Ручнікі плылі… Да гісторыі адной песні

Песню «Ручнікі» Веры Вярбы і Міколы Пятрэнкі справядліва называлі і называюць народнай. Маўленне народа — у аўры нашай існасці. Таму мы ўсе — духоўнае перастварэнне продкаў. Хто з нас вычуйвае іх дыханне, той і надалей будзе спадкаемцам нацыянальнай ідэнтычнасці.

Вера Вярба і Яраслаў Еўдакімаў, 2004 г. Фота С. Панізьніка

Вера Вярба і Яраслаў Еўдакімаў, 2004 г. Фота С. Панізьніка



Запомніліся мне ўрокі спеваў у чацвёртым класе пачатковай школы ў вёсцы Латышы Мёрскага раёна. Рэпертуар быў такі: «Броня крепка и танки наши быстры», «Дуня-тонкопряха»… У калгасе імя Чапаева павінны былі спяваць пра Чапая: «Гулял по Уралу Чапаев-герой». Першы радок я вывеў нармальна. А вось наступны захрас у горле: «Онсоколомрвалсясполкаминабой…». Папрасіць настаўніцу патлумачыць такую скорагаворку пабаяўся, бо яна паспела паздзеквацца з майго вымаўлення слова «пряха».
Выручыла бабуля Альжбета. Калі яна пачала: «Ды не кукуй жа, зязюленька, рана, я й, маладзенька, усю ночку не спала…», я зразумеў, што песня жыве толькі галоснымі гукамі.
А як іх трэба вымаць са сваіх грудзей і ўкладаць у вершы, падказаў мне, пачаткоўцу, Аляксей Пысін. Калі я вучыўся ў Магілёве на фельчара, хадзіў да Аляксея Васільевіча на заняткі ў літаб’яднанне пры газеце «Магілёўская праўда». У 60-я гады некаторыя паэты любілі пад назвы сваіх твораў ставіць пазначку: «З народнага». А я на чарговых канікулах у суседняй з маімі роднымі Бабышкамі вёсцы Латышы запісаў ад цёці Ядзі (Ядзвігі Антонаўны Сялюн, 1922 года нараджэння) шэсць народных песняў. Адна з іх пачыналася так: «У суботу Янка ехаў ля ракі». Вядома ж, я гэты фальклорны твор «апрацаваў»...
На чарговым паседжанні літаб’яднання Аляксей Васільевіч агледзеў маё чыстапісанне і далікатна папрасіў: «Пакажы сваё…»

Мільгалі месяцы вучобы. Аднаго разу пасля канікулаў настаўнік, убачыўшы мяне, уголас пажартаваў: «Ну, Сяргей! Пра твае ручнікі радыё спявала!»


Пазней я даведаўся, што песня «Ручнікі», якую стварылі Вера Вярба і Мікола Пятрэнка, упершыню прагучала ў 1962 годзе ў Лёзна, калі там праходзіла раённая дэкада беларускага мастацтва. Потым песня займела поспех у вобласці і адразу ж загучала на рэспубліканскім радыё.
Заціх я са сваім «прынародным»…
У некаторых публікацыях аўтарам тэксту песні называецца Г. Сакалова, гэта значыць — Гертруда Пятроўна Сакалова (у дзявоцтве Маркава). Вера Вярба з’явілася ў 1962 годзе, калі ў 20-гадовай паэтэсы пад тым псеўданімам выйшаў зборнік «Вочы вясны».
З летуценніцай з Талачынскага раёна, слаўнавядомай Верай Вярбой я ніколі не гаварыў пра мае фальклорныя запісы. А вось з кампазітарам, педагогам, заслужаным настаўнікам Беларусі, ганаровым грамадзянінам Полацка Міколам Пятрэнкам у мяне склаліся ўдалыя творчыя стасункі.

Аднаго разу я, наіўны чалавек, асцярожна запытаў у Міколы Макаравіча, ці даво­дзілася яму чуць раней мелодыю, агучаную ў «Ручніках»? «Не! — катэгарычна выгукнуў кампазітар. — З мяне яна выйшла».


А песню «Ручнікі» Веры Вярбы і Міколы Пятрэнкі справядліва называлі і называюць народнай. Маўленне народа — у аўры нашай існасці. Таму мы ўсе — духоўнае перастварэнне продкаў. Хто з нас вычуйвае іх дыханне, той і надалей будзе спадкаемцам нацыянальнай ідэнтычнасці.
…Міколы Пятрэнкі не стала ў 1997 годзе, а Веры Вярбы — у 2012-м. Помніцца вясёлая сустрэча з ёй у сакавіку 2004 года на юбілейным святкаванні дня нараджэння кнігазбораўскага тытана Кастуся Цвіркі. Уявіце бераг Скачальскага возера недалёка ад Зялёнай Дубровы Старадарожскага раёна, дзе супыніўся мой «гнеды» пад вярбой густой. Каля вогнішча бачу Эдуарда Зарыцкага, Анатоля Клышку, Уладзіміра Карызну, Алеся Ставера… Нехта з гасцей да рэчкі Пціч яшчэ не дакрыліў. І раптам чуецца лірычны ўсплёск. Гэта над прысеўшай на падсцілачку Верай Вярбой нахіліўся ні то Вадзянік, ні то Лясун. Аказваецца, упільнаваў у паэтычным настроі творцу яшчэ адзін Народны творца — Яраслаў Еўдакімаў. Назіраем, як далікатна, па-шляхецку вітаецца новы Каруза і цалуе пантопалік Веры Вярбы (на фота). Лірычны барытон Яраслава зліўся з узнёслым выгукам паэтэсы і з радаснымі воплескамі прыазёрнай сябрыны…