Вінцук Вячорка: «Трэба рыхтаваць грамадства да таго, што беларуская мова зноў мае стаць адзінай дзяржаўнай»

У дзень народзінаў выбітнага беларускага мовазнаўцы Вінцука Вячоркі згадаем ягоныя выказванні пра мову як абарончы бар’ер, дзяржаўнае двухмоўе, а таксама пра беларускую лацінку.

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

Нашто нам свая мова?

«У тых рэальных умовах, у якіх была беларуская нацыя ў пачатку XX стагоддзя — частка праваслаўная, частка — рыма-каталікі, рэгіёны ў эканамічным плане дастаткова моцна адрозныя, сацыяльныя пэўныя размежаванні, сяляне, шляхта, мяшчане… Дык вось, галоўным чыннікам, які нас яднаў, была менавіта беларуская мова. Пра гэта вельмі часта цяпер забываюцца, але калі не беларуская мова, то хто яго ведае, колькі нацыянальных груп магло паўстаць на гэтай нашай тэрыторыі. Не, гэта галоўны аб’яднаўчы чыннік, прычым цягам многіх вякоў, а то і тысячагадовай нашай гісторыі.

Беларуская мова — гэта тое, што нас яднае, і тое, што зрабіла нас нацыяй. Такая каштоўнасць, якая ляжыць фактычна ля падмурку, якая краевугольны камень нашага нацыянальнага дома, якую трэба берагчы, як вока, усім наступным пакаленням», — казаў Вінцук Вячорка ў размове з аўтарам падкасту «Кожны Дзень».

«Тут нацыя — гэта мова. Выняткаў у нашым цэнтральнаўсходнееўрапейскім краі няма. Калі ёсць мова, нацыя зберажэцца, рана ці позна адродзіцца, створыць дэмакратычную дзяржаўнасць. А калі мовы няма, то можа і не адрадзіцца ніколі. І нават маючы сваю дзяржаўнасць, яе страціць, не маючы мовы.

Мова — гэта свой культурны код, абарончы бар’ер, індыкатар свой-чужы, фільтр ад чужой прапаганды.

У яе мноства такіх функцыянальных на штодзённым узроўні роляў і вартасцей, пра якія паспаліты чалавек рэдка задумваецца. Варта нястомна тлумачыць гэтыя рэчы», — адзначае мовазнаўца ў інтэрв'ю «Новаму Часу».

Глядзіце таксама

«І раней Лукашэнка ў хвіліны шчырасці прызнаваўся, што змяншэнне статусу рускай мовы можа выклікаць праблемы ў ягоных цёплых дачыненнях з Масквой. Думаю, што такія сігналы ўсё ж прыходзяць адтуль, і згода Лукашэнкі на тое, што на прасторы так званага СНД 2023 год ёсць годам рускай мовы, гэта ілюструе. Палітыка, скіраваная на маргіналізацыю, фактычнае знішчэнне беларускай мовы, працуе ў інтарэсах Расіі, у інтарэсах «рускамірнасці »як інструмента аднаўлення імперыі», — падкрэслівае Вячорка ў размове з «Радыё Свабода».

«Трэба рыхтаваць грамадства да таго, што беларуская мова зноў мае стаць адзінай дзяржаўнай. Бо нарасло мноства міфаў вакол кароткай і выратавальнай (няхай часова) для беларускае мовы эпохі, маю на ўвазе 1990—1995 гады, калі яна была адзінай дзяржаўнай. Колькі нарасло недарэчных стэрэатыпаў, у тым ліку з вуснаў людзей, якія тады яшчэ не жылі альбо былі маленькімі дзецьмі».

Пра дзяржаўнае двухмоўе

«Людзям адмыслова прамываюць мазгі — «у Беларусі моўнай праблемы няма». І цяперашні фактычны валадар гэта не раз паўтараў: «У нас нет никаких языковых проблем». Ды ёсць у нас моўная праблема, і велізарная, не меншая, чым у Ірландыі, але там яна прызнана на дзяржаўным узроўні. Важна, каб людзі ўсведамлялі праблему, што за лёс беларускае мовы, як выяўляецца, ахвяравалі многія пакаленні беларусаў, што былі вельмі адважныя акцыі, адна з якіх — страйкавае галадаванне Апазіцыі БНФ у парламенце ў 1995 годзе, калі Лукашэнка рыхтаваў неканстытуцыйны рэферэндум. Дарэчы, першы ж свой рэферэндум для замацавання палітычнай улады ён зрабіў менавіта пра мову, хоць кажа, што моўнай праблемы няма. Ёсць праблема, ён гэта выдатна разумее. Цяпер задача ў тым, каб зразумелі яе наяўнасць мільёны нашых суайчыннікаў».

Вінцук Вячорка. Фота ЧТК

Вінцук Вячорка. Фота ЧТК

«Дзяржаўная мова — гэта мова дзяржавы, дзяржаўнага чыноўніка, які сапраўды абавязаны ёю валодаць на функцыянальным узроўні, каб адказаць, адпісаць, скласці дакумент па-беларуску. А чалавек на вуліцы альбо ў сям’і хай гаворыць на той мове, на якой хоча. Праз гэтае фіктыўнае дзяржаўнае двухмоўе, якое на практыцы аднамоўе, тыя самыя дзяржаўныя службоўцы паўтараюць адно: «у нас два государственных языка, я не обязан вам отвечать по-белорусски». Гэтае двухмоўе дзяржаўнае пацярпела поўны крах. 

Тое, што беларуская мова ў выніку апынулася ў «чырвонай кнізе» ЮНЕСКА, сярод моў, над якімі навісла пагроза — самы моцны аргумент супраць «дзяржаўнага двухмоўя».


«Няма ніводнай постсавецкай дзяржавы, ніводнай цэнтральнаўсходняй еўрапейскай дзяржавы з дзвюма дзяржаўнымі мовамі. Няма. Нават Казахстан, дзе руская мова мела статус так званай афіцыйнай, дзяржаўную мову заўсёды, будучы незалежным, меў толькі казахскую, што прыводзіць да пазітыўных для казахскай мовы вынікаў. Дзяржаўны службовец можа адказаць па-руску таму, хто звяртаецца да яго па-руску, але пры гэтым функцыянуе ён па-казахску. Захоўваюцца дэмакратычныя моўныя правы, а сярод іх галоўнае — права казахскага народа на сваю моўную будучыню».

«Гэтая ўяўная дэмакратычнасць, маўляў, не «і», а «або», выкарыстоўваецца гэтымі ўладамі, пачынаючы з 1995-га, з таго памятнага рэферэндуму, адным з галоўных пытанняў якога быў менавіта лёс дзяржаўнасці беларускай мовы. Гаварылі пра ўяўнае двухмоўе, раўнапраўе, але заканадаўчае раўнапраўе пры дзвюх мовах было б тады, калі б яны былі спалучаны злучнікам «і» — гэта значыць, кожны чыноўнік абавязаны валодаць і выкарыстоўваць і рускую, і беларускую пароўну. Гэта значыць, базы звестак грамадзян і афіцыйныя дакументы на нерухомасць павінны выдавацца не «або», а «і», гэта значыць, і на беларускай, і на рускай, гэта значыць, што ўсе экзамены павінны быць і на беларускай, і на рускай. Але ж такога няма. У варунках, калі беларуская мова не мае функцыянальна раўнапраўнага статусу, калі з беларускай мовай не звязваюцца жыццёвыя перспектывы чалавека, не звязваецца кар’ера ў добрым сэнсе гэтага слова, зразумела, што ён выбірае тую мову, якая нейкую перспектыву абазначае».

Пра беларускую лацінку

ad919d13_9213_4673_81d2_817ebeb3ea85_w408_r0_s_logo.jpg

«Атака на лацінку ў Беларусі, няхай сабе і ў абліччы транслітарацыі — гэта не што іншае, як ідэальная сінхранізацыя моўнай палітыкі і цывілізацыйна-культурнай ідэнтычнасці вось гэтай будучай Беларусі з Расійскай Федэрацыяй. А што да саміх параграфаў, ці пунктаў, паводле якіх вымагаецца, патрабуецца скасаваць транслітарацыю на аснове лацінкі з нашай прасторы, то я думаю, тут у першую чаргу таксама ёсць ідэалагічная матывацыя — гэта дэвестэрнізацыя, гэта абмежаванне, адсячэнне Беларусі ад агульнаеўрапейскай культурна-цывілізацыйнай прасторы. У тым ліку ад свету лацінскай мовы як мовы міжнароднай навукі, міжнароднай тэрміналогіі, мовы культуратворчасці яшчэ з часоў супольнага еўрапейскага сярэднявечча», — падкрэсліў Вінцук Вячорка падчас інтэрв'ю «Радыё Свабода».