Амерыканскі гігант купіў беларускую кампанію па распрацоўцы праграм для iOS I Android

Беларускія мабільныя распрацоўшчыкі Apalon сталі падраздзяленнем амерыканскай інтэрнэт-кампаніі InterActiveCorp (IAC), паведамляецца ў прэс-рэлізе IAC. Сума ўгоды не называецца.

ios_7.png

Пакупку Apalon здзейсніла кампанія Mindspark, што з’яўляецца дзейным бізнэсам IAC, піша «Наша Ніва».

«Сённяшнія навіны зацвярджаюць фокус каманды Apalon на распрацоўку прыгожых праграм, якія нашыя кліенты выкарыстоўваюць штодзень», — заявіў сузаснавальнік Apalon Пётр Скаромны. «Mindspark і Apalon падзяляюць погляд на стварэнне шырокага спектру найлепшых у сваім класе праграм для распаўсюду па ўсіх платформах і рэгіёнах».

Штат Apalon складаецца прыкладна са ста чалавек.

Кампанія з’яўляецца рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій. Паводле ацэнак экспертаў, апытаных праектам «Про бизнес.», пакупка Apalon магла абыйсціся амерыканцам у 80 —100 млн долараў. Кіраваць Apalon пасля пакупкі працягнуць яе заснавальнікі.

Apalon была заснаваная ў 2007 годзе як падраздзяленне распацоўшчыка вэб-праграм. З цягам часу кампанія пераключылася на распрацоўку праграм для iOS I Android. Некаторыя праграмы кампаніі набылі надзвычайную папулярнасць. Сярод іх набор для ўпрыгожвання рабочага стала iOS Pimp My Screen, прагноз надвор’я Weather Live, будзільнік My Alarm Clock, нататнік Notepad+. Сумарна ў праграм Apalon налічваецца больш за 200 мільёнаў усталёвак і каля 20 мільёнаў актыўных карыстальнікаў штомесяц. Кампанія не раз уваходзіла ў сусветны топ-10 па колькасці загрузак праграм для iOS.

Apalon — паспяховы беларускі стартап, які атрымаў прызнанне з боку ключавых гульцоў сусветнай ІТ-індустрыі. Аднак, IT-прарыў у краіне нельга ўявіць без кампаніі Viaden. Яна была створана у 2001 годзе ВіктарамПракапеням, беларускім бізнэсмэнам і інвестарам. Зараз Віктар займаецца інвестыцыямі ў IT-сектар (праз фонд VP Capital), а таксама падтрымлівае распрацоўку фінансавага ПА кампаніяй exp (capital).

IAC — міжнародная інтэрнэт-кампанія са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку. Сярод яе 150 брэндаў такія кампаніі як Vimeo, Ask.fm, About.com, Dictionary.com, The Daily Beast. Выручка кампаніі за 2013 год перавыміла 3 млрд долараў, а чысты прыбытак склаў 285,8 млн долараў.