Беларусь прадэманстравала адзін з самых нізкіх індэксаў прамысловай вытворчасці ў СНД
Па выніках 2016 года Беларусь і Азербайдан паказалі адзін з самых нізкіх індэксаў прамысловай вытворчасці ў краінах СНД у супастаўных цэнах, у працэнтах да папярэдняга года.
Пра гэта сведчыць статыстычны зборнік «Прамысловасць Рэспублікі Беларусь, 2017», падрыхтаваны Белстатам.
Згодна з апублікаванай у ім інфармацыі, індэкс прамысловай вытворчасці ў Беларусі і Азербайджане (у супастаўных цэнах; у працэнтах да папярэдняга года) складаў 99,6%. Ніжэй індэкс быў толькі ў Казахстана ён складаў — 98,9%.
У той жа час у Малдовы гэты індэкс складаў 100,9%, у Расіі — 101,1%, у Украіны — 102,4%.
Лідэрам па росце індэкса ў СНД апынуўся Таджыкістан з паказчыкам 116%.
Нагадаем, што індэкс прамысловай вытворчасці — гэта паказчык дынамікі аб'ёму прамысловай вытворчасці, яго ўздыму або спаду, які вызначаецца ў выглядзе адносінаў бягучага аб'ёму вытворчасці ў грашовым выразе да аб'ёму прамысловай вытворчасці ў папярэднім або іншым базісным годзе. На рост дадзенага індэкса можа ўплываць рост інфляцыі, калі прадукцыі будзе выпускацца столькі ж або менш, а кошты расці. У Беларусі ж ў 2016 годзе быў адзначаны спад інфляцыі, што таксама адбілася на індэксе.
Адзначым, што ў развітых краінах дадзены індэкс таксама не абавязкова перавышае 100%. Так у ЗША ў 2016 годзе ён склаў 99%, а ў Нарвегіі — 98,9%.
Паводле thinktanks.by