«Такія людзі ў іншых краінах на вагу золата». У Мінску судзяць паэта і музыку Мікіту Найдзёнава

Вайцюшкевіч піша песні на ягоныя вершы, а рэжым судзіць па «народным» артыкуле. Расказваем, чым вядомы Мікіта Найдзёнаў. 

Мікіта Найдзёнаў. Фота з асабістай старонкі ў Instagram

Мікіта Найдзёнаў. Фота з асабістай старонкі ў Instagram

Паэт кахання

Мікіта нарадзіўся ў Пінску 14 ліпеня 1990-га года. «Сёння маё любімае месца ў Пінску – дом маіх бацькоў. Бо гэта такая мая крэпасць, куды я прыяжджаю, каб напітацца энергіяй», — казаў Мікіта. «У Пінску я напісаў першыя свае вершы. Першыя вершы наогул былі дзесьці ў гадоў 6, але і першыя юначыя вершы былі напісаныя там. Гэта былі і вершыкі пра каханне, пра горад, дарэчы, мясцовая газета іх друкавала».

Мікіта з роднымі ў Пінску. Фота з асабістай старонкі ў Instagram

Мікіта з роднымі ў Пінску. Фота з асабістай старонкі ў Instagram

З вершам, прысвечаным сваёй першай каханай, 16-гадовы Мікіта перамог у конкурсе, што праходзіў у рамках «Дзён беларускай і шведскай паэзіі», — і адправіўся ў шведскае падарожжа.

З той пары тэма кахання стала цэнтральнай у творчасці не толькі паэта, але і музыкі. «Мая музыка — гэта разважанні закаханага чалавека», — прызнаваўся Мікіта.

Паэт Мікіта Найдзёнаў публікаваў свае творы ў часопісе «Маладосць», «Дзеяслоў», газеце «Літаратура і мастацтва». 9 лютага 2015 года 24-гадовы маладзён атрымаў прэмію «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют» за вершы ў часопісе «Дзеяслоў».

Ты босая і лёгкая

І нейкая далёкая

Глядзіш не «на», а «паўз».

У рэдкім рытме паўз.

Ў паветры нешта лётае,

А ты такая лёгкая,

Што прыпыняеш час,

Як танчыш гэты джаз,

Свой джаз-мадэрн паўторна,

Ў чацверы і аўторкі.

А побач людзі лётаюць,

Як на фуршэце лёкаі.

А ў вачах і музыка,

А ў вачах і рызыка,

А гузакі як гузікі.

Тут непатрэбна фізіка.

А дома ў інтэрнаце

На цёртым ламінаце,

Як на вялікай сцэне

Ты зноў у джаз-мадэрне.

У 2016 годзе свет пабачыў дэбютны зборнік Мікіты Найдзёнава «Развітанцы», у які ўвайшлі больш за 6 дзясяткаў вершаў.

«У інтымна-эратычнай балансіроўцы Найдзёнаву дапамагае эзопава мова, замоўчванні, алюзіі і метафары, дзякуючы чаму рызыкоўная тэма вуалюецца і не падаецца наўпростава-пляската», — пісала ў анонсе да зборніка прэс-служба Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Вокладкай да зборніка стала буцінанка, зробленая вядомай беларускай мастачкай Надзеяй Букай. Буцінанка мае назву «Не губляйце галавы».

Заснаваў гурт HURMA – «не рокавы, не этна, не эстрадны, але модны»

«З васьмі гадоў я слухаў «Сектор Газа», ведаў усе песні на памяць, — казаў Мікіта ў адным з інтэрв’ю. — Матуля не вытрымала і прапанавала аддаць мяне ў музычную школу. Яна бачыла мяне піяністам, але я ўпарта сказаў: «Толькі на гітару!» З 16 гадоў пачаў пісаць песні. З таго часу музыка мяне не адпускае».

Тады ж у Пінск прыехалі вядомыя беларускія паэты – Уладзімір Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк, Віктар Жыбуль, музыка Зміцер Вайцюшкевіч. Як прызнаецца Мікіта, яны і заранілі ў ім першае зерне беларускасці. Верагодна, так працуе пераемнасць пакаленняў.

Мікіта Найдзёнаў часоў HURMA. Фота з сацсетак

Мікіта Найдзёнаў часоў HURMA. Фота з сацсетак

У 2012-м Мікіта Найдзёнаў заснаваў беларускамоўны гурт HURMA. Яго музыку называюць «лёгкі гарадскі рок», альбо «інтэлігентны рок». Актыўны перыяд творчасці гурта займае 4 гады, з 2012 па 2016. За гэты час гурт выпусціў альбом, а таксама з дзясятак сінглаў, некалькі кліпаў.

«Мы былі адной з першых груп, якія спрабавалі рабіць на беларускай нешта не рокавае, не этна, пры гэтым не эстраднае, але моднае», — казаў Мікіта і дадаваў: «Мне хацелася, каб HURMA была модным гуртом. Хацелася рабіць не олдавы і пратэсны рок а-ля "N.R.M.", а нешта такое для дзяўчынак».

HURMA сапраўды стала тым гуртом, якога не хапала на беларускай сцэне – і захапіла сэрцы сваіх магчыма не надта шматлікіх, але адданых слухачоў пранікнёнымі, рамантычнымі, кранальнымі творамі па-беларуску.

У 2013 годзе гурт Мікіты Найдзёнава перамог на «Песні году», якую ладзіла «Агульнанацыянальнае тэлебачанне», у намінацыі «Беларускамоўны хіт». У тым жа годзе гурт HURMA стаў пераможцам 1-га туру незалежнага відэачарту «Тузіна гітоў». Гэта безумоўна сведчыць пра тое, што HURMA і персанальна Мікіта здолелі аб’яднаць сваёй творчасцю вельмі розных людзей.

Найдзёнаў быў салістам гурту, пры гэтым прызнаваўся: «Стаўлюся да сваіх вакальных даных іранічна. Але голас паважаю: часам раблю для яго напоі з імбіру і не ем марозіва, хоць вельмі яго люблю».

Крыніца: HURMA GURT [ youtube ]

Палівам для песень гурта HURMA сталі перыяды, калі саліст быў закаханым.

«У гэты час усё вакол натхняе, — казаў Мікіта. — І не істотна: адрынулі мяне ці, наадварот, адказалі ўзаемнасцю. 

Ніколі не займаюся самаразбурэннем. Вакуум і пустэчу ўнутры трэба запаўняць карыснымі справамі. Станавіцца лепей. Па жыцці ўсё павінна ісці на ўздым. Мне падабаецца ў людзях імкненне да развіцця, жаданне не толькі зарабляць грошы, але і рабіць штосьці важнае. Апантанасць у творчай справе вельмі падкупае!»

Адной з нешматлікіх песень не пра каханне стаў адзін з лепшых твораў гурта – «Люк, я твой тата».

– Гэта мая асабістая гісторыя. Так атрымалася, што я гадаваўся без бацькі. І толькі цяпер я знайшоў словы, каб расказаць пра тое, што адчуваў.

Крыніца: HURMA GURT [ youtube ]

Беларусізаваў беларускую эстраду

Пра свой шлях да беларускай мовы Мікіта казаў так: 

«Пералом адбыўся ў 19 гадоў. Я адкрыў для сябе сапраўдны космас! І гэта была беларуская літаратура! З тых часоў стаў пісаць на роднай мове. Слухаць нашы песні. Хоць і пратэставала сэрца: бацька ў мяне рускі. Давялося прызвычаіцца да вершаванай «амбідэкстрыі» — пісаць адначасова на дзвюх мовах. Хаця ўсё гэта не істотна. Галоўнае — тое, што ты хочаш выказаць!»

З дапамогай тэкстаў Найдзёнава ўпершыню па-беларуску загучалі музыкі Юзары, Аляксей Грос, гурты «Litesound», «Nuteki», «IOWA» і шмат хто яшчэ.

Крыніца: UZARI [ youtube ]

Пераклаў на беларускую безліч сусветнавядомых хітоў

Мікіта Найдзёнаў – сапраўдны бітламан, фанат Пола Макартні. На беларускую мову ён пераклаў дзясяткі песень Beatles.

Пераклад хіта Эраса Рамацоці «Più Che Puoi» у выкананні Мікіты Найдзёнава, Вольгі Сацюк і Дзмітрыя Нікановіча стаў пераможцам конкурсу «Засьпявай 3.0» у намінацыі «Замежны пераклад».

Яшчэ адной знакавай творчай падзеяй стала выкананне гуртом Navi песні «1944» у беларускім перакладзе Найдзёнава. З гэтай песняй украінская спявачка Джамала перамагла на Еўрабачанні ў 2014-м.

Але, напэўна, найбольш вядомым Мікітавым перакладам стала песня «Шалі» ў выкананні Ганны Шаркуновай і Зміцера Вайцюшкевіча (кавер на песню Ледзі Гагі і Брэдлі Купера «Shаllоw»). Гэты нечаканы і дзівосны дуэт, які паўстаў дзякуючы Найдзёнаву – сапраўдная асалода і падарунак для беларускіх слухачоў.

Крыніца: Anna Sharkunova [ youtube ]

Напісаў песню, якая павінна была гучаць на «Еўрабачанні»

У 2020-м годзе Мікіта Найдзёнаў стаў аўтарам тэксту песні «Da Vidna» гурта «Val». Гурт стаў пераможцам конкурсу «Песня для Еўрабачання». Тэкст Мікіты павінны быў гучаць на сцэне галоўнага песеннага конкурсу ў Нідэрландах, але ж спаборніцтва было перанесенае праз каронавірус. А потым Белтэлерадыёкампанію выключылі з Еўрапейскага вяшчальнага саюзу – такім чынам пры дзеючай уладзе наша краіна не мае магчымасці ўдзельнічаць у Еўрабачанні.

Крыніца: Eurovision Song Contest [ youtube ]

Зміцер Вайцюшкевіч напісаў песню на верш Мікіты Найдзёнава

Найдзёнаў называў Вайцюшкевіча ў шэрагу сваіх куміраў, казаў, што не прапускае ніводнага ягонага рэліза. А потым музыкі аб’ядналіся і стварылі шэраг шэдэўраў. У 2020 годзе Зміцер Вайцюшкевіч выпусціў кліп на песню «Неверагоднасць» на верш Мікіты — у гэтым бездакорным творы сышлося ўсё.

Крыніца: symbal.by [ youtube ]

Сустрэў 33-ці дзень народзінаў за кратамі

Мікіту Найдзёнава затрымалі 25 сакавіка 2023 года. Як паведамляюць праваабаронцы, папярэдне яму інкрымінаваны «народны» арт. 342 КК — за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах. 12 ліпеня Мікіта сустрэў 33-годдзе за кратамі.

— Спадзяюся, Мікіта выйдзе як мага хутчэй. Бо ні за што абсалютна затрымалі творчага чалавека, які ледзь не штодня робіць унёсак у беларускую культуру, — кажа Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай Рады культуры. 

— Спадзяюся, і надалей ён будзе радаваць нас сваімі яркімі праектамі, песнямі, перакладамі, вершамі. Такія людзі ў іншых краінах, вядома, на вагу золата – яны багатыя, прызнаныя, паспяховыя, іх любяць, шануюць. Але ж у нашай сітуацыі чым больш ты робіш, чым больш на сябе звяртаеш увагі, тым больш шансаў, што цябе пасадзяць у турму.