Віталь Гуркоў: Самае галоўнае — перамагчы страх
27 сакавіка дзесяціразоваму чэмпіёну свету па тайскім боксе Віталю Гуркову спаўняецца 30 гадоў.
Віталь Гуркоў і Наталля Радзіна
Віталь Гуркоў - заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, першы спартсмен, які стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча. Прэмія была створана
ініцыятывай «Хартыя-97» у 1998 годзе. За 17 гадоў яе атрымалі каля 100 мужных беларусаў - актывістаў, палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў, музыкаў, мастакоў - людзей, якія
змагаюцца за лепшую будучыню Беларусі.
Віталь Гуркоў быў узнагароджаны прэміяй у намінацыі «За смеласць у творчасці». Сёння ён з'яўляецца кумірам беларусаў не толькі з-за спартыўных дасягненняў. Гуркоў
адкрыта выказваецца ў падтрымку свабоды Беларусі, яго герой - Кастусь Каліноўскі, яго сцяг - бел-чырвона-белы, а родная мова - беларуская. Нядаўна спартсмен стаў удзельнікам новага гурта Сяргея
Міхалка BRUTTO і выканаў песню з прароцкай назвай «Наша возьме!».
З-за ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах Віталь Гуркоў не змог прысутнічаць на цырымоніі ўручэння Нацыянальнай прэміі, але напярэдадні спартсмен наведаў офіс charter97.org у Варшаве, дзе галоўны
рэдактар сайта Наталля Радзіна ўручыла яму прэмію «Хартыі-97». Павіншаваць спартсмена прыйшлі беларусы Варшавы.
- Было нечакана апынуцца ў адным шэрагу з людзьмі, якія звязаныя з палітыкай і якія рызыкуюць сваім жыццём і свабодай. Сам я далёкі ад палітыкі, хоць яна ўсё роўна заўсёды побач, -
сказаў Віталь Гуркоў у інтэрв'ю charter97.org.
- Тым больш сёння, калі ідзе вайна ў Украіне, існуе вялікая пагроза незалежнасці Беларусі.
- Так. Калі я бачу, што адбываецца ў суседняй Украіне, мне, напрыклад, страшна, што такі сцэнар можа адбыцца таксама і ў нас.
- Многія, у тым ліку спартсмены, аддаюць перавагу таму, каб не заўважаць таго, што адбываецца, жывуць нібы на іншай планеце.
- Потым яны зразумеюць, што ўвесь час былі ў ружовых акулярах. Ёсць такая катэгорыя людзей, якія не пачнуць думаць, пакуль што-небудзь не здарыцца. Як гэта бывае з хваробай: калі менавіта цябе
гэта не кранула, то і не турбуе. А калі гэта здараецца з табой, тваім сябрам, тваёй сям'ёй, тады становіцца балюча.
Я разумею, што зараз наш афіцыйны сцяг іншы і спартсмены падымаюць яго на міжнародных спаборніцтвах. Але бел-чырвона-белы сцяг у маёй душы яшчэ са школы. Я ведаю яго гісторыю, мяне так вучылі і
мне гэта блізка. Мне вельмі непрыемна, што наш гістарычны сцяг сёння лічыцца апазіцыйнай і забароненай сімволікай. За яго арыштоўваюць, прыйдзеш на хакей - яго забіраюць. Але ж гэта быў наш дзяржаўны
сцяг з 1991 па 1995 год. Давайце яго паважаць.
Калі я баксіраваў ў Мілане за тытул чэмпіёна свету, на ўсю трыбуну разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг. Так мяне падтрымала землякі. Потым я пазнаёміўся з адным з ініцыятараў гэтай акцыі. Гэта быў
звычайны хлопец, Які вучыцца ва ўнівэрсытэце ў Варшаве, любіць спорт і ніяк не звязаны з палітыкай.
- А чаму цябе не ўсё адно? Дзесяціразовы чэмпіён свету, зорка, паспяховы малады чалавек з выдатнай кар'ерай. У Беларусі гэта рызыка - быць сапраўдным патрыётам.
- Што могуць значыць спартыўныя поспехі і дасягненні, калі такое адбываецца ў свеце, калі людзі гінуць за сваю незалежнасць, за свае сем'і, за сваю краіну? Уся гэтая паспяховасць - нішто
ў параўнанні з тым, што хтосьці губляе сябра, гатовы аддаць жыццё за сваіх родных, бацькоў, сваю краіну.
Я лічу, што нашмат большай сілай валодаюць людзі, якія, пераступаючы праз страх пакарання або страх смерці, адстойваюць свае ідэалы і абараняюць сям'ю.
- Здаецца, што зараз важныя не столькі сіла, колькі вера.
- «Кожнаму па веры яго», - так у Бібліі было напісана. Калі ты нешта робіш і не верыш у гэта, якім можа быць вынік? З верай у сэрцы жывецца і працуецца значна лягчэй.
- Жыве Беларусь!
- Жыве вечна!