«За свабоду вашую і вашых бацькоў змагалася яшчэ тады, калі Беларусь была анямелая пад савецкім ярмом»
Сёння спадарыня Івонка была пераабраная старшынёй Рады БНР. Узгадаем 10 фактаў з яе жыцця, прасякнутага змаганнем за свабоду Беларусі.
Івонка Сурвілла жыве ў эміграцыі з 1944 года
— Так, на жаль, я жыву амаль усё маё жыццё на чужыне. Але не з маёй волі, — падкрэслівала ў 2006 годзе Івонка Сурвілла.
— На чужыне я ўсё жыцьцё была даволі чутным голасам Беларусі. За свабоду Вашую і Вашых бацькоў змагалася яшчэ тады, калі Беларусь была анямелая пад савецкім ярмом. Як толькі даведалася пра сапраўдныя памеры Чарнобыльскай бяды, узялася арганізоўваць Фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі, які дапамог прыехаць у Канаду на аздараўленне тысячам беларускіх дзетак. Былі сабраныя на дапамогу ахвярам Чарнобылю мільёны даляраў. Узначальвала гэты Фонд восем гадоў, да моманту абраньня Старшынёй Рады БНР. Калі б Беларусь мела сяброў на чужыне ў 1918 годзе, хто ведае, магчыма, і Вам ня трэба было б рызыкаваць сёньня жыццём. Беларуская дыяспара ўвесь час здабывала сяброў для Беларусі. Гэта таксама было змаганнем за свабоду Бацькаўшчыны.
Упершыню святкавала Дзень Волі ў 1948 годзе
— Першы раз (святкавалі Дзень Волі) у 1948 годзе, у Даніі — казала Івонка Сурвілла ў эфіры «Св*бода Premium». — Мы тады рахтаваліся да ад’езду з Даніі ў Францыю і якраз былі ў пераходным лагеры, і зрабілі цудоўнае свята, цэлы банкет. Запрасілі нашых дацкіх сяброў, мой тата рабіў даклад. Было вельмі ўрачыста і прыгожа. Дык гэта быў мой першы ўспамін. А пасля гэтага — кожны год святкавала 25 сакавіка.
У розныя часы Івонка Сурвілла жыла ў Даніі, Францыі, Гішпаніі, Канадзе
— У Беларусі я толькі бачыла вайну і бяду, але засталіся надзвычайныя ўспаміны з Беларусі, — узгадвала спадарыня Івонка. — У Даніі была пасля вайны — адчувала сябе як у раі. У Францыі было цяжкавата. У Гішпанію паехала адразу пасьля шлюбу і там, безумоўна, пазнала вялікае шчасьце. У Канадзе мяне захапляе дабрыня народу, якая была выяўленая падчас маёй працы для ахвяраў Чарнобылю ў Беларусі.
Івонка Сурвілла валодае дзевяццю мовамі
Старшыня Рады БНР мае выбітную адукацыю. Яна навучалася ў Вышэйшй мастацкай школе ў Парыжы, а таксама ў 1959 годзе скончыла лінгвістычнае аддзяленне Сарбонскага ўніверсітэту.
Івонка Сурвілла валодае ўзорнай беларускай мовай, а акрамя роднай ведае яшчэ восем моваў – гішпанскую, французскую, англійскую, нямецкую, дацкую, лацінскую, нарвежскую, польскую.
Займае пасаду старшыні Рады БНР з 1997 года
Пры гэтым Івонка Сурвілла падкрэслівае, што Рана БНР не з’яўляецца эмігранцкай арганізацыяй.
«Што да цяперашняй Рады, дык хачу найперш сказаць, чым Рада ня ёсьць. Яна ня ёсьць «эмігранцкая арганізацыя», якая займаецца справамі эміграцыі.
. Небясьпека гэтая зусім рэальная, і будзе захоўвацца, пакуль Лукашэнка застаецца пры ўладзе. Рада займаецца лабіраваньнем беларускіх інтарэсаў, беспасрэдна кантактуючыся з урадамі краінаў, якія могуць дапамагчы Бацькаўшчыне. Адначасна выкарыстоўваем паўсюль, дзе магчыма, сродкі масавай інфармацыі, — пішам лісты, дэманструем, дыскутуем, прыцягваем увагу да Беларусі. Тут хацела б адзначыць, што Беларусь не страціла б Незалежнасьць у 1918 годзе, калі б мела такіх прыяцеляў у Вэрсалі, якіх мае цяпер у Вашынгтоне і Брусэлі, дзякуючы ў немалой ступені і дзейнасьці беларускай дыяспары», — заяўляла Івонка Сурвілла яшчэ ў 2006 годзе, адказваючы на пытанні чытачоў «Свабоды».
На працягу ўсяго перыяду свайго кіравання Радай БНР Івонка Сурвілла нястомана адказвае пра легітымнасць Рады.
«Рада БНР гэта экзыльны ўрад, такі самы, як, скажам, экзыльны ўрад Тыбэту. Такая самая нашая і легітымнасьць. Калі краіна ня вольная, калі ўлады яе не прадстаўляюць волі свайго народу, тады і зьяўляюцца экзыльныя ўрады. Пад час існаваньня савецкай імпэрыі, шмат якія падсавецкія краіны мелі экзыльныя ўрады. Бальшыня іх змагла перадаць свае паўнамоцтвы пасьля вызваленьня іх бацькаўшчынаў. Мы гэтага не зрабілі, бо наш першы парлямэнт (ці Вярхоўны Савет 12-га скліканьня) ня быў абраны дэмакратычна, не кажучы ўжо пра іншыя выбары. Што да нашай легітымнасьці, дык мы ўважаем сябе больш легітымнымі за ўрады, створаныя ўжо на чужыне.
Факт, што Беларусь усё яшчэ ня ёсьць свабоднай дэмакратычнай дзяржавай і што ёй усё яшчэ пагражае аншлюс у Расейскую Фэдэрацыю, надае Радзе БНР яе легітымнасьць», — тлумачыла спадарыня Сурвілла.
Удзельнічала ў мастацкіх выставах як жывапісец
— Мастацтву я вучылася ў Парыжы, у Ecole supйrieure des beaux-arts, казала Івонка Сурвілла ў інтэрв’ю Сяргею Харэўскаму. — Там кожны студэнт быў прымацаваны да аднаго мэтра. Маім быў Жан Сувэрбі, сябар Акадэміі, нэаклясык. Ён выдатна разумеў сучаснае мастацтва: дагэтуль памятаю ягонае яснае, натуральнае тлумачэньне, чаму Пікаса маляваў каня з адным вокам збоку каля пысы. Разам з тым ён паважаў клясыцызм — прапорцыі, прыгоства лініяў, кампазыцыю. Ён не прызнаваў пэйзажу. Для яго вартымі ўвагі былі толькі людзкое цела, партрэты, жанравыя кампазыцыі.
— Цяперашняя канцэпцыя мастацтва мне чужая. Калі я хачу штосьці па-мастацку выказаць, то, хочучы ці ня хочучы, я раблю гэта спосабам, які мяне пераносіць у сьвет лепшы, у штосьці прыгожае. Я не малюю ваенных сцэнаў, унікаю трывожных колераў... Папросту не магу. Я малюю ідэалізаваны сьвет, — казала Івонка Сурвілла ў 2002 годзе.
Арымала медаль каралевы Елізаветы II
«Я маю гонар прадставіць гэтую адзнаку камусьці, хто зрабіў так шмат, каб пасеяць насенне дэмакратыі ў Беларусі, — сказала сенатарка Райнэл Андрэйчук на цырымоніі ўзнагароджання. — Дэмакратыя не прыйдзе заўтра ў Беларусь, але яна прыйдзе, і ўнёсак спадарыні Сурвіллы вельмі важны ў гэтым працэсе».
«Я вельмі задаволеная, калі бачу, што Святлану Ціханоўскую прымаюць і слухаюць»
Сваё стаўленне да дэмакратычнай лідаркі Беларусі старшыня БНР выказала ў эфіры «Св*бода Premium»:
— Па-першае, яна мне вельмі падабалася як чалавек, цудоўная асоба. І мы вельмі прыемна правялі час разам з яе групай — і яе дэлегацыя, і наша дэлегацыя. Думаю, што ў яе таксама засталіся вельмі добрыя ўспаміны — як і ў мяне.
З пункту гледжання працы — мы ім памагаем усюды, дзе можам, падтрымоўваем усюды, дзе можам. Я ўважаю, што Святлана цяпер мае цудоўнае месца, каб абвяшчаць ўсяму свету пра Беларусь, пра няўдзел беларускага народа ў вайне з Украінай. Яна мае падмурак, якога мы не мелі ніколі — гэта 2020 год, калі свет пабачыў, што беларускі народ змагаецца супраць дыктатуры і за сваю волю. Гэтыя бела-чырвона-белыя сцягі, якія я прыпамінаю вельмі частка, каб пацешыць сябе, калі бачу, што робіцца цяпер.
Мы паказалі свету, што чакаем на вызваленне. Для Святланы гэта падмурак, на які яна можа абапірацца, каб рабіць сваю працу. І я вельмі задаволеная, калі бачу, што яе прымаюць і слухаюць.
Старшыня рады БНР дзякуе беларускім ваярам, якія змагаюцца за Украіну: «Абарона Украіны ці дапамога абароне Украіны – сьвятая справа для кожнага ва ўсім цывілізаваным сьвеце»
«Я ўзрушаная вітаць беларусаў батальёну імя Каліноўскага, якія трымаюць у руках зброю пад нашымі нацыянальнымі сымбалямі – бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй», — казала Івонка Сурвілла ў звароце да ваяроў батальёну імя Кастуся Каліноўскага ў красавіку 2022 года.
«Беларускае нацыянальнае войска, якое б ня здрадзіла беларускаму народу — ані як найміт нутранага захопніка ўлады, ані як калябарант Крамля, — яшчэ мае зьявіцца. Гэта тое, чаго не хапіла для абароны незалежнасьці БНР у 1918 годзе, і тое, што неабходна для незалежнасьці і вызваленьня Беларусі цяпер. Я дзякую ўладам Ўкраіны за стварэньне магчымасьці беларусам змагацца за Ўкраіну пад уласным нацыянальным сьцягам», — падкрэсліла спадарыня Івонка.
«Прашу Бога, каб даў мне сілаў, пакуль мая праца будзе патрэбная»
— казала Івонка Сурвілла з нагоды свайго 70-годдзя і дадавала: «Зь Нью-Ёрку атрымала цудоўнае прывітанне зь вершам Сержука Сокалава-Воюша, у якім ветліва кажацца, што «у змагароў няма ўзросту, яны заўсёды маладыя...»
Ня просты шлях да мэты простай:
За Беларусь! – Шляхі сьвятыя.
Ваш лёс змагарніцкага хросту.
І побач з Вамі мы цьвярдыя,
І разам з Вамі сьмела й годна
Ажыцьцяўляем запаветы
Сваёй Рэспублікі Народнай,
Як самай найвышэйшай мэты.
І вечнасьць зьзяе чыста, востра,
І сьвецяць далі залатыя,
Бо ў змагароў няма ўзросту,
Яны заўсёды маладыя!