«Адзін пояс і адзін шлях»: як Кітай адмаўляецца ад беларускай эканомікі

У гэтым месяцы ў Пекіне адбудзецца трэці форум, прысвечаны кітайскай інфраструктурнай ініцыятыве «Адзін пояс і адзін шлях». Ён будзе асаблівым, «Новаму Шаўковаму шляху» спаўняецца 10 гадоў. Але настроі ў Паднябеснай нярадасныя. Яшчэ менш аптымізму ў нас.

_kitaj___pekin___vjaliki_kamen__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_1_logo.jpg.webp

Многія краіны, пераважна развітыя, адмовіліся ад удзелу па розных прычынах. Узрастаючая экспансія КНР, нізкая рэнтабельнасць праекта з прычыны таго, што Кітай выкарыстоўвае яго як палітычны інструмент, агульны эканамічны спад. Таму юбілейнае мерапрыемства абвешчана самітам краін, якія развіваюцца, пішаАндрэй Сахневіч у «Белнавінах».

Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў, што Беларусь плануе свой удзел у Форуме і спадзяецца на прасоўванне сваіх праектаў.

Характэрна, што калі гаворка заходзіць аб эканамічным супрацоўніцтве Кітая і Беларусі, то ўсе тэзісы фармулююцца настолькі расплывіста, што адразу становіцца зразумела — з гэтым супрацоўніцтвам нешта не так.

КНР з'яўляецца другім пасля РФ гандлёвым партнёрам Беларусі. Цікава, што дакладных даных па тавараабароце няма, розныя ведамствы даюць розную інфармацыю. Найбольш дакладнымі выглядаюць лічбы Белстата — 4,94 млрд долараў. Быццам бы нядрэнны паказчык, вось толькі імпарт з Кітая ў Рэспубліку Беларусь складае больш за 4 млрд долараў, а беларускі экспарт — 900 млн. Адмоўнае сальда каласальнае. Але гэта яшчэ не ўсё. Беларусь пастаўляе ў КНР у асноўным сельскагаспадарчую прадукцыю і прадукты харчавання, піламатэрыялы, прадукты нафтаперапрацоўкі — тавары з нізкім дадатковым коштам.

Яшчэ горш ідуць справы ў фінансавай сферы. Лукашэнка чакаў дапамогі ад усходніх партнёраў: Расіі і, у першую чаргу, Кітая. Але надзеі не апраўдаліся. Апошні дзяржаўны міжурадавы крэдыт ад Кітая мы атрымалі ва ўжо далёкім 2019 годзе. Пасля гэтага ў выглядзе крэдытаў атрымалі каля 15 млн долараў ад экспартна-імпартнага банка КНР, у той час як выплацілі па даўгах больш за 400 млн.

Цяпер крэдытныя лініі, адкрытыя для Беларусі да 2020 года, пераведзены ў разрад тэхнічных, гэта значыць кітайскі бок не чакае па іх прыбытку. Гэта ў сваю чаргу азначае, што новых крэдытаў будзе альбо мала, альбо не будзе зусім. Сур'ёзным сігналам аб згортванні кітайскіх інвестыцыйных праектаў у Беларусі стала замарозка крэдытнай лініі для прадпрыемства «Слаўкалій».

Глядзіце таксама

Беларусь была цікавая Пекіну ў першую чаргу з пункту гледжання лагістыкі — тэрыторыі, якую можна выкарыстоўваць для паставак кітайскіх тавараў на еўрапейскі рынак. Рэзкае пагаршэнне адносін Мінска і Бруселя пахавала ўсе перавагі Беларусі.

Адзін з самых паспяховых беларуска-кітайскіх праектаў «БелДжы» (зборка аўтамабіляў) стагніруе. Кітай цалкам страціў цікавасць да яго і спыніў пастаўкі камплектуючых. Вінаваціць у гэтым кітайскі бок складана. Завод запушчаны ў 2013 годзе і быў разлічаны на выпуск 60 тысяч аўтамабіляў у год. Галоўная мэта гэтага праекта — зрабіць таннейшымі пастаўкі аўтамабіляў «Geely» ў ЕС. Аднак санкцыі 2020 года паставілі крыж на гэтых планах.

Асобнай тэмы заслугоўвае індустрыяльны парк «Вялікі камень». Гэты праект задумваўся як адна з найбольш важных платформаў «Новага Шаўковага шляху». Але пасля таго, як Беларусь загнала сябе ў становішча лагістычнага тупіка, з «Вялікага каменю» сышло больш за палову кітайскіх інвестараў і прадпрыемстваў, на іх месца прыходзяць расійцы. Цалкам верагодна, што «Камень» стане аналагам маскоўскага «Сколкава» — велізарнай, празмерна дарагой фабрыкай па вытворчасці састарэлых дыёдных лямпаў.

Цяпер Беларусь і КНР звязваюць выключна палітычныя інтарэсы. Лукашэнка для Пекіна — усяго толькі яшчэ адзін голас на міжнародных пляцоўках, напрыклад, у ААН. Эканамічнае супрацоўніцтва зведзена да мінімуму і мае адну мэту — не дапусціць пераходу Беларусі на дэмакратычна шлях развіцця, што Кітаю будзе вельмі нявыгадна.

Беларусь магла б атрымліваць велізарныя прыбыткі ад кітайскіх праектаў, але гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. Да таго ж санкцыі — усяго толькі вынік, а прычыны схаваны ў рэжыме Лукашэнкі.