Беларускі эксперт: Час для структурных рэформаў упушчаны
Беларусь у апошнія гады адчайна мела патрэбу ў структурных рэформах. Зараз жа ёсць дастатковыя перадумовы для захавання напружанай сітуацыі ў эканоміцы. Такое меркаванне выказаў КРЫНІЦЕ.INFO дырэктар інфармацыйна прававога агенцтва «Рэгістр» Анатоль Атнагулаў.
«На днях Міжнародны валютны фонд апублікаваў свой прагноз, паводле якога зніжэнне ВУП Беларусі будзе больш, чым чакалася раней. Па новай ацэнцы фонду, ВУП Беларусі ў 2015 годзе можа знізіцца на 3,6%. Гэта сведчыць аб тым, што нейкіх кардынальных змен у эканоміцы не адбудзецца», — сказаў Анатоль Атнагулаў.
Эканоміка не трывае нейкіх рэзкіх ваганняў. Яна больш інерцыйная, дадаў суразмоўца. «Не думаю, што ў бліжэйшай перспектыве ў бізнес-асяроддзі нешта кардынальна зменіцца. Будзем працаваць і імкнуцца выжыць», — кажа дырэктар.
«Асноўная праблема ў тым, што дзяржава па-ранейшаму трымае кантроль над уласнасцю ў сваіх руках, а без прыватнага сектара развіццё эканомікі немагчыма», — адзначыў эксперт.
«На бягучы момант час для структурных змяненняў у эканоміцы ўпушчаны. Уладам раней трэба было прымаць адпаведныя рашэнні. Гэта датычыцца, у тым ліку, той жа сферы аўтамабілебудавання, трактарабудавання. Зараз на расійскім рынку таксама з’явіліся новыя вытворчасці, сумесныя прадпрыемствы, зборачныя вытворчасці. Добра прасунуўся Кітай», — разважае кіраўнік агенцтва.
«Для невялікай краіны, якая не валодае ўласнымі прыроднымі рэсурсамі, няма іншага выйсця, акрамя як развіваць нейкія свае напрамкі. Я схільны глядзець на прыклад іншых невялікіх краін — на тую ж Фінляндыю. Бо яны жывуць за кошт уласных рэсурсаў. Не замахваюцца на гігантаманію, каб рабіць трактары і закрываць імі ўвесь расійскі рынак. Яны робяць тое, што трэба ім для ўласнага спажывання. Калі ж ёсць такая магчымасць, то асобныя катэгорыі тавараў яны пастаўляюць на экспарт. І за кошт гэтага жывуць», — разважае Анатоль Атнагулаў.
Эксперт дадаў, што немагчыма сёння не бачыць глабалізацыю ў міравой эканоміцы. «Гаворка ідзе аб стварэнні буйных холдынгаў і канцэрнаў. Свет кантралюецца буйнымі карпарацыямі, якія займаюцца вытворчасцю. Штомесяц у свеце выпускаецца 100 тыс.аўтамабіляў. Гэта велізарны рынак. І мы не павінны спрабаваць канкураваць з гэтай сілай. Трэба адбудоўваць і глядзець, што выгадна вырабляць менавіта нашай краіне», — тлумачыць суразмоўца.
«Іншае пытанне — неабходна развіваць інстытут прыватнага прадпрымальніцтва. А то атрымліваецца, што, напрыклад, у дрэваапрацоўку ўклалі велізарныя сродкі, а аддачы няма. На самай справе, рашэнне было правільным. Дрэва — гэта наш рэсурс. Прадаваць мы павiнны не драўніну, а прадукцыю на яе аснове з высокім дабаўленым коштам. І зарабляць на гэтым. Але, зыходзячы з таго, што дзяржава дрэнны менеджар, у гэтай сферы выйшаў пракол. Прыватнік бы тузаўся. Калі б яму далі крэдыт, а тым больш ільготны крэдыт, то ён выкруціўся б навыварат, але дамогся б вынікаў», — рэзюмаваў Анатоль Атнагулаў.