымаў, прамысловасьць не ідзе, інфляцыйны падатак вялікі, а ён усё гэтых ворагаў генэруе. Нічога ён ня знойдзе. Аднаго-двух пасадзіць — яшчэ невядома, ці правільна. Іншага спосабу ўтрымліваць уладу і быць папулярным у яго проста няма», — лічыць Станіслаў Шушкевіч.

Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што змагацца з карупцыяй мусяць найперш праваахоўныя органы, але яны гэта робяць толькі паводле пэўнага загаду зьверху: «Каго няма загаду чапаць, таго не чапаюць». Асноўнай крыніцай карупцыі ў Беларусі Станіслаў Шушкевіч лічыць «прыдворны капіталізм, які пабудаваў Аляксандар Лукашэнка».
 

У сярэдзіне 1990-х гадоў зьявілася такая форма хабару, як «адкат» — абавязковае адлічэньне чыноўніку за выгадны кантракт на засваеньне бюджэтных грошай. Спачатку «адкаты» складалі некалькі працэнтаў, але паступова стаўкі падвышаліся. Паводле падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы Мікалая Казлова, які ў пачатку 2000-ых гадоў прыйшоў служыць у крымінальны вышук, у той час норма «адкатаў» дасягнула 10%, але пры значным кантракце магла быць і большай. А што цяпер? Ці паўплывалі на сумы «адкатаў» апошнія гісторыі з затрыманьнямі высокапастаўленых хабарнікаў зь «Беллегпраму», «Белнафтахіму» ды іншыя рэзанансныя справы?
 

«Наколькі магу меркаваць, толькі павысіўся гэты ўзровень "адкатаў“. Ніжняе зьвяно аказалася выведзенае з карупцыйных схемаў, і грошы бяруць толькі тыя, хто стаіць на высокім узроўні, хто прымае рашэньне. У нас жа кіраўнікі нізкага і сярэдняга ўзроўню імкнуцца не прымаць рашэньняў, бо гэта небясьпечна. Таму невялікае кола атрымлівае гэтыя „адкаты“, але даволі свабодна», — падкрэсліў Казлоў.
 

Пры гэтым Мікалай Казлоў падзяліўся такімі назіраньнямі: шмат якія карупцыйныя справы сьледчымі яўна разьдзьмутыя. «Альбо робяць на замову, альбо самі разьдзімаюць дзеля справаздачы», — мяркуе былы сьледчы крымінальнага вышуку Мікалай Казлоў.
 

Калі няма загаду зьверху на пасадку таго ці іншага чыноўніка, ці спрацоўвае мэханізм барацьбы з карупцыяй на месцах?
 

У сакавіку ў Жодзіне да 9 гадоў зьняволеньня асудзілі за службовыя злоўжываньні былога намесьніка старшыні Барысаўскага райвыканкаму Сяргея Лагно. Рэдактар незалежнай газэты «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас згадвае і справу былога дырэктара аб’яднаньня «Барысаўдрэў», якую цяпер вядзе Сьледчы камітэт.
 

Як паведаміў Анатоль Букас, рэдакцыя мае зьвесткі пра карупцыю сярод чыноўнікаў у сфэры мэдыцыны, будаўніцтва, іншых галінаў. Але журналіст сумняваецца, што праваахоўнікі сапраўды гэтым зацікавяцца.
 

«Пабываў я на прыёме ў пракурора ды агучыў факты, якія ў мяне ёсьць. Ён сказаў, каб я выклаў усё пісьмова, а ён тады дасьць гэтым зьвесткам ход. Але ня думаў, што ён сапраўды гэта зробіць. Бо, прыкладам, супроць мэдычнага начальніка ён ня пойдзе, бо і ён калі-некалі хварэе, і ягоныя сваякі хварэюць. Таму ніхто ня хоча гэтымі пытаньнямі займацца», — расказаў Свабодзе Анатоль Букас.