Іраіда Царук гадуе праўнукаў і піша ўспаміны

Іраіда Восіпаўна Царук — доктар гістарычных навук, прафесар, заслужаны работнік вышэйшай школы Беларусі, аўтар некалькіх кніг па гісторыі Беларусі. У гэтым годзе Іраідзе Восіпаўне споўнілася 85 гадоў. З гэтай нагоды, а яшчэ напярэдадні жаночага свята журналіст НЧ Сяргей Чыгрын вырашыў пагутарыць з гэтай цікавай і вельмі энергічнай жанчынай.



1_raida_caruk_u_maladosci.jpg

Іраіда Царук у маладосці

Іраіда Восіпаўна, давайце напачатку згадаем вашу родную вёску Гаркавічы і той час, калі вы з бацькамі там жылі.

 

— Бацькі мае былі простыя вясковыя сяляне, жылі ў Гаркавічах і мелі 1,5 гектара зямлі. І 1,5 гектара апрацоўвалі яшчэ брата бацькі, які жыў у Беластоку. Бацька Іосіф Рыгоравіч Прытыцкі нарадзіўся ў Гаркавічах. Маці Наталля Ігнацьеўна таксама родам з Гаркавічаў. Мой дзед — бацькаў бацька — пражыў ажно 105 гадоў. І што цікава, што ён памёр у полі, калі працаваў. Дзед Ігнат, мамін бацька, быў рэкрутам, адслужыў 25 гадоў. У руска-турэцкую вайну ён быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.

 

У бацькоў маіх было шмат дзяцей, але многія паўміралі. Выжылі толькі шасцёра. Я была самая малая. Таму на сённяшні дзень у жывых нікога не засталося. Адзін мой брат Аляксандр быў расстраляны немцамі ў 1942 годзе, і ён пахаваны ў Юраўлянах. Другі брат Віктар загінуў пад Смаленскам на фронце. Таксама ў 1942 годзе. Маці памерла ў Гаркавічах у 1937 годзе і пахавана ў Юраўлянах. І калі сястра ставіла ім помнік, то туды ўпісала і прозвішча Віктара Прытыцкага. Бо мы шмат гадоў не ведалі, дзе ён загінуў і дзе пахаваны. У 2007 годзе я была ў Гаркавічах і ў Юраўлянах на Беласточчыне, наведала іх магілы, нашых сваякоў і знаёмых.

 

— Сяргей Прытыцкі — гэта таксама ваш родны брат?

 

— Так. Ён быў старэйшы за мяне на 15 гадоў. 1 лютага споўнілася 100 гадоў з дня яго нараджэння. Але памёр Сяргей рана — ва ўзросце 58 гадоў. Сяргей быў дзяржаўным і палітычным дзеячам Беларусі. З 1968 года ён з’яўляўся старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і намеснікам старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Пра яго напісаны кнігі і нават зняты кінафільм «Чырвонае лісце» на кінастудыі «Беларусьфільм».

 

3_sjargej_pritick_.jpg

                   Сяргей Прытыцкі

 

— У Гаркавічах на Беласточчыне, здаецца, некалі быў музей Сяргея Прытыцкага. Ці ёсць ён цяпер?

 

— Такі музей у Гаркавічах сапраўды быў. Я нават прымала ўдзел у яго адкрыцці. Здаецца, гэта было ў 1973 годзе. Для музея я перадавала розныя матэрыялы і фотаздымкі брата. Але цяпер музея Прытыцкага там няма. Калі я наведала Гаркавічы, то пыталася ў вяскоўцаў: а дзе музей? «Даўно ўжо няма музея», — казалі мае землякі. Мне сказалі, што музейныя экспанаты забралі ў Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Беласток.

 

— З Гаркавічаў родам быў і Павел Валошын.

 

— Павел Валошын быў дзеячам нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Спачатку працаваў у Крынкаўскай паштова-тэлеграфнай канторы, а пасля Першай сусветнай вайны — у сельскай гаспадарцы. Быў адным з заснавальнікаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) і сябрам яе ЦК у 1926–1927 гадах. Восенню 1933 года быў арыштаваны органамі НКУС па сфабрыкаванай справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Расстраляны ў 1937 годзе. Павел Валошын сябраваў з маім старэйшым братам Аляксандрам. Валошын яго далучыў да палітыкі, да беларускіх справаў. Разам з Паўлам Аляксандр стварыў у Гаркавічах гурток ТБШ. А крыху пазней да іх далучыўся і Сяргей.

 

— Іраіда Восіпаўна, а як вы трапілі ў Мінск?

 

— Калі мой брат Сяргей быў намеснікам старшыні Беластоцкага аблвыканкама, ён мяне ў кастрычніку 1939 года з вёскі забраў у Беласток. Ён мне замяніў маму і вельмі турбаваўся пра мой лёс. А калі пачалася вайна, я з братам Віктарам хацелі вярнуцца з Беластока ў Гаркавічы, але нас не пусцілі, таму мы далучыліся да бежанцаў і заехалі ажно ў Саратаўскую вобласць Расіі. Там я апынулася ў дзіцячым доме ў Саратаўскай вобласці, а Віктар — у Саратаўскім рамесным вучылішчы. З вучылішча ён уцёк і пайшоў добраахвотнікам на фронт, дзе і загінуў пад Смаленскам. Брат Сяргей не ведаў, дзе я і дзе Віктар. Нас ён пастаянна шукаў. І аднойчы ўбачыў у спісках эвакуяваных. А калі знайшоў, прыехаў да нас на Саратаўшчыну. Пасля Сяргей зноў вярнуўся на Радзіму і пастаянна пісаў мне. Гэта былі вельмі цёплыя і шчырыя лісты, якія дапамагалі мне жыць і адначасова выхоўвалі мяне.

2_mac_bac_ka_sjargeja_pritickaga_copy.jpg

            Маці і бацька Сяргея Прытыцкага і Іраіды Царук

 

— А пасля вайны вярнуліся ў Мінск?

 

— Калі скончылася вайна, бацька ажаніўся другі раз і прыехаў з Гаркавічаў у Мінск, а пасля жыў у Клецкім раёне. Мяне Сяргей з Саратаўскай вобласці забраў у Маскву, дзе я паступіла ў рамеснае вучылішча. Скончыла яго і атрымала спецыяльнасць токара-фрэзероўшчыка. Але хутка захварэла на брушны тыф і прыехала да бацькі. Пасля вылечылася. Закончыла Нясвіжскае педвучылішча, і ў ліку 5% навучэнцаў-выдатнікаў была накіравана на вучобу на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, які скончыла ў 1953 годзе. Тут пазнаёмілася са сваім будучым мужам Аляксандрам Царуком, які таксама быў студэнтам гістарычнага факультэта.

 

Мой муж родам з Карэліцкага раёна. Кандыдат гістарычных навук. Працаваў намеснікам дэкана завочнага аддзялення Белдзяржуніверсітэта. Даследаваў у свой час пытанні гісторыі КПЗБ. А бацька мужа — Уладзімір Царук — быў адным з арганізатараў і кіраўніком падполля і партызанскага руху на тэрыторыі былой Баранавіцкай вобласці ў гады Другой сусветнай вайны, Герой Савецкага Саюза. У вёсцы Ярэмічы Карэліцкага раёна яму стаіць помнік. Дачка Наталля таксама гісторык, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, жыве ў Мінску, працуе на гістарычным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Як бачыце, уся мая радня сваё жыццё звязала з беларускай гісторыяй.

 

— Але найбольш яркая асоба ў нашай гістарычнай навуцы — гэта вы. Раскажыце пра сваю працоўную і творчую дзейнасць.

 

— Пасля таго, як скончыла гістарычны факультэт БДУ, я ў 1957 годзе закончыла яшчэ аспірантуру. У 1965 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю, а ў 1976 — доктарскую. Кандыдацкая і доктарская дысертацыі былі прысвечаны даследаванням эканомікі, гісторыі і культуры Заходняй Беларусі. У 1973 годзе я была выбрана на пасаду дэкана гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. На гэтай пасадзе адпрацавала ажно да верасня 1986 года.

 

— Ці лёгка было жанчыне ў той час узначальваць гістарычны факультэт лепшай навучальнай установы Беларусі?

 

— Я ўзначальвала факультэт 13 гадоў. Час той быў нялёгкі, але цікавы. Мы шмат праводзілі навуковых канферэнцый, сустрэч, спартыўных спаборніцтваў, культмасавых мерапрыемстваў і г. д. Я наладжвала сувязі паміж сваім факультэтам і гістарычнымі факультэтамі прыбалтыйскіх вышэйшых навучальных устаноў, расійскіх, украінскіх, узбекскіх і іншых. Мы часта сустракаліся, абменьваліся педагагічным і навуковым вопытамі. Гэта было карысным для нас і для ўсіх гісторыкаў. Памятаю, сустрэліся ў Новасібірску з дэканам гістфаку мясцовага ўніверсітэта Маламётавым, які быў беларусам. Наогул, у Новасібірскай вобласці Расіі шмат жыве і тады жыло беларусаў, продкі якіх былі сасланыя яшчэ ў 1863–1964 гады. Маламётаў прыязджаў да нас на Беларусь і знайшоў сваіх продкаў тут, даведаўся, дзе жылі і дзе пахаваныя. Гэта было цікава як з боку знаёмстваў, так і з навуковага боку. А цяжка было працаваць таму, што факультэт наш быў даволі вялікі: сюды ўваходзілі аддзяленні гісторыі, філасофіі, палітэканоміі, навуковага камунізму, гісторыя КПСС. Было пяць накірункаў працы. І за ўсім трэба было сачыць, наладжваць вучэбны працэс, бо студэнтаў было на факультэце каля 2 тысяч, а выкладчыкаў — больш за 100. І ніякіх не было сварак, непрыемнасцей, зайздрасці. Усе дружна працавалі і вучыліся.

 

— Пасля таго, як вы пакінулі пасаду дэкана, кім працавалі?

 

— Пасля ўзначальвала кафедру гісторыі Беларусі да 1991 года. Маю шмат публікацый і кніг на гістарычную тэматыку. Падрыхтавала 30 кандыдатаў і 6 дактароў навук. Цяпер на пенсіі.

 

— А чым займаецеся на пенсіі?

 

— Выхаваннем праўнукаў. А яшчэ, скажу па сакрэту, пішу ўспаміны. Сёе-тое ўжо выдала. Але ўспаміны даюцца даволі цяжка. Таму што не ўсё памятаецца, згадваецца. Хачу таксама скласці генеалагічная дрэва Прытыцкіх. Патрэбны мне запісы з Юраўлянскай царквы. Толькі вось не ведаю, дзе іх шукаць: ці ў Гародні, ці ў Беластоку. Але гэта толькі планы. Ці ажыццявяцца яны, цяжка сказаць, бо мне ўжо нямала гадоў.