Азбука паліталогіі: Сем мяхоў нелегальных Чабурашак

Кітай у першым квартале завёз у Расію тавараў на 24,073 мільярда долараў (+47,1% да аналагічнага перыяду 2022 года), а пастаўкі з Расіі ў КНР выраслі на 32,6% — і склалі 29,772 мільярда долараў.

Кадр з мультфільма «Чабурашка»

Кадр з мультфільма «Чабурашка»

Калі адмінусаваць ад другога паказчыка першы, мы атрымліваем велічыню сальда гандлёвага балансу. За першы квартал яно было на карысць Расіі — і склала 5,699 мільярда долараў.
Для параўнання: у 2022 годзе ЗША імпартавалі з КНР тавараў на 536,75 мільярда долараў, а экспартавалі на 153,84 мільярда долараў. Адчуваеце розніцу?!
Вось і разважай пасля гэтага пра слабасць расійскай эканомікі, пра яе няздольнасць наладжваць эфектыўнае імпартазамяшчэнне.
Зафіксаваная афіцыйнай статыстыкай рэальнасць, аднак, не такая сумная для эканомікі, якая прэтэндуе на статус майстэрні свету. У прыватнасці, згодна з інфармацыяй, якая паступіла 13 красавіка, расійскія мытнікі ва Усурыйску затрымалі грамадзяніна Кітая, што спрабаваў завезці ў Расію каля 1200 плюшавых Чабурашак, вырабленых з парушэннем аўтарскіх правоў, якія належаць «Саюзмультфільму».

Нелегальныя Чабурашкі. Фота ФМС Расіі

Нелегальныя Чабурашкі. Фота ФМС Расіі

Нескладана здагадацца, што сімпатычных звяркоў (?) з расійскім радаводам, але зробленых у Кітаі, спрабавалі правезці на іх гістарычную радзіму ў абыход мытнага кантролю. А гэта прывядзе да зніжэння кітайскага экспарту ў другім квартале, бо без уліку перамяшчэння праз мытную мяжу плюшавых Чабурашак афіцыйная статыстыка не можа быць поўнай.

Трымайся, карова, са штата Аёва!

Аднак наколькі знак сальда гандлёвага балансу паміж дзяржавамі вызначаецца ўзроўнем іх эканамічнага развіцця?
Звернемся да афіцыйнай статыстыкі. У 2021 годзе Беларусь, якая захавала свой савецкі вытворчы патэнцыял, экспартавала ў Расію тавараў на 16,370 мільярда долараў, а імпартавала — на 23,659 мільярда долараў (мінус 7,289 мільярда долараў). Але з краінамі Еўрасаюза карціна атрымалася адваротнай: пры экспарце ў 9,488 мільярда долараў імпарт склаў толькі $ 6,778 мільярда долараў (плюс 2,710 мільярда). Ведай нашых!
У якасці каментару прывяду фрагмент з Паслання–2012:
«Ворагам Беларусі вельмі хацелася б бачыць нашу краіну адсталай, закасцянелай і захраслай у мінулым, у лапцях. Такія краіны робяцца лёгкай здабычай. Яны неканкурэнтаздольныя ў свеце.
Але мы не дадзім падставы для радасці тым, хто не любіць Беларусь і зайздросціць (вылучана. — С. Н.) нам.Наша краіна ніколі не пагрузіцца ў застой і не будзе таптацца на месцы. Мы заўсёды ішлі толькі наперад, пераадольваючы ўсе перашкоды і праблемы. Так будзе і надалей».
Станоўчае сальда гандлёвага балансу з краінамі Еўрасаюза дарагога вартае. Таму мае ўсе шанцы на другое прышэсце савецкі лозунг канца 1950-х гадоў: «Трымайся, карова, са штата Аёва!». Нагадаем, у тыя часы Камуністычная партыя абяцала дагнаць і перагнаць ЗША па валавой вытворчасці малака. Дый як не дагнаць? Больш за 8 мільярдаў долараў экспарту сельгаспрадукцыі ў 2022 годзе таму пацвярджэнне.
Трымацца, аднак, трэба будзе не адным толькі каровам, якія жуюць англасаксонскую жуйку. А што наконт станкабудаўнікоў Германіі? А як там вытворцы мікрачыпаў Ірландыі? Пра іх невясёлыя перспектывы сёння не разважае хіба што лянівы. Спіс асуджаных на банкруцтва можна лёгка працягнуць.

Не ў грошах шчасце

Прыведзеныя прыклады, аднак, не варта разглядаць у якасці выключэння. Чым вышэйшая доля сыравіны і прадукцыі першаснай перапрацоўкі (металаў, нафтапрадуктаў і да таго падобнага) у экспарце, тым больш шанцаў, што сальда гандлёвага балансу акажацца станоўчым.
Звернемся да адпаведнага спісу краін. Сярод лідараў у 2010 годзе (на жаль, больш свежых даных адшукаць не атрымалася) знаходзілася Папуа — Новая Гвінея, чыё станоўчае сальда знешнегандлёвага балансу экспарту-імпарту склала 27,6% ад ВУП.
У спісе яе экспартных тавараў — прыродны газ, нафта, золата, медная руда, нікель, кобальт, пальмавы алей, кава, какава, копры, спецыі (куркума, ваніль, імбір) і морапрадукты.
Аднак жа 27,6% ад ВУП — гэта не рэкорд. У тройку сусветных лідараў трынаццаць гадоў таму ўваходзілі Рэспубліка Конга — 47,1%, Азербайджан — 40,3% і Ангола — 39,1%. На гэтым фоне 4,3% ЗША выглядаюць больш чым сціпла. І гэты працэнт не са знакам плюс, а са знакам мінус! У абсалютных жа лічбах амерыканская сціпласць у 2010 годзе пацягнула на 633 мільярды долараў!
На фоне такой статыстыкі па-іншаму выглядаюць развагі штатных прапагандыстаў пра неакаланіялізм, які нібыта навязваецца апалагетамі аднапалярнага свету.
Тым не менш праблема беднасці ў свеце існавала, існуе і яшчэ доўга будзе існаваць незалежна ад колькасці полюсаў. У 2021 годзе, згодна з разлікамі Сусветнага банка, Рэспубліка Конга з 12,7 тысячы долараў даходу на душу насельніцтва займала сярод 199 краін 112-е месца, Ангола — 138-е ($ 6,6 тысячы) а Азербайджан — 93-е ($ 15,8 тысячы).
Свежы прыклад. На момант напісання гэтага артыкула чацвёрты тыдзень даражэе нафта — прычынай гэтага стала рашэнне АПЕК скараціць яе здабычу на 400 тысяч барэляў у дзень. АПЕК — гэта картэль, створаны 13-ю аўтарытарнымі нафтаэкспартуючымі краінамі з мэтай кантролю квот на здабычу нафты.
Не выключана, што кошт нафты зноў перавысіць 100 долараў за барэль, а гэта дазволіць удзельнікам картэля «зарабіць» дадаткова 300 мільярдаў долараў за год.
Уяўляеце, колькі дадатковых плюшавых Чабурашак змогуць набыць бацькі для сваіх дзяцей у трушчобах Анголы, Габона, Венесуэлы і Экватарыяльнай Гвінеі!
***
Экспартныя даходы экспартнымі даходамі, а трушчобы трушчобамі. Як паказвае практыка, сувязь паміж гэтымі з'явамі сучаснага жыцця можа як адсутнічаць, так і прысутнічаць.
Так, манархіі Персідскага заліва (Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Кувейт і Каралеўства Саудаўская Аравія) — прыклад станоўчай сувязі паміж экспартнымі паступленнямі і ўсеагульным дабрабытам.
Прыказка кажа праўду: не ў грошах шчасце, і нават не ў іх колькасці, а ў здольнасці эліт імі распараджацца. Манархі ў гэтым пытанні здольныя даць сто балаў наперад дэмакратычна абраным аўтарытарным лідарам краін трэцяга свету. Усё лагічна: першыя думаюць пакаленнямі, другія — выбарчымі цыкламі.