Беларускаму металургічнаму заводу пагражае дэфолт, які можа выклікаць ланцуговую рэакцыю
Беларускі металургічны завод, дзе працуюць 11 тысяч чалавек, горадаўтваральнае прадпрыемства Жлобіна. Некалі паспяховы, цяпер завод займае думкі вядучых эканамістаў сістэмы — хранічныя фінансавыя праблемы ў 2021 годзе могуць прывесці да лагічнага завяршэння.
БМЗ — спадчына Савецкага Саюза, піша «Наша Ніва». Беларусь не забяспечвае сябе
рудой, таму загружаюць БМЗ металаломам, сваім і чужым. Беларусь спажывае
працэнтаў 15 ад аб'ёму прадукцыі завода, усё астатняе павінна ісці на экспарт.
Таму з пачаткам незалежнасці стаўка была зроблена на выраб з
металалому прадукцыі высокай дададзенай вартасці.
Дзяржава засталася адзінаасобным уласнікам, праводзілася
«мадэрнізацыя», якая не заўсёды давала чаканы эканамічны эфект: вядомыя
выпадкі, калі менеджары БМЗ здавалі на металалом дарагую імпартную тэхніку,
пастаўленую дзесяцігоддзе таму ў рамках мадэрнізацыі, але так і не
ўстаноўленую.
Дакладная сума грошай, убуханых ў «мадэрнізацыю», невядомая.
Але выглядала гэта так: на «мадэрнізацыю» БМЗ бралі крэдыты для закупкі
імпартнага абсталявання, ў выніку ў прадпрыемства ўтварыліся гіганцкія валютныя
даўгі.
Прычыны ёміста апісаў прэм'ер Раман Галоўчанка.
«[Даўгі] утварыліся праз тое, што некаторыя праекты пакуль
не апраўдалі сябе эканамічна. Змянілася рыначная кан'юнктура, сусветныя цэны,
таму не хапае сілаў, каб разлічвацца па абавязках», — пісала летась прэс-служба
Саўміна.
Іншымі словамі, частка прадукцыі завода цяпер або не
патрэбна на рынку ўвогуле, або патрэбна па той цане, якая не дазваляе БМЗ
разлічвацца па крэдытах.
Еўрапейцы і амерыканцы лічаць беларускую эканоміку
нярынкавай, адпаведна, згодна антыдэмпінгавым заканаўствам, адгароджваюцца ад
нас мытамі. Яны думаюць, што дзяржаўнае кіраванне спараджае льготныя ўмовы для
дзяржаўных вытворцаў.
Прадстаўнікі незалежнага прафсаюза, які фарміруецца на БМЗ,
у сваім адказе для «Нашай Нівы» лічаць, што галоўная праблема дзяржаўнага
кіравання — сама наяўнасць дзяржаўнага кіравання.
«У «тлустыя» для металургіі 2005-2008 гады, калі
рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі ў некаторыя месяцы была пад 50%, а
выручка сягала $2 мільярдаў, у завода зразалі ўвесь тлушч: абавязковы продаж
валюты, адлічэнні ў фонд нацыянальнага развіцця, патрабаванні спонсарскай
дапамогі і навешванне дэпрэсіўных арганізацый на баланс у рамках
«холдынгабудаўніцтва».
Эканамічны цыкл канкурэнтаў быў іншым: яны зарабілі на пад'ёме, сфарміравалі рэзервы, з заробленага мадэрнізаваліся ў адпаведнасці з якаснымі прагнозамі, а цяпер зарабляюць з мадэрнізацыі. Мы ж улезлі ў непрадуманую да дэталяў мадэрнізацыю за чужыя крэдытныя грошы, давалі вал праз тое, што даведзеныя паказчыкі важнейшыя за эканамічную мэтазгоднасць», — такое меркаванне металургаў.
Натуральна, праз гады пачаліся праблемы.
Першы сур'ёзны фінансавы стрэс у выніку немагчымасці
разлічыцца з крэдыторамі лячылі рэструктурызацыяй даўгоў і выпускам дадатковых
аблігацый на $240 мільёнаў у 2016-м — гэтыя аблігацыі ў дабраахвотна-прымусовым
рэжыме купілі тутэйшыя банкі: Белінвестбанк, Беларусбанк, Белаграпрамбанк,
«невялікія» пакеты дасталіся таксама БПС-Сбербанку, Белгазпрамбанку і БелВЭБу.
Тэрмін выплаты па гэтым крэдыце — люты 2021-га. Па
цяперашнім курсе гэта 617 мільёнаў рублёў.
Адкуль браць такія грошы — рашуча незразумела. Завод столькі не зарабляе нават з улікам часткова праведзенай «мадэрнізацыі» — за дзевяць месяцаў 2020 года БМЗ атрымаў усяго 34 тысячы рублёў прыбытку.
Пры гэтым ад продажу прадукцыі БМЗ атрымаў мінус 27,1 мільёна рублёў за дзевяць месяцаў 2020 года і мінус 43,9 мільёна рублёў за дзевяць месяцаў 2019 года.
А чысты прыбытак у 34 тысячы — гэта сума прыбыткаў ад
бягучай, інвестыцыйнай і фінансавай дзейнасці мінус падатак на прыбытак.
Эканамісты называюць такі расклад «крэатыўнай бухгалтэрыяй».
«Сціплы чысты прыбытак па нацыянальных стандартах стаў
магчымы дзякуючы фінансавай дзейнасці, у межах якой грунтуючыся на нарматыўных
актах урада, адлюстравана толькі нязначная частка адмоўных курсавых розніц. А
насамрэч становішча прадпрыемства працягнула горшаць, што напэўна будзе
адлюстравана ў справаздачнасці па міжнародных стандартах па выніках года.
З улікам назапашаных у папярэднія гады стратаў прадпрыемства можна назваць устойлівым знішчальнікам, а не стваральнікам дадзенай вартасці, — апісвае сітуацыю з БМЗ эканаміст Дзмітрый Крук — Гэта сведчыць аб заганнасці і неадпаведнасці патрабаванням асяроддзя самой бізнес-мадэлі прадпрыемства. Па міжнародных стандартах справаздачнасці па выніках 2019 чыстыя актывы прадпрыемства [іх можна разглядаць як грубую ацэнку рынкавага кошту бізнэсу] былі яшчэ станоўчыя, але былі істотна меншыя за бухгалтарскі кошт уласнага капіталу прадпрыемства».
Калі прыбраць усе агаворкі, зробленыя аўдытарамі па выніках 2019-га, то ўжо па выніках таго перыяду чыстыя актывы сталі б адмоўнымі.
Іншымі словамі, калі б сёння знайшоўся пакупнік на БМЗ, то
дзяржаве б давялося яшчэ даплаціць яму.
«Пералічаныя фінансавыя праблемы звязаныя не толькі з
фінансавай палітыкай прадпрыемства, але і з яго бягучай дзейнасцю. Прыбытак ад
бягучай дзейнасці празмерна малы і няўстойлівы», — кажа эканаміст Дзмітрый
Крук.
Але пытанне не толькі ў гэтых 617 мільёнах. Калі адкрыць
бухгалтарскі баланс БМЗ за 9 месяцаў 2020-га, то ў графе «кораткатэрміновыя
абавязацельствы» можна ўбачыць, колькі трэба заплаціць БМЗ ужо сёлета.
Справа ў тым, што згодна з метадалогіяй па нацыянальных
стандартах, «кароткатэрміновыя абавязацельствы» — гэта даўгі з астатачным
тэрмінам пагашэння ў менш чым 12 месяцаў.
І гэта страшная лічба — 3,6 мільярды рублёў (станам на
верасень 2020-га).
«Калі ў такой сітуацыі дзяржава не зможа аказаць належную
фінансавую падтрымку, цалкам магчыма, што прадпрыемства вымушана будзе (ці,
магчыма, гэта ўжо адбываецца) парушаць графікі плацяжоў сваім кантрагентам і не
выконваць належным чынам свае абавязацельствы перад імі», — апісвае перспектывы
БМЗ Дзмітрый Крук.
«Прадпрыемства ў такім стане ў любы момант можа сутыкнуцца з
непераадольнымі бар’ерамі для дзейнасці. Яго магчымасць працягваць дзейнасць
крытычна залежыць ад акцыянераў і крэдытораў», — дадае эканаміст.
Вядома, беларускія банкі пры пэўным палітычным загадзе змогуць чарговы раз працягнуць тэрміны выплаты крэдытаў. Але існуе праблема: доўг БМЗ не толькі перад беларускімі банкамі, ёсць і замежныя крэдыторы. Асноўны з іх — гэта ЕАБР, Еўразійскі банк развіцця. Гэты банк кіруецца расійскімі палітычнымі элітамі — урад Расіі мае кантрольны пакет акцый.
Колькі грошай БМЗ павінен ЕАБР, дакладна невядома, у
адкрытых крыніцах няма поўнай інфармацыі. Але ёсць інфармацыя аб тым, што ўжо
ўзнікалі пытанні з выкананнем дамоўленасцяў прынамсі па частцы ў 147,1 мільёнаў
рублёў (станам на 31 снежня 2019 года), што давала права ЕАБР патрабаваць
датэрміновага пагашэння абавязкаў. Але тады неяк дамовіліся. Крэдыторам можна
было даказаць, што цяжкасці 2019-га — часовыя.
І калі ў той сітуацыі, калі былі нейкія паступленні ад
рэалізацыі прадукцыі, БМЗ быў заняты тым, што выпрошваў не выстаўляць да
неадкладнай аплаты старыя крэдыты, то цяпер, са стратамі ад асноўнай дзейнасці
і нарастаючай крэдытнай нагрузкай, узнікае патрэба ўжо ў новых грошах.
Ці дадуць сёння новыя сродкі?
«Наўрад ці нейкі банкір захоча даваць грошы ўстойліва
стратнаму прадпрыемству. Прынамсі, без змены бізнэс-мадэлі. На рынкавых умовах
такі крэдыт выглядае нерэальным, але ён можа быць выдадзены з нейкіх палітычных
меркаванняў», — кажа Дзмітрый Крук.
І вельмі важны тут такі момант: прынамсі частка тых грошай,
якія БМЗ павінен ЕАБР, ЕАБР, у сваю чаргу, павінен еўрапейцам.
У 2013-м годзе ЕАБР у інтарэсах БМЗ (але са сваёй маржой)
прыцягваў сродкі Societe Generale Corporate & Investment Banking, IKB
Deutsche Industriebank AG і AKA Ausfuhrkredit-Gesellschaft mbH на атрыманне
займу ў 107,8 мільёна еўра тэрмінам да 10 год.
Адметна, што нядаўна дырэктар ЕАБР Падгузаў даваў інтэрв'ю
журналістам «Советской Белоруссіі».
На пытанне журналіста, як ЕАБР падтрымлівае беларускіх
кліентаў, Падгузаў адразу пачынае гаварыць пра БМЗ: «Банкам аказвалася ўсялякая
падтрымка. Так, для Беларускага металургічнага заводу адменены павышаныя
працэнты за парушэнне ўстаноўленых фінансавых кавенантаў і прадастаўлены
канікулы па іх да канца 2020-га», — кажа ён.
Ці можна гэта інтэрпрэтаваць так, што банк не разглядае
магчымасць новага крэдыту? Абмяжоўваючыся тым, што і так, маўляў, ужо робім,
што можам — адмянілі штрафныя працэнты, пры чым, з нярынкавых меркаванняў.
Здаецца, зразумелага і простага выйсця з сітуацыі няма.
«У 2021-м БМЗ працягне паглыбляцца ў фінансавую яму. За 2020
справаздачнасць даступна толькі па нацыянальных стандартах, але нават у ёй
бачна, што кампанія стратная нават у бягучай дзейнасці. З высокай імавернасцю,
неўзабаве БМЗ патрапіць нават па нацыянальных стандартах у лік
неплацежаздольных і, пазней, у лік устойліва неплацежаздольных», — кажа
Дзмітрый Крук.
Далейшы лёс утваральнага для Жлобіна завода стаіць пад
пытаннем.
«Калі прадпрыемства перастане плаціць па сваіх крэдытах, гэта стане праблемай для бюджэту. Тады стане пытанне скарачэння выдаткаў, у тым ліку на заробкі — гэта стане праблемай для рабочых. Магчыма, будзе нейкі кампраміс паміж гэтымі варыянтамі. Таксама дэфолт БМЗ адаб'ецца на стане замежнага гандлю.
Але самая галоўная рызыка — прыклад неплацежаздольнасці,
калі буйное прадпрыемства не можа выконваць свае абавязкі, гэта будзе ўдар па
банках і можа выклікаць ланцуговую рэакцыю, парад дэфолтаў на прадпрыемствах з
падобнай фінансавай сітуацыяй», — рэзюмаваў Крук.