Блогер Мікалай Клімовіч: У Цэнтры занятасці параілі менш пісаць
Трэба менш пісаць і каментаваць. У прыватнай размове пінскаму блогеру Мікалаю Клімовічу патлумачылі, чаму яго знялі з уліку ў Цэнтры занятасці і чаму паўстаюць розныя праблемы.
Паводле яго слоў, усё з-за ягонай актыўнасці ў сеціве, дзе ён піша пра рэальны стан з беспрацоўем і як цяжка знайсці працу. Таксама далі зразумець, што ў наступным годзе яго можа чакаць падатак за «дармаедства»:
— Я ў гэтым годзе стаяў на ўліку ў Бюро занятасці. Відаць з «дарамаедствам» будуць непакоіць на наступны год. Мне начальнік Бюро занятасці сказаў, што калі б я менш даваў каментараў у сацыяльных сетках, можа быць я і надалей стаяў на ўліку. А з-за таго, што я многа гавару, многа пішу каментароў з нагоды працаўладкавання, то і такі вынік.
Пінчук Мікалай Клімовіч нават сустракаўся са старшынём гарадскога выканкама, каб распавесці пра жыццёвую сітуацыю. Атрымаў параду — трэба брацца за любую працу. Дыпламаванаму спецыялісту ў сферы культуры прапануюць працу ў калгасе — займацца гадоўляй жывёл.
Паводле Радыё Рацыя